Дабро — каштоўнасць, якую не купіш

Маленькае падарожжа ў краіну дзяцінства арганізавалі ў Дзень інвалідаў работнікі раённага тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Удзельнікамі сустрэчы пад назвай “Няхай свет дабрыні не меркне ніколі” сталі дзеці, у якіх ёсць праблемы са здароўем, іх бацькі, спецыялісты і наведвальнікі Цэнтра карэкцыйна-раз­віваю­чага навучання і рэабілітацыі, прадстаўнікі  раённай улады, райбальніцы, раённай арганізацыі таварыства Чырвонага Крыжа і тыя шчырыя жыхары раёна, хто неаднойчы дапамагаў парадаваць  дзяцей-інвалідаў прызамі і падарункамі.
Дзеці з абмежаванымі магчымасцямі маюць неабмежаваныя здольнасці. Яны надзелены рознымі талентамі, якія раскрываюцца, калі з гэтымі дзецьмі пастаянна працуюць цярплівыя, настойлівыя, творчыя і вельмі шчырыя дарослыя.  Тое, што яны многае ведаюць і многае ўмеюць, даказвалі маленькія ўдзельнікі сустрэчы на працягу амаль двух гадзін, якія праляцелі як адно імгненне. Яны разгадвалі загадкі, чыталі вершы, спявалі песні. Кожнаму хацелася паказаць свае здольнасці, тым больш, што была магчымасць атрымаць прыз ад вясёлай казачнай гераіні Ягіні Кікімараўны.
Без увагі дарослых не засталіся малюнкі дзяцей, праз якія яны стараліся перадаць свой настрой. А радкі з лепшых сачыненняў на тэму, што такое дабрыня, увогуле былі зачытаны ўслых.
— Ці патрэбна дабрыня ў сучасным свеце? Мне здаецца, што ў наш час,  калі вакол нямала зла і бяды,  яна проста неабходная, – разважала ў сваім сачыненні пятнаццацігадовая Вікторыя Кавальчук. – Нельга прайсці міма чалавека, якому патрэбна дапамога. Бывае, што яму дастаткова проста добрага, прыемнага слова. Калі мы зробім добры ўчынак, ён да нас абавязкова вернецца дабром.
— Дабро – гэта цудоўная сіла, з дапамогай якой можна прагнаць сум. Дабро – гэта каштоўнасць, якую нельга купіць. Быць добрым – гэта значыць адносіцца да ўсіх з любоўю, значыць дапамагаць іншаму, чым можаш. Трэба толькі, каб дапамога гэтая ішла ад шчырага сэрца. Дабрыня ёсць у кожным з нас, – дапаўняў расказ пра дабрыню 17-гадовы Мікалай Ташкінаў.
— Няўжо людзі перасталі быць  цярплівымі і міласэрнымі? – пыталася ў сваім сачыненні 17-гадовая Дзіяна Новікава. – Я лічу, што бескультур’е, адсутнасць павагі – гэта не недахоп, а хвароба нашага грамадства. Але яе можна вылечыць! Не трэба імкнуцца некага пераробліваць. Перш за ўсё трэба пачаць з сябе, паглядзець з боку на свае ўчынкі, на свае адносіны да людзей. Пачынаць трэба з дробязей: усміхніцеся прахожаму на вуліцы і, магчыма, ён будзе ўсміхацца цэлы дзень. Сіла дабрыні і дабрадзейнасці выратуе свет.
У неймавернай сіле даб­рыні, якая здольна ствараць цуд, пераконвалі са сцэны наведвальнікі дзённага аддзялення для інвалідаў, якім на працягу года аