Падыход індывідуальны і з паразуменнем

12 студзеня г.г. быў прыняты Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 1, які ўнёс змяненні ў Дэкрэт № 3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”. Дакумент дапоўнены нормай аб прадастаўленні мясцовым Саветам дэпутатаў або па іх даручэнні мясцовым выканаўчым і распарадчым органам права вызваляць грамадзян ад платы збору на фінансаванне дзяржаўных расходаў у сувязі з цяжкімі жыццёвымі ўмовамі. Ён даў магчымасць на месцы, унікаючы ў кожную сітуацыю, прымаць рашэнні па прадастаўленні льгот у аплаце падатку. Як гэтая норма рэалізуецца на практыцы, высвятляла карэспандэнт “Голасу часу”.

Згодна з распараджэннем райвыканкама ў мэтах выканання Дэкрэта № 1 была створана раённая камісіія, задачы якой — разгледзець заяву чалавека, высветліць усе аспекты і прыняць станоўчае рашэнне аб вызваленні гра­мадзяніна ад платы збору на фі­нансаванне дзяржаўных расходаў з-за цяжкай жыццёвай сітуацыі ці, наадварот, адмовіць ў прадастаўленні льготы па аплаце яго, калі на гэта няма дастатковых падстаў. Узначальвае камісію намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Шпетны. Таксама ў яе ўвайшлі прадстаўнікі фінансавага аддзела райвыканкама, інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Маларыцкім раёне, райаддзела ўнутраных спраў, цэнтральнай райбальніцы, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.
Дэкрэт нацэльвае на тое, каб камісія падыходзіла да кожнага, хто звярнуўся за дапамогай, індывідуальна, з увагай і разуменнем. Для таго, каб цяжкую жыццёвую сітуацыю разгледзела камісія, трэба было звярнуцца з заявай у фінансавы аддзел райвыканкама і прадаставіць пакет да­кументаў, якія б пацвердзілі наяўнасць абставін, з-за якіх чалавек не мог выканаць па­трабаванні Дэкрэта № 3.
На 24 лютага аб цяжкай жыццёвай сітуацыі ў раёне заявіла 58 грамадзян. 55 зваротаў ужо разгледжаны. Больш чым палова тых, хто звярнуўся, былі вызвалены ад платы збору, для 4 чалавек прадастаўлены льготы: змяншэнне памеру падатку на 50 працэнтаў. Па словах старшыні камісіі, у большасці выпадкаў людзі звярталіся па аб’ектыўных прычынах, таму па іх заявах былі прыняты станоўчыя рашэнні. Але нямала і тых, хто не змог дакументальна пацвердзіць сваю сітуацыю, ці ў ходзе разгляду звароту высветліліся новыя абставіны, якія не далі права прадастаўляць ільготы.
— Кожны факт мы разглядаем асобна. Калі трэба, правяраем іх ў сельвыканкамах, а таксама самі выязджаем на месца, каб пагутарыць з людзьмі. Абавязкова ўлічваем працоўны стаж чалавека. Калі ён працаваў 30 гадоў, а ў 2015 годзе з-за нейкіх значных падстаў не мог удзельнічаць у фінансаванні дзяржаўных расходаў, ідзем насустрач чалавеку, — каменціруе Вадзім Паўлавіч.
Вадзім Шпетны прывёў прыклады канкрэтных сітуацый, калі камісія прымала станоўчыя рашэнні аб вызваленні грама­дзяніна ад платы збору. Напрыклад, чалавек цяжка хварэў у 2015 годзе. Ён не мае інваліднасці, але з-за сваёй хваробы не можа працягваць працоўную дзейнасць ці абмежаваны па стане здароўя ў пераліку спецыяльнасцей, па якіх ён можа працаваць. Гэта аб’ектыўна і не дазволіла яму працаўладкавацца. У такім выпадку трэба было прадаставіць дакументы з медыцынскай установы. Звярталіся жанчыны, якія ў 2015 годзе былі цяжарнымі і ім давялося пакінуць месца працы з-за ўскладненняў у здароўі. Нельга абвінаваціць будучую маці ў тым, што яна больш клапацілася аб сваім дзіцяці, чым аб працоўным стажы. Таму камісія прымала да ўвагі становішча такіх жанчын і вызваляла ад платы падатку.
Жыхары раёна, якія даглядалі за сваімі хворымі ці састарэлымі сваякамі, таксама ў большасці выпадкаў атрымалі льготы.
