“Чатыры сыночкі i лапачка-дочка”

Пад адным з віншаванняў у раённай газеце стаяў подпіс: “Жонка, чатыры сыночкі і лапачка-дочка”. Ад гэтых радкоў адразу павеяла сямейным цяплом і стала цікава, каму ж яны адрасаваны. Так упершыню я даведалася пра сям’ю Яльніцкіх з вёскі Арэхава. Другі раз пачула гэтае прозвішча, калі рыхтавала праект “Супердвор”  пра дбалых гаспадароў Арэхаўскага сельсавета. Лідзію і Аляксандра Яльніцкіх прапанавалі ў якасці адных з кандыдатаў для замалёўкі ў газеце. Тады даведалася, што сям’я не толькі вялікая і дружная, але і працавітая. Захацелася пазнаёміцца з ёй асабіста, але ўжо ў рамках новага праекта “Я — мама”.

…Ля дзярэй разам з Лідзіяй Міхайлаўнай, мнагадзетнай мамай, якая за выхаванне пяцярых дзяцей атрымала летась ад дзяржавы ганаровую ўзнагароду – ордэн маці, нас сустракалі трое ветлівых прыгожых дзетак – сямігадовы Віталь, шасцігадовы Станіслаў і трохгадовая Маша. Яны даўно выглядалі гасцей, таму яшчэ на парозе пачалі расказваць, як любяць маму і тату, што ў іх шмат цацак, а ў хляве ўчора з’явілася маленькая кароўка. Напэўна, яшчэ доўга наперабой дзеці дзяліліся б сямейнымі навінамі, але паслухмяна пад­­па­радкаваліся просьбе мамы даць магчымасць гасцям спачатку задаць свае пытанні.
23 гады. Такі ўзрост сям’і Яльніцкіх. Самаму старэйшаму з дзяцей, Арцёму, ужо 22 гады, самай маленькай, Машачцы – толькі тры. Сабраць разам усю вялікую сям’ю цяпер не толькі няпроста, але пакуль нават увогуле немагчыма. Студэнт Арцём на вучобе ў Горацкай акадэміі, сёлета ён атрымае дыплом і па накіраванні паедзе ў Камянецкі раён. Другі сын, Алег, цяпер салдат, вось ужо тры месяцы служыць у брыгадзе спецыяльнага прызначэння ў Мар’інай Горцы. Цяжка застаць дома і галаву сям’і – Аляксандра Фаміча. У добрага механізатара хапае спраў не толькі ў час сяўбы ці жніва, але і зімою. У дзень нашага візіту ён таксама быў на рабоце. А таму з мнагадзетнай сям’ёю, якая цалкам адпавядае сэнсу словазлучэння “сем “я”, знаёміліся з вуснаў мамы.
— Размоў пра тое, колькі будзе ў нас дзяцей, ніколі не было. Адзін за адным нарадзіліся старэйшыя хлопчыкі.Хацелася яшчэ дзяўчынку. Калі чакалі трэцяе дзіця, старэйшаму, Арцёму, было ўжо 14 гадоў. Тады чамусьці не сумняваліся, што будзе дачушка, а нарадзіўся яшчэ адзін сынок. Калі даведалася пра чацвёртую цяжарнасць, ужо прадчувала, што будзе яшчэ адзін хлопчык.
І Лідзія Міхайлаўна, і Аляксандр Фаміч самі выраслі ў мнага­дзетных сем’ях. Вялікая сям’я для іх, можна сказаць, свайго роду традыцыя. Але нараджэнне пятага дзіцяці, сваёй “лапачкі-дочкі”, Яльніцкія лічаць увогуле падарункам лёсу. І не выпадкова. Яшчэ адно дзіця бацькі не планавалі. Ды і не да таго было, у сям’і здарылася гора – памёр бацька Лідзіі. Калі сабраліся ўсе ў родным доме, яна з журбой прамовіла, што сям’я паменшылася, і як чалавек веруючы благаслаўляла пляменніц, каб нараджалі дзяцей, папаўнялі род. Прайшоў час, і тут сама даведалася, што чакае дзіця.
— Пятая цяжарнасць была для вас нечаканай, ды і сям’я ўжо вялікая, ці не з’яўлялася думка пазбавіцца ад дзіцяці? – хоць загадзя прадчуваю адказ, але ж задаю Лідзіі Міхайлаўне правакацыйнае пытанне.
— Ні хвіліны ніколі не думала аб тым, каб не нараджаць дзіця. Я б з такім цяжарам у душы не змагла жыць, — рашуча адказвае мая субяседніца.
