Усесаюзны інспектар

…У жніўні мінулага года ён сустракаўся з былымі калегамі, успамінаў гады службы, людзей, з якімі працаваў, планаваў у кастрычніку прыехаць у Маларыту на свята горада. А ў верасні яго не стала…І цяпер пра надзейную апору сям’і, вернага спадарожніка жыцця, міліцыянера, які быў адданы да апошняга дня справе аховы правапарадку, Віталя Іванавіча Барышчыка могуць расказаць толькі тыя людзі, якія добра ведалі яго і, у першую чаргу, жонка — Таццяна Мікалаеўна, з якой сустракалася і размаўляла карэспандэнт рэдакцыі.
Міліцэйская біяграфія Віталя Іванавіча пачынаецца з 1974 года, калі пасля службы ў арміі ён прыйшоў працаваць у асобны дывізіён міліцыі абласнога ўпраўлення ўнутраных спраў. Паралельна са службай па ахове правапарадку ён атрымліваў адукацыю ў Мінскай спецыяльнай сярэдняй школе міліцыі, а затым у вышэйшай школе міліцыі. З 1983 года Віталь Барышчык быў назначаны ўчастковым.
— У яго быў вялікі і няпросты ўчастак – раён Граеўкі. Але Віталь проста “га­рэў” сваёй справай. У пяць гадзін ран­ку ён ужо спяшаўся ў свой апорны пункт, які быў прызнаны ўзорным, затым ішоў па дамах. І так штодня — з ранку да самай поўначы, — успамінае Таццяна Мікалаеўна.
Міліцыянера, якому ў 1986 годзе было прысвоена званне «Заслужаны ўчастковы інспектар міліцыі СССР», ведалі на яго ўчастку ў кожнай сям’і. Ён не чакаў, калі недзе ўзнікне праблема, ішоў у кожны дом, не лічыў лішнім і некалькі разоў на дзень наведаць неспрыяльную сям’ю, стараўся “дастукацца” да кожнага п’яніцы-дэбашыра. І на тэрыторыі ва ўчастковага, а затым старшага ўчастковага заўжды быў парадак.Напачатку 90-х гадоў лепшы ўсесаюзны інспектар быў назначаны намеснікам начальніка Ленінскага райаддзела міліцыі горада Брэста, начальнікам міліцыі грамадскай бяспекі і спецыяльнай міліцыі. А ў 1996 годзе яго накіравалі ў Маларыту, дзе ўзначаліў раённы аддзел унутраных спраў.

— Першае, з чаго пачаў Віталь работу ў Маларыце, гэта са знаёмства не толькі са сваім калектывам, але і з кіраўніцтвам усіх арганізацый і прадпрыемстваў. Ён заўжды лічыў, што міліцыянер павінен быць у курсе ўсіх падзей, і іншых вучыў не баяцца і не ленавацца зносіцца з людзьмі. Наколькі памятаю, напачатку службы ў Маларыце ён гаварыў, што працаваць у райаддзеле няпроста. Трэба было не толькі вырашаць праблемы злачыннасці, але і наводзіць дысцыпліну і парадак у калектыве, — расказвае Таццяна Мікалаеўна.
Тыя, хто працаваў у той час у райаддзеле, успамінаюць Віталя Барышчыка як патрабавальнага і справядлівага кіраўніка, які і сам цалкам аддаваўся справе, і патрабаваў гэтага ад іншых.
— Ён ацэньваў кожнага су­пра­цоўніка па выніках яго работы. Прафесіяналам лічыў таго, хто, як і ён, “жыў” сваёй справай. У каго нешта не атрымлівалася, стараўся падцягнуць, навучыць, свой вопыт перадаваў участковым інспектарам. Разам з аператыўнай групай выязджаў на выклікі і не сядзеў у машыне, а з іншымі супрацоўнікамі ішоў у дом. Здаралася нават так, што трапляў пад гарачую руку сямейнага скан­даліста. Аднойчы дэбашыр кінуўся на яго з нажом, — успамінае Таццяна Барышчык.
Яна пра кожны дзень службовай дзейнасці мужа ведала не па расказах, бо і сама працавала ў райаддзеле спачатку старшым інспектарам аддзялення па рабоце са зваротамі грамадзян, а затым старшым інспектарам групы кадраў.
…Разам з Таццянай Мікалаеўнай гартаем сямейныя фотаальбомы. Тут усё жыццё сям’і Барышчыкаў – ад вясельных фотаздымкаў да фотакадраў з любімымі ўнукамі. На многіх здымках з сямейнага фотаархіва адлюстраваны службовыя будні, яшчэ больш асабістых – з дзецьмі, сябрамі, сваякамі. Яны – пацвярджэнне таму, што Віталь Іванавіч быў адданы не толькі рабоце, але і сям’і.
— Маларыцкія калегі запомнілі, як Віталь прапанаваў супрацоўнікам аддзела прафесійнае свята адзначыць калектывам разам з іх другімі палавінкамі. Усе прыйшлі на свята з жонкамі. І гэта было новым і прыемным. Ён заўжды лічыў, што сям’я – гэта вельмі важна, — выціраючы слёзы, успамінае Таццяна Мікалаеўна.
Пасля пяці гадоў службы ў Маларыце Віталь Барышчык зноў вярнуўся ў Брэст, быў назначаны намеснікам начальніка аддзела ўнутраных спраў Маскоўскага раёна, а затым намеснікам начальніка аддзела прафілактыкі – начальнікам аддзялення арганізацыі работы ўчастковых інспектараў ўпраўлення ўнутраных спраў. За час службы ў праваахоўных органах, а гэта без трох дзён 30 гадоў, 10 з якіх ён быў участковым інспектарам, Віталь Іванавіч быў узнагароджаны медалём “За выдатную службу па ахове грамадскага парадку”, знакам МУС “За выдатную службу”. На заслужаны адпачынак ён выйшаў у званні падпалкоўніка і яшчэ доўга заставаўся ў страі – быў намеснікам старшыні ветэранскай арганізацыі аддзела ўнутраных спраў Ленінскага раёна г. Брэста.
— Пакуль служыў, не было яму калі думаць пра сваё здароўе і прыслухоўвацца да таго, што непакоіць. Ды і хваробы, напэўна, не маглі да яго падступіцца. Хварэць пачаў ужо, калі пайшоў на адпачынак, — уздыхае Таццяна Мікалаеўна.
Невычарпальнай жыццёвай энер­гіі Віталя Барышчыка хапала на ўсіх. Яго цікавілі людзі, іх справы. Калі такі чалавек памірае, у сэрцах усіх, хто яго ведаў, з’яўляецца пустата. Праўда, яе запаўняе светлая памяць.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: Таццяна Барышчык часта гартае сямейны альбом.
Фота Сяргея ГЕЦА і Святланы МАКСІМУК.

Опубликовано ГЧ № 14 от 18.02.17 г.

 

Добавить комментарий


kompozit.ua

diploma-home.com/visshee-diplom-o-nepolnom-obrazovanii.html

oncesearch.com/category/bi_sexual
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!