— Разгледзім такую сітуацыю: мужчына даглядаў за сваёй 80-гадовай маці, хоць і не быў афіцыйна аформлены. Для яе ён быў адзіным памочнікам — гатаваў ежу, спраўляўся з бытавымі праблемамі і гэтак далей, — расказвае Вадзім Шпетны. – Прадстаўнікі камісіі наведалі жанчыну. Тое, пра што гаварыў заяўнік, пацвердзілася, таму рашэнне было прынята станоўчае.
Прымалі рашэнні аб выз­валенні ад платы збору на фінансаванне дзяржаўных расходаў і ў адносінах маладых спецыялістаў, якія адразу пасля вучобы не змаглі працаўладкавацца, але цяпер працуюць. Таксама з разуменнем члены камісіі падышлі да сітуацыі цяперашняга салдата, які, з-за таго, што праходзіў медыцынскую камісію і абсле­даванні перад службай, не змог адпрацаваць 183 дні. Не засталіся раўнадушнымі і да сітуацыі ў сям’і, у якой выхоўваецца дзіця, хворае на ДЦП. Бацька дзіцяці працаваў у Расіі, але даведку, якая б засведчыла гэта, не ўзяў. Усе заробленыя грошы ён траціў на лячэнне і рэабілітацыю дзіцяці, што пацвярджаюць дакументы. Па сутнасці, ён не можа даказаць, што не быў “дармаедам”, але забіраць грошы ў хворага дзіцяці, якому яны патрэбны, – несправядліва. Таму падатак сям’я плаціць не будзе.
-Калі пачынаеш унікаць у канкрэтныя факты, хочацца дапамагчы кожнаму. Але пры праверцы ў аддзеле ўнутраных спраў, бывае, усплываюць фак­ты адміністрацыйных права­парушэнняў — заяўнік знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення альбо нахуліганіў. У такіх выпадках шансы атрымаць ільготы аўтаматычна зніжаюцца, — тлумачыць старшыня камісіі.
Усё сказанае пацвердзілася ў час пасяджэння камісіі, удзел у якім прапанавалі прыняць і карэспандэнту “раёнкі”. Члены камісіі ўважліва разглядалі кожны пакет дакументаў, за якім стаіць чалавек са сваімі праблемамі, клопатамі. І, трэба сказаць, калі шансы вызваліць ад платы падатку былі, дык члены камісіі аднагалосна прымалі станоўчыя рашэнні. З 13 разгледжаных у час пасяджэння заяў толькі ў некаторых не хапіла падстаў, каб прадаставіць ільготу.
Дзякуючы таму, што сярод членаў камісіі прадстаўнікі розных служб, ёсць магчымасць аб’ектыўна ацаніць усе абставіны. Напрыклад, разглядаючы жыццёвую сітуацыю швачкі, якая раптам страціла работу і больш за паўгода не магла знайсці месца працы, пад увагу прымаўся нават каэфіцыент напружанасці на працоўным рынку, які на той момант па раёне перавышаў абласны паказчык. Гэта азначала, што працаўладкавацца жанчыне сапраўды было нялёгка.
Улічвалі члены камісіі і нізкі сукупны даход сямей. А вось даведкі з устаноў аховы здароўя аб наяўнасці хвароб, як паказала практыка, не заўсёды дазвалялі не плаціць збор. Калі захворванне несур’ёзнае і не перашкаджае працоўнай дзейнасці, дык і заяўляць аб ім не трэба, бо прадстаўнік раённай бальніцы адразу адхіліць гэтую падставу. Былі заяўнікі, у якіх знайшлося адразу некалькі прычын, каб вызваліцца ад платы збору. Рашэнні па іх прымалі хутка. Не адмовілі ў льготах члены камісіі і тым людзям, якія заяўлялі аб тым, што даглядалі за сваякамі з першай і другой групамі інваліднасці.
Калі Дэкрэт выдаваўся першапачаткова, складана было прадугледзець усе нюансы, вызначыць: каго трэба адносіць да плацельшчыкаў збору, а хто можа быць вызвалены ад выплаты яго. Разабрацца ў канкрэтных сітуацыях і дапамагчы людзям, сітуацыя якіх сапраўды была ці застаецца цяжкай, і павінны члены раённай камісіі.
Дар’я ПАЎЛЯНКОВА.

На здымку: у час работы камісіі.

Опубликовано ГЧ № 18 от 4.03.17 г.

Добавить комментарий


https://www.chemtest.com.ua/

http://steroid-pharm.com

www.ailavita.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!