Мая ціхая Радзіма

Калі чалавек пачынае разумець, што ён любіць свой родны край, ганарыцца ім? Напэўна, мала хто можа адказаць на гэтае пытанне дакладна. А ці патрэбна чалавеку дапамога ва ўсведамленні пачуцця любові да таго месца, дзе ён нарадзіўся, вырас, стаў на ногі, пазнаў таямніцы навакольнага свету? Безумоўна! І важная роля ў гэтым на сённяшні дзень належыць бібліятэцы.
— За апошнія гады многія з нас сталі праяўляць большую цікавасць да гісторыі, роднай літаратуры, адраджэння нацыянальных традыцый, — гаворыць Галіна Кучына, загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу Маларыцкай раённай бібліятэкі. — Каб захаваць памяць для былых пакаленняў пра мінулае населеных пунктаў раёна, гісторыю станаўлення і развіцця арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў, наш аддзел з 2001г. наладзіў выпуск кніг у серыі “Гістарычнае краязнаўства”. 18 прац ужо выдадзена і з імі можна пазнаёміцца ў чытальнай зале раённай бібліятэкі.
Нядаўна ў серыі “Гістарычнае краязнаўства” стала яшчэ на адну кнігу больш. “Мая ціхая Радзіма. З гісторыі вёскі Брадзяцін Маларыцкага раёна” – так называецца чарговае выданне. Матэрыялы ў ім сабраны Антанінай Лук’янаўнай Сіпчук, якая працавала бібліятэкарам Брадзяцінскай сельскай бібліятэкі з 1969 па 2008гг. А вось ідэя сабраць пра вёску усё, што магчыма, належыць Галіне Сцяпанаўне Пракапук, якая працавала бібліятэкарам гэтай жа бібліятэкі з 2008 па 2015гг. — да моманту яе закрыцця. Галіна Сцяпанаўна таксама з’яўляецца і рэдактарам гэтай кнігі.
“Мая ціхая Радзіма. З гісторыі вёскі Брадзяцін Маларыцкага раёна” – кніга не- вялікая па аб’ёме. Аднак на 42 старонках змяшчаюцца гістарычныя звесткі амаль за 130 гадоў існавання вёскі. Для тых, хто нарадзіўся і вырас у Брадзяціне, назаўжды застанецца ў памяці ўспамін пра гэтую ціхую, спакойную, з маляўнічымі мясцінамі вёску.
Антаніна Лук’янаўна, безумоўна, не прэтэндуе на ўсеабдымнасць і вычарпальнасць у сваёй кнізе. Яна перагортвае толькі некаторыя нядаўнія, блізкія ёй старонкі гісторыі роднай вёскі. Напісана кніга сакавітай беларускай мовай, таму і чытаецца лёгка, выклікае не толькі захапленне, але і прымушае думаць, аналізаваць, параўноўваць…
Выданне складаецца з дзвюх частак. У першай з іх размешчаны такія невялікія раздзелы, як “Гісторыя вёскі Брадзяцін”, “Сацыяльная структура”, “Культурнае жыццё”, “Народная адукацыя”, “Вёска Арлянка”. Побыт нашых продкаў”. Другая частка кнігі мае назву “Спадчына”. У ёй змешчаны вясельныя, жніўныя, калядныя, “простыя” песні, а таксама песні-вяснянкі, якія запісаны ад мясцовых жыхароў.
Кніга праілюстравана картай Маларытчыны і нешматлікімі фотаздымкамі з жыцця мінулых гадоў і сучаснасці в.Брадзяцін.
Кніга будзе карыснай і запатрабаванай для тых, хто цікавіцца пытаннямі краязнаўства.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: рэдактар кнігі “Мая ціхая Радзіма. З гісторыі вёскі Брадзяцін Маларыцкага раёна” Галіна ПРАКАПУК.
Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 17 от 1.03.17г .

Добавить комментарий


www.medicaments-24.net/viagra-sildenafil/viagra-50-mg/

代孕过程
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!