Моцныя па-рыцарску

Рыцарам заўсёды лічыўся той, хто моцны целам і духам, стаіць гарой за свае прынцыпы, шануе карані і гатовы абараняць сваю зямлю. Хоць мы жывем і не ў сярэдневякоўі, але ж і нам “рыцарскія традыцыі”  лішнімі не будуць. Штогод напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь у раёне праходзіць “Рыцарскі турнір”. Ён пераконвае, наколькі моцным, спрытным, мужным, трапным можа быць маладое пакаленне, калі яго выхоўваць правільна. Сёлета турнір прысвечаны яшчэ і 100-годдзю беларускай міліцыі. Арганізавалі яго раённы камітэт ГА “БРСМ”,  аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі,  аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, аддзел пагранічнай службы “Маларыта”, райаддзел унутраных спраў.

За кубак “Рыцарскага турніру” змагаліся дзевяць каманд. Гэта юнакі з першай і другой гарадскіх школ, раённай гімназіі, а таксама сельскія школьнікі з Хаціслаўскай, Макранскай, Збуражскай, Лукаўскай, Олтушскай і Гвозніцкай школ. Падтрымаць каманды ў час спаборніцтваў у СШ № 1 г. Маларыта прыйшлі намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Валянціна Жалнерык, першы сакратар РК ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” Аляксей Дзямінскі, прадстаўнікі аддзела пагранічнай службы “Маларыта”. Пагранічнікі, дарэчы, падрыхтавалі для юнакоў невялікую выставу ўзбраення, якое выкарыстоўваецца ў ахове дзяржаўнай граніцы. Але самае цікавае, безумоўна, чакала ўдзельнікаў і балельшчыкаў у спартыўнай зале. Добрую фізічную падрыхтоўку камандам давялося паказаць у пяці відах спаборніцтваў. Гэта падцягванне на перакладзіне, падыманне гіры (вагой 16 кілаграмаў), стральба з пнеўматычнай вінтоўкі, дартс, перацягванне каната. Капітанаў каманд чакаў яшчэ і інтэлектуальны конкурс. Адказаць правільна на тэарэтычныя пытанні па ваеннай тэматыцы і гісторыі беларускай міліцыі змаглі не ўсе. Лепш за іншых з гэтым заданнем справіўся вучань Збуражскай сярэдняй школы Валерый Кавалевіч.
Пераходны кубак “Рыцарскага турніру” сёлета заваявала каманда раённай гімназіі. Другое месца па суме балаў у Хаціслаўскай сярэдняй школы. Пералік прызёраў закрыла каманда першай гарадской школы. Каманды-лідары былі ўшанаваны граматамі і салодкімі падарункамі. Па традыцыі былі заахвочаны і лепшыя юнакі ў кожным з відаў спаборніцтва. У дартсе не было роўных Івану Альбіцкаму,больш за іншых змог узняць гіру Арцём Гаўрылюк. Абодва юнакі з гімназіі. Самым моцным у падцягванні на перакладзіне быў Юрый Лук’янчук з Хаціслаўскай школы. Юнакоў, якія паказалі сваю трапнасць у стральбе, узнагародзілі прадстаўнікі Кобрынска-Маларыцкай між­раённай арганізацыйнай структуры добраахвотнага таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту. Першае месца заняў Павел Асіпук з гімназіі, другое – Анатоль Сахарчук з СШ № 2. А трэці вынік паказаў Дзмітрый Саўчук з Хаціслаўскай СШ.
На здымку: у час спаборніцтваў.
Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 15 от 22.02.17 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.