СУЗОР’Е ТАЛЕНТАЎ МАЛАРЫТЧЫНЫ

Гарадскі Дом культуры стаў эпіцэнтрам  раённага свята мастацкай творчасці і традыцыйнай культуры пад назвай “Сузор’е талентаў Маларытчыны”. З самага ранку  тут было шматлюдна. 

У фае была разгорнута выстава кулінарных вырабаў клубаў “Гаспадынька” Велікарыцкага, Лукаўскага, Гвозніцкага, Ляхавецкага, Замшанскага сельскіх Дамоў культуры, Ужоўскага Дома фальклору. Сталы стракацелі ад страў нацыянальнай кухні, што нагатавалі гаспадыні, паветра напаўняў пах свежавыпечаных грачанікаў і пірагоў, якія можна было пакаштаваць і атрымаць рэцэпт прыгатавання. На выставе-конкурсе сувеніраў “Берасцейскі падарунак” сваё майстэрства прадэманстравалі раённы Цэнтр народнай творчасці і яго майстры Валянціна Струнец і Святлана Луцык (ткацтва), Ала Назарук (саломапляценне), Людміла Сакалюк (вышыўка), школа народнай творчасці в.Хаціслаў і яго майстры Вольга Смаль (ткацтва), Наталля Кавальчук (спіральнае саломапляценне), Галіна Бенясюк (вышыўка), Олтушскі Дом рамёстваў і яго майстар па вырабу лялькі Ніна Мікітчук, Дарапеевіцкая школа народнай творчасці (работа ткачыхі Сцепаніды Сцепанюк).
Усё пачалося ў малой зале Дома культуры з агляду-конкурсу аматарскай творчасці “Захапленні на любы густ”, дзе на суд абласному журы, у складзе якога былі прадстаўнікі абласнога грамадска-культурнага цэнтра г.Брэста, і гледачоў былі прадстаўлены дзве праграмы – аматарскага аб’яднання “Магія лялек” (Макранскі СДК, кіраўнік Ніна Дзірук) і клуба здароўя і творчага даўгалецця “Альтэрнатыва” пад кіраўніцтвам Валерыя Савасціёнка. Журы і гледачы з вялікім задавальненнем сачылі, як ажывала тканіна ва ўмелых руках Ніны Дзірук, даведаліся ад Валерыя Савасціёнка, як быць здаровым і ў добрай спартыўнай форме. Затым былі прадстаўлены дзве праграмы тэатральнай студыі “Шанс” ГДК пад кіраўніцтвам Вольгі Жыльцовай “А у нас во дворе” з удзелам самых маленькіх удзельнікаў студыі і спектакль па матывах п’есы В.Шырэнавай “Научите меня плакать” , галоўная тэма якога — узаемаадносіны бацькоў і падлеткаў, уменне выслухаць і зразумець адзін аднаго. Яе змаглі ўвасобіць і данесці да гледача ўдзельнікі студыі. Іх выступленне стала своеасаблівым дэбютам у тэатральным жанры. Фінальным акордам “Тэатральнага Палесся-2017” стала выступленне агіттэатра “Час пік” пад кіраўніцтвам Вольгі Махнавец. Была прадстаўлена агітацыйна-мастацкая праграма па здароваму ладу жыцця “ Пульс”, дзе ўдзельнікі паказалі сваё майстэрства на вышэйшым узроўні.
Паралельна ў зале дзіцячай школы мастацтваў праходзілі творчыя справаздачы для пацвярджэння звання двух інструментальных калектываў — аркестра народных інструментаў (кіраўнік Дзмітрый Свішчоў) і дзіцячага баяннага аркестра (кіраўнік Вікторыя Багданава). Калектывы ўражвалі насычаным яркім і цікавым рэпертуарам, добрым выканальніцкім майстэрствам.
Далей праграма творчых справаздач праходзіла ў вялікай за­ле Дома культуры. Тут былі прад­стаўлены праграмы фальклорнага мастацтва “Таночак”, дзе прынялі удзел фальклорныя гурты Ланскога і Арэхаўскага сельскіх устаноў культуры з цікавай праграмай “Надвычорок у сылі”, гурт Дарапеевіцкага Дома культуры –“Посыдінкы”, а таксама ўзорны клуб аматараў фальклору “Вясковая табала” Хаціслаўскага сельскага Дома культуры пад кіраўніцтвам таленавітай фалькларысткі Галіны Хомік, якая змагла ўвасобіць у выступленні калектыву самыя лепшыя ўзоры фальклорных даследванняў. Журы высока аца­ніла выступленні калектываў, якія ярка прадэманстравалі сучаснаму гледачу і слухачу нацыянальны каларыт мясцовага фальклору. Вочы разбягаліся ад яркіх касцюмаў самабытнага строю, у якія былі апрануты ўдзельнікі “Вясковай табалы”, ногі прасіліся ў скокі, калі самыя маленькія ўдзельнікі разам са старэйшымі танцавалі “Кракавяк”, “Падыспань” , “Польку”,бо традыцыйная культура — гэта адметнасць, яна адлюстроўвае душу нашага беларускага народа. Дарэчы, “Вясковая табала” з вялікім фурорам пацвердзіла званне “ўзорнага” ў рамках конкурсу.
Затым журы і гледачоў радавалі вакальна-харавыя калектывы горада і раёна: на песенны форум “З любоўю да песні” ансамбль “Хаціславяне” Хаціслаўскага Дома культуры прадставіў два творы, пацвердзілі свае званні ансамблі “Чарняначка” Чарнянскага СДК (кіраўнік Вольга Дзягель), “Рыцкі куфэрак” ГДК (кіраўнік Анатоль Барысюк), хор ветэранаў ГДК (кіраўнік Галіна Бягеза), эстрадная студыя “Забава” (кіраўнік Аляксандр Барысюк). Яны паказалі высокі ўзровень выканання, пераемнасць найлепшых традыцый вакальна-песеннай творчасці.
У час выступленняў у зале панавала добрая атмасфера, гледачы вельмі цёпла прымалі кожнага удзельніка: выканаўцу народных песень Вольгу Бярчук (ГДК), вакальную мужчынскую групу “Рыцкага куфэрка”, удзельнікаў конкурсу нацыянальных культур “Суквецце культур”, дзе былі прадстаўлены лепшыя нумары гэтага конкурсу: украінскую культуру прадстаўлялі вакальны квартэт “Акалада” ГДК (кіраўнік Алена Свішчова), дуэт Вікторыі Ляўчук і Аліны Дворак, Леся Уласюк. Рускую культуру прадставіла таленавітая спявачка Ксенія Табачкоўская. І ўпершыню ў конкурсе танцавальны калектыў “Серпанцін” Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі пад кіраўніцтвам Аляксандры Вашчынчук прадставіў грузінскую культуру.
З кожным годам расце творчы ўзровень нашых аматарскіх калектываў, пашыраецца колькасць удзельнікаў, далучаюцца ўсё новыя выканаўцы.
Журы адзначыла высокае вы­канальніцкае майстэрства ўсіх творчых калектываў, разнастайнасць канцэртных нумароў і вялікае жаданне артыстаў дарыць радасць і добры настрой гледачам.

Лідзія Ківачук, дырэктар раённага метадычнага Цэнтра культурна-асветнай работы.

Опубликовано ГЧ № 17 от 1.03.17 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.