“ЖЫЦЦЁ — ШАНЦ, ВЫКАРЫСТОЎВАЙ ЯГО!”

“Жыццё – гэта тое, што людзі больш за ўсё імкнуцца захаваць і менш за ўсё берагуць” – такімі словамі вядучая пачала сустрэчу актывістаў БРСМ. Яна стала завяршэннем тыдня “Моладзь – за здаровы лад жыцця”.  Тэма нумар адзін, якую абмяркоўвалі школьнікі раёна, — як зберагчы сябе, сваіх каханых і блізкіх ад страшнай хваробы – СНІДу.
Каб размова не была аднабаковай і кожны мог выказаць сваю думку, вядучая сустрэчы – другі сакратар РК ГА “БРСМ” Таццяна Сацюк прапанавала юнакам і дзяўчатам прыняць удзел у віктарыне. Старшакласнікі растлумачвалі, чым адроз­ніваецца вірус імунадэфіцыту чалавека ад сіндрому набытага імуннага дэфіцыту, расказвалі пра шляхі заражэння ВІЧ-інфекцыяй, тлумачылі,  якімі павінны быць паводзіны,  каб не патрапіць у групу рызыкі.
Сваю нераўнадушную пазіцыю да праблемы сусветнага маштабу, сваю неабыякавасць і зацікаўленасць у прапагандзе здаровага ладу жыцця прадэманстравалі школьнікі праз удзел у конкурсах. Актывісты БРСМ з розных школ раёна малявалі плакаты, сачынялі вершы, пісалі сачыненні, рыхтавалі выступленні агітбрыгад. Лепшым выступленнем, у якім праз песні, вершы, плакаты раскрывалася тэма няпростых узаемаадносін у маладзёжным асяродку, было прызнана выступленне агітбрыгады з Чарнянскай СШ. Дыпломы за свае выступленні з рук першага сакратара РК ГА “БРСМ” Юрыя Варанчука атрымалі таксама вучні з Макранскай і другой гарадской сярэдніх школ. За лепшае сачыненне на тэму “ХХІ стагоддзе без СНІДу” была заахвочана Ганна Анішчук з Лукаўскай СШ, за стараннасць у раскрыцці тэмы “Алкагалізму і п’янству – не!” узнагароду атрымала Галіна Піпко з Ланской СШ, за разважлівасць у  сачыненні на тэму “Кінуць курыць – гэта лёгка ці цяжка?” першае месца было прысуджана Наталлі Сцепанюк з Чарнянскай СШ. У конкурсе плакатаў, падарункі пераможцам якога прыгатаваў тэрытарыяльны Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, лідзіраваў Якаў Дзягцярык, які таксама з Чарнян. Другое і трэцяе месцы былі прысуджаны васьмікласнікам Макранскай СШ і 9”А” класу раённай гімназіі. А ў конкурсе на лепшы верш на тэму “Мы хочам жыць здорава” перамагла  Вікторыя Нікіцюк з Макран.
Колькасць ВІЧ-інфіцы­раваных дасягнула ў свеце 33 мільёнаў чалавек. На 1 лістапада г.г. у Беларусі зарэгістравана 11562 ВІЧ-інфіцыраваных. Смяротная хвароба ўсё часцей пераконвае ў тым, што яна можа закрануць кожнага,  хто яшчэ так і не пачаў сур’ёзна ставіцца да яе. Кожны чалавек, як гучала са сцэны, мае права выбару. Але, каб зрабіць гэты выбар, трэба быць адукаваным, умець супрацьстаяць пагрозе. Каб пашырыць веды школьнікаў, іх увазе быў прапанаваны відэафільм.
Напрыканцы сустрэчы вядучая,  звяртаючыся да маладых прадстаўнікоў грамадства, сказала: «Жыццё — гэта магчымасць, выкарыстоўвай яе! Жыццё – прыгажосць – захапляйся ёю! Жыццё – мара – здзяйсняй яе! Жыццё – выклік, прымі яго! Жыццё – каханне – насалоджвайся ім! Жыццё тайна – пазнай яе! Жыццё – пакуты, пераадольвай іх! Жыццё – шчасце, адшукай яго! Жыццё – шанц, выкарыстоўвай яго!»
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ:  у час узнагароджання пераможцаў конкурсаў.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.