Тое, што на свет з’явіцца яшчэ адно дзіця, парадавала ўсіх, асаб­ліва малодшых. Ці спадзяваліся ў сям’і, што будзе дзяўчынка? Як прызнаецца Лідзія Міхайлаўна, нават верыць баяліся.
— Мне ўжо на першым ультрагукавым абследаванні сказалі, што будзе дзяўчынка. Я выйшла з кабінета заклапочаная. Муж на калідоры сустракае і пытаецца: “Што, зноў хлопчык?” — “Не, – гавару яму, — сказалі, будзе дзяўчынка”.- “Дык чаму тады сур’ёзная такая?” – не сунімаўся ён. Кажу яму: “Сур’ёзная, бо думаю, што памыляюцца”.
Але ж у тое, што мара аб дзяўчынцы здзейснілася, давялося паверыць з першым крыкам дачушкі. Цяпер касічкі, банцікі, пышныя яркія сукенкі – усё тое, што выклікала захапленне, калі глядзела жанчына на іншых дзяўчынак, стала для яе рэальнасцю. Гарэзлівая, дапытлівая, гаварлівая Маша – радасць для ўсёй сям’і.
Як і ў любой мамы, у Лідзіі Міхайлаўны ёсць свае сакрэты выхавання. Хлопцаў, як прызнаецца, бацькі гадавалі і гадуюць у строгасці. А яшчэ дзеці з малых гадоў прывучаюцца да працы. Яны і ў двары памочнікі, і па гаспадарцы, а яна ў сям’і вялікая – дзве каровы, цяпер яшчэ і ця­ля, конь, свінні, паўсотні курачак, ды і ў лес па яга­ды летам з баць­камі хо­дзяць. Нямала работы і ў вялікім доме, які з дапамогай ільготнага крэдыту пабудавала сям’я. Прыбрацца ў пакоях – справа ўсіх. Знаходзіцца работа нават Машы.
На пытанне, ці ёсць у мнага­дзетнай мамы, якая яшчэ і працуе, час на сябе, Лідзія Міхайлаўна адказала проста:
— Дык час, які я праводжу з дзецьмі, ён і ёсць для мяне. Я з імі шчаслівая!
А яшчэ мнагадзетная мама заўважае, што было б цяжка спраўляцца з клопатамі, калі б не муж, Аляксандр.
— Тата ў нас вельмі добры і па характары, і ўвогуле. Я магу пасварыць дзяцей, а ён больш шкадуе. Да бацькі за парадай ідуць старэйшыя, а меншыя любяць з ім у шахматы пагуляць.
Для кожнай мамы поспехі дзяцей – радасць. З гонарам паказвае Лідзія Міхайлаўна першую грамату Віталіка, ён вучыцца пакуль на дзясяткі. Прыемна маме расказаць і пра тое, што старэйшы, Арцём, атрымлівае вышэйшую адукацыю адразу па дзвюх спецыяльнасцях, што Алег, набыўшы будаўнічую спецыяльнасць у прафліцэі, на тым не спыніўся, пайшоў яшчэ вучыцца ў каледж, атрымаў запатрабаваныя спе­цыяль­насці зваршчыка і плі­тач­ніка, уладка­ваўся працаваць і паралельна паступіў ва ўні­версітэт, каб набыць спе­цыяль­насць ін­­жы­­не­ра­бу­­­даўніка. Цяпер, калі Алег далёка ад дому вядома, вельмі сумуе па сям’і. Радкі з пісьма сы­на, якія, вы­ціраючы слязу, чытала Лідзія Міхайлаўна, не магла не за­пі­саць у блакнот:
“Я са­праў­ды вельмі шчас­лі­вы, што ў мяне такая вя­лі­кая сям’я. У многіх маіх саслу­жыў­цаў бацькі шлюб скасавалі, у іх сем’ях па ад­ным — двое дзяцей. А нас так многа. Прыемна адчуваць, што цябе дома чакаюць, любяць і сумуюць па табе. Цяпер я разумею, што ў нас проста ідэальная сям’я”.
Напэўна, гэтымі рад­камі ўсё сказана пра мацярынскае шчасце.
НА ЗДЫМКУ: шчас­лівая мама Любоў Яльніцкая з сынамі Ві­талем і Станіславам і дачушкай Машачкай.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ № 15 от 22.02.17 г.

Добавить комментарий


www.chemtest.com.ua

steroid-pharm.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!