Быць байцом па жыцці

Што адрознівае сапраўднага мужчыну? Характар байца, дысцыпліна, рашучасць, імкненне дасягаць сваёй мэты, не зважаючы на перашкоды.   Так лічыць старшыня грамадскага аб’яднання “Клуб дапрызыўнай падрыхтоўкі” Максім Фадзееў. На сваім прыкладзе ён ведае, што жыццё не заўсёды бывае лёгкім, справядлівым. Мужчына ж, на яго думку,  павінен быць гатовым да цяжкасцей, тады зможа іх прайсці і не надламіцца.­

Нягледзячы на тое, што афіцыйна клуб дапрызыўнай падрыхтоўкі пачаў дзей­нічаць толькі ў маі мінулага года, Максім Фадзееў яшчэ і раней быў ініцыятарам ваенна-патрыятычных мерапрыемстваў у нашым раёне. Ім рухала жаданне адрадзіць патрыятычнае выхаванне моладзі не толькі ў лозунгах, але і на справе, аб’яднаць намаганні ваенізаваных стуктур, каб у комплексе выхоўваць у моладзі інтарэс да армейскай службы, фізічнага самаразвіцця, здаровага ладу жыцця. Таму ў цесным супрацоўніцтве з раённым аддзелам адукацыі, спорту і турызму ён выступаў арганізатарам экскурсій у ваенныя падраздзяленні, спаборніцтваў па практычнай стральбе, ладзіў зімовыя ваенна-патрыятычныя палявыя выхады, вучэбна-палявыя зборы, марш-кідкі. Дзеці атрымалі магчымасць сваімі вачамі пабачыць, як затрымліваюць злачынцаў на мяжы, паказальныя выступленні атрада міліцыі асобага прызначэння абласнога ўпраўлення ўнутраных спраў, супрацоўнікаў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях і многае іншае.
— Уражанні дзяцей, іх цікаўнасць да справы ваенных, удзячнасць за атрыманыя эмоцыі, смачную салдацкую кашу, якую для іх мы гатавалі, пераканалі, што я на правільным шляху. Але, каб выхаваць сапраўдных патрыётаў, моцных целам і духам мужчын, якія ў свой час будуць гатовы да армейскай службы, трэба сур’ёзна падыходзіць не толькі да фізічнага выхавання, але і развіваць асобу, выхоўваць высокі ўзровень матывацыі да самаразвіцця, самаўдасканалення.
На думку Максіма, юнакам розных узростаў клуб дапрызыўнай падрыхтоўкі павінен у комплексе дапамагчы рэалізаваць і зацвердзіць сябе, дастойна прайсці ўрокі мужнасці, авалодаць прыёмамі вольнай барацьбы, ведамі і практычнымі навыкамі стральбы, агнявой і страявой падрыхтоўкі. Максім Фадзееў лічыць, што толькі так загартоўваецца сталь мужчынскага характару.
— Ваенна-патрыятычнае выхаванне моладзі – вельмі важны аспект жыцця. Прычым, патрыятызм павінен праяўляцца не толькі ў веданні мовы, элементах вышыванкі на адзенні, а ўстойлівым імкненнем абараняць сваю Радзіму, свой дом. І гэтым патрэбна займацца мэтанакіравана, а не ад выпадку да выпад­ку, што і стала галоўнай задачай ГА “Клуб дапрызыўнай падрыхтоўкі”.
Падтрымалі Максіма ў пачынанні многія ваенізаваныя структу­ры. Брэсцкі атрад мі­ліцыі асобага прызначэння, напрыклад, узяў шэфства над клубам. На яго базе прахо­дзяць заняткі па практычнай стральбе і рукапашнаму бою, зборцы і разборцы аўтамата Калашнікава. Нашых юнакоў запрашаюць на спаборніцтвы і многія іншыя цікавыя для дапрызыўнай моладзі мерапрыемствы. Напрыклад, на апошніх спаборніцтвах па практычнай стральбе каманда, у якую ўвайшлі хлопцы са старэйшай групы клуба дапрызыўнай падрыхтоўкі, стала пераможцай, абышоўшы брэсцкіх школьнікаў. Дапамагае ў рабоце клуба і 38-ая дэсантна-штурмавая брыгада. Матэрыяльна-тэхнічнай базай у навучальным працэсе дзеляцца раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях, ад­дзел па­гранічнай служ­бы “Маларыта”.

— Максім, за­няткі ў клубе да­­прызыўнай пад­рыхтоўкі, на­пэўна, можна наз­ваць школай муж­насці? – пытаюся ў старшы­ні грамадскага аб’яд­нання.
— Думаю, лепш сказаць не школай, а інстытутам, які ахоплівае са­мыя розныя аспекты жыцця мужчыны. Хо­чацца, каб юнакі былі ў добрай фізічнай форме, загартаваны маральна і псіхалагічна, “вы­кавалі” харак­тар. Іншымі сло­вамі, кардынальна змяніць іх лад жыцця, светаўспры­манне. Трэніроўкі ў адным з відаў спорту ніколі не даюць такога эфекту, на які можна раз­лічваць дзякуючы комплексу роз­­ных ваенна-патрыятычных мерапрыем­стваў. Каб дзеці жадалі быць мужнымі, моцнымі, валявымі, адказнымі, іх трэба акунуць у атмасферу, дзе гэтыя якасці стаяць на першым месцы.
Заняткі ў клубе праходзяць у дзвюх групах: малодшай і старэйшай. У першай — дзеці ад 6 да 12 гадоў. У гэтым узросце асабліва важная агульная фізічная падрыхтоўка. Другая група — для юнакоў ад 12 да 17 гадоў. У іх у клубе выхоўваюць такія якасці, як рашучасць і вынослівасць. А для гэтага добра падыходзяць кросы, мерапрыемствы па загартоўцы арганізма. Агульны комплекс заняткаў, якімі ахо­пліваюцца дзеці, шырокі. Акра­мя фізічнай падрыхтоўкі, у тым ліку з дапамогай трэніровак па вольнай барацьбе, юнакі асвойваюць агнявую, тактычную і медыцынскую падрыхтоўку, знаёмяцца з асновамі аўтаномнага выжывання, правіламі абыхо­джання са стралковай зброяй. Страявая падрыхтоўка дапамагае выпрацоўваць дысцыпліну, а загартоўка, у тым ліку і абліванне вадой — характар, умацоўвае імунітэт. Акрамя гэтага, дзеці ўдзельнічаюць у абласных патрыятычных мерапрыемствах, спа­борніцтвах.
— Гэтай зімой мы ўпершыню практыкавалі загартоўванне. Але нельга ўзяць і адразу заняцца, напрыклад, абліваннем. Да гэтага мы з юнакамі доўга рыхтаваліся. Спачатку бегалі кросы і абціраліся снегам, затым абліваліся вадой, а на Вадохрышча тыя, хто пажадаў, акуналіся ў ледзяную ваду.
На думку Максіма, у кожным чалавеку закладзены вялікія магчымасці, якімі многія з нас не карыстаюцца. Чалавек сам сабе ўнушае, што не можа справіцца з нейкай высокай планкай. Жыццёвы вопыт Максіма даказвае, што гэта не так. Заняткі спортам, жаданне перамагчы абставіны дапамаглі яму вярнуцца ў добрую форму, калі ўсе сцвярджалі, што ў яго гэта не атрымаецца. Сам прыклад трэнера, які захоплены сваёй справай, лепш за словы матывуе юнакоў на сама­раз­віц­цё.
Але дзейнасць ГА “Клуб дапрызыўнай падрыхтоўкі” не абмя­жоў­ваецца выключна за­няткамі ў гру­пах, сваёй патрыятычнай “фі­ласофіяй” Максім і далей будзе пра­цягваць дзя­­ліцца з ма­ладымі, ар­­га­­нізуючы для іх цікавыя мерапрыемствы, прыцягваючы да ўзае­мадзеяння аднадумцаў. Грамадскае аб’яд­нанне вядомае і сваімі дабра­чыннымі справамі па пад­трымцы лю­дзей, якім патрэбна дапамога, напрыклад, маладых інвалідаў з аддзялення дзённага зна­хо­джання тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслу­гоўвання насельніцтва. Гэты не менш важны накірунак старшыня ГА “Клуб дапры­зыўнай падрыхтоўкі” таксама абяцае развіваць.
Дар’я ПАЎЛЯНКОВА.
Фота з архіва “Клуба дапрызыўнай падрыхтоўкі”.

Опубликовано ГЧ № 15 от 22.02.17 г.

Добавить комментарий


https://topobzor.info

www.progressive.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!