ПРАГРАМЫ — КАНДЫДАЦКІЯ, РАШЭННЕ — НАША

Да прэзідэнцкіх выбараў, што называецца, — лічаныя дні. Усе прэтэндэнты на вышэйшы дзяржаўны пост абнародавалі свае перадвыбарчыя праграмы: абазначылі ацэнкі пройдзенага намі шляху за мінулыя гады, цяперашняга стану спраў у нашай дзяржаве, акрэслілі тыя пазіцыі, якія, на іх думку, варта і неабходна заняць нам, выбаршчыкам, 19 снежня г.г., каб рухацца далей. Асабіста мне, скажам шчыра, імпануе тая акалічнасць, што кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі аж 10! Так, па-першае, такога ў нас яшчэ не было! А па-другое, гэта ж якая магчымасць для кожнага з нас бліжэй пазнаёміцца з тымі грамадска-палітычнымі сіламі, якія праяўляюцца ў нашай краіне, з іх лідарамі, з іх бачаннем і ацэнкамі нашых праблем і шляхоў іх вырашэння.
Я далёкі ад думкі рабіць нейкія высновы па перадвыбарчых праграмах асабіста кожнага з кандыдатаў: і кампетэнтнасці такой малавата, ды і газетная плошча, як вядома, не бязмежная. І тым не менш. Людзі майго пакалення (і маладзейшыя крыху), пэўна, памятаюць тэзіс “Крытыка – рухавік прагрэсу”, які панаваў яшчэ адносна не так даўно. І мы згаджаліся з гэтым. Але ж усведамлялі і тое, што крытыка павінна быць аб’ектыўнай, грунтоўнай, прынцыповай, нязлобнай, без прыніжэння чалавечай годнасці. Ды і прапановы павінны быць. Канкрэтныя. Наконт таго, як выйсці з той ці іншай сітуацыі?
Што ж чуем мы з вуснаў апанентаў сённяшняга Прэзідэнта? І тое ў нас, маўляў, не так, і гэта ў нас – не гэтак, і ўсе гады яго кіраўніцтва краінай – не туды. Словам, адны толькі “агрэхі”. І дыктатура, маўляў, у нас, пенсійны фонд і галасы выбаршчыкаў раскрадаюць!.. Буду шчырым: мне таксама дзесьці-штосьці ў нас яшчэ не “па душы”. Перафразуючы вядомую прымаўку, зазначу: “дабрабыту многа не бывае”. Але гэта не азначае, што можна зняважліва адносіцца наогул да ўсяго, што зроблена, пераходзіць да зняважлівага і некарэктнага тону. Але даруйце, людцы добрыя! Хіба ж можам мы запамятаваць, у якім стане была гаспадарка краіны 17 гадоў таму назад? Як не працавалі прадпрыемствы? Як у калгасах трэба было сеяць, а не было паліва, удабрэнняў (мінеральных!), а дзе-нідзе нават свайго насення. Як трэба было ўбіраць ураджай, а не было камбайнаў і не хапала сушылак. Як зарплату і тыя ж пенсіі мы чакалі месяцамі. Як рабавалі людзей на беларускіх дарогах і якімі самі былі тыя ж дарогі… Як “днём з агнём” нельга было знайсці ў продажы мяшэчак цэменту ці сотню-другую лістоў шыферу… Але, мабыць, досыць. Вельмі ўжо доўгі спіс будзе, калі пералічваць усе тыя цяжкасці і нягоды, якія давялося перажыць “дыктатару” і “апошняму абаронцу сацыялізму ў Еўропе” Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку, усім нам.
Але, нягледзячы на ўсе цяжкасці і выпрабаванні, дзяржава пакрысе, настой­ліва і мэтанакіравана рухалася сваім шляхам, рухалася наперад. І за адносна кароткі прамежак часу ў Беларусі навучыліся многаму. Гэта дзесяткі мадыфікацый беларускіх трактараў, свае, даволі нядрэнныя, камбайны, кормаўборачная і землеапрацоўчая тэхніка, кар’ерныя магутныя аўта­самазвалы, аўтобусы і тралейбусы, ды многае, многае іншае. А якая ў нас свая дарожна-будаўнічая і наогул будаўнічая цяпер тэхніка. Беларусь сёння атрымлівае стабільныя ўраджаі сельгаскультур, нарошчвае вытворчасць жывёлагадоўля, прыведзены і прыводзяцца ў парадак сельскагаспадарчыя землі, дарогі, нашы гарады і вёскі. Вырашаецца адна з важнейшых праблем – харчовая. Няма праблем з айчыннымі будаўнічымі матэрыяламі. А ці трэба апісваць землякам-маларытчанам, колькі і якога будуецца ў нашым раёне жылля. Рэканструююцца і будуюцца новыя, аснашчаюцца навейшым абсталяваннем жывёлагадоўчыя фермы, школы і лячэбныя ўстановы, спартыўныя комплексы і стадыёны. Усё робіцца з разлікам на перспектыву, прыгожа, па-гаспадарску, практычна і з густам.
Расце міжнародны аўтарытэт Беларусі.
Мяняюцца да лепшага ўмовы працы і быту, усяго нашага ладу жыцця.
Адкуль жа гэта ўзялося? З неба “манкай” упала? Падараваў хтосьці, нас шкадуючы? Усё гэта – плён працы людской, працы ўсяго грамадства і кожнага грамадзяніна паасобку. І гэтую ісціну добра разумее сённяшні Прэзідэнт і заўсёды падкрэслівае яе перад народам.
На жаль, абяцанні “райскага жыцця”, якія прагучалі ў праграмах альтэрнатыўных кандыдатаў, за рэдкім выключэннем, не даюць мне, напрыклад, пэўнай канкрэтыкі, аб­грунтаванасці. Заклікі да новых рэформаў? Дык мы і так ужо ўдосталь “нарэфармаваліся”. І я ніяк не разумею, што дасць людзям стварэнне ў Беларусі 24-ох абласцей, ці трэба нам яшчэ 1 мільён рабочых месцаў, альбо замена рубля талерам і г.д.
Наша дзяржава, незалежная і вельмі яшчэ маладая, сёння ўпэўнена стаіць на нагах. А што не можа яна параўнацца пакуль з перадавымі па ўзроўню эканомікі і жыцця эканамічна развітымі краінамі, дык ці так ужо вінаваты ў гэтым ён, Аляксандр Лукашэнка?!…
Што ж тычыцца погляду на дэмакратыю, то скажу: я ніяк не разумею, гэта пра якую ж такую дэмакратыю вядуць размову некаторыя кандыдаты, калі заклікаюць сваіх пабочнікаў выйсці на плошчу г. Мінска ўжо у 20.00 19 снежня, каб адсвяткаваць(!) свае перамогі на выбарах. У 20.00 (!), калі толькі будуць ускрыты выбарчыя урны… Вось такая, з дазволу, трактоўка вялікага слова “дэмакратыя”. Што тут можна дадаць?
19 снежня мы прыйдзем на выбарчыя ўчасткі, атрымаем выбарчыя бюлетэні. У кожным з іх – 10 прозвішчаў. І ад таго, за каго кожны з нас аддасць свой голас, будзе залежаць не толькі наш заўтрашні дзень, але і будучае жыццё кожнай нашай вёсачкі, нашага такога прыгожага цяпер горада, нашай Беларусі, нашых дзяцей і ўнукаў, у рэшце рэшт.
Я не раблю ніякіх прагнозаў, ніякіх высноў, ніякіх прапаноў. Я проста канстатую відавочныя факты, тое, што бачу вакол сябе. Зрабіць жа такія высновы, прыняць адпаведнае рашэнне – справа розуму, справа поглядаў на жыццё, справа асэнсавання кожным сённяшняй рэчаіснасці. Праграмы – кандыдацкія, выбар – наш.
Сямён КАВЕНЬКА, маларытчанін, пенсіянер.

ПРАГРАМЫ — КАНДЫДАЦКІЯ, РАШЭННЕ — НАША: 1 комментарий

  • 12.12.2010 в 11:37 дп
    Permalink

    И сколько шифера и цемента можно купить на Вашу пенсию?Вам добавят 20 тыс перед выборами и вы в очередной раз ведётесь на это.Средняя зарплата 500 у.е.?Да такую сумму не видит масса людей даже в белорусских рублях!!!С каждым годом жизнь становится сложнее и это не только моё мнение,с каждой добавкой пенсий и зарплат растут цены, за которыми нам с нашими зарплатами не угнаться.И примеров таких море.И мне очень интересно,как во всей Малорите проводя опрос кого вы поддержите на выборах не нашли ни одного противника действующего президента?Или боимся это опубликовать так как закроют редакцию?Если не нашли,лучше поищите их очень много.Вот вам и свобода слова…..Я выбираю Андрея Санникова,вот так.

Добавить комментарий


www.best-cooler.reviews/best-cheap-cooler-affordable-ice-chest/

small cooler bags

www.make-up.kiev.ua/lamenirovanie-resnic.html
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!