Загадчык тэхнічнай “рэанімацыі”

Загадчык майстэрняў Уладзімір Гусла працуе ў ААТ “Арэхава” ўжо шосты год. Калі прыехаў у гаспадарку з дыпломам інжынера-механіка, гэты малады спецыяліст паказаў, што любіць і разумее тэхніку. Тэхнічны парк гаспадаркі вялікі – трактары, камбайны і іншыя агрэгаты, без якіх не абысціся ў полі і на фермах. Таму ва Уладзіміра і яго каманды шмат работы. Неабходна як мага больш аператыўна “рэанімаваць” тэхніку, каб не прыпыняўся “рухавік” палявых работ.
– Стараемся зрабіць так, каб тэхніка не прастойвала, хутка атрымлівала “новае жыццё”. Мая задача — арганізаваць і рабочы працэс, і людзей так, каб у мінімальныя тэрміны і з найменшымі стратамі вярнуць механізмы ў строй. Але пасада “загадчык” не азначае, што рамонтам я не займаюся. Мая спецыяльнасць напрамую звязана з тэхнікай, таму часта і сам выязджаю ў поле, калі, напрыклад, камбайн патрабуе хуткай дыягностыкі і рамонту.
Уладзімір расказвае, што тэх­ніка яго прыцягвала з дзяцінства. Таму, калі надышоў час вызначацца, куды паступаць, ён доўга не разважаў і выбраў прафесію тэхніка-механіка, якую атрымаў у Пружанскім каледжы. Пасля заканчэння яго малады спецыяліст вырашыў працягваць адукацыю і паступіў у Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках. Там будучы інжынер-механік сустрэў сваю жонку, якая, дарэчы, родам з Арэхава. Добрыя маладыя спецыялісты на сяле – на вагу золата, таму старшыня гаспадаркі прапанаваў Уладзіміру пачынаць працоўную дзейнасць на арэхаўскай зямлі. Маладой сям’і загадчыка майстэрняў і агранома-насеннявода гаспадарка выдзеліла ўтульны дом. Цяпер у ім жыве чатыры “я”. Нядаўна ва Уладзіміра і Настассі Гусла нарадзілася другое дзіця.
Дзякуючы ведам і вопыту, атрыманым у каледжы і ўні­версітэце, юнак добра ада­п­таваўся да прафесіі, хутка ўліўся ў калектыў. Асвоіцца ў спецыяльнасці на новым месцы дапамаглі галоўны інжынер Алег Курыловіч і папярэднік Уладзіміра — Іван Шаўльскі. Цяпер загадчык майстэрняў сам навучае новых работнікаў, дапамагае ім і парадай, і на справе.
Зіма для машыннага двара – сезон адносна ціхі ў параўнанні з тымі, калі на палях бурліць праца. У час жніва ці пасяўных работ, па словах спецыяліста, працоўны дзень не абмяжоўваецца агульнавызначанымі рамкамі. Каб працэс не прыпыняўся, даводзіцца працаваць і позна вечарам. Але і ў гэтыя зімнія дні перад работнікамі майстэрняў таксама стаіць важная задача — да пачатку вясны падрыхтаваць тэхніку да палявых работ. Калі з новай тэхнікай прасцей – яна яшчэ абслугоўваецца па гарантыі, дык да “сталых” трактароў патрэбны асаблівы падыход. Яны, зразумела, выходзяць са строю часцей.
Уладзімір Гусла не згодны з тымі, хто лічыць, быццам у вёсцы жыццё сумнае, аднастайнае. Яму падабаецца вясковы ўклад, хаця родам ён сам з горада Іванава. У вёсцы і дом свой, і ўчастак, і атмасфера іншая. Трымае маладая сям’я сваю гаспадарку. Ёсць у ёй свінні, куры і трусы. Яшчэ з дзяцінства, калі бываў у гасцях у бабуль і дзядуль у вёсцы, Уладзімір хацеў таксама жыць у сельскай мясцовасці. Таму дыскамфорту ён не адчувае, а за працоўнымі і сямейнымі клопатамі на сум часу і не застаецца.
Дар’я ПАЎЛЯНКОВА.
На здымку: загадчык майстэрняў ААТ “Арэхава” Уладзімір Гусла.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ № 15 от  22.02.17 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Загадчык тэхнічнай “рэанімацыі”: 3 комментария

  • 21.02.2017 в 11:17 пп
    Permalink

    Не Гусли. А правильно Гусла

  • 22.02.2017 в 8:37 дп
    Permalink

    Простите,Владимир, а где Вы увидели «Гусли»?

  • 22.02.2017 в 10:43 дп
    Permalink

    Я извиняюсь.

Добавить комментарий


https://ka4alka.com.ua

https://220km.com

topobzor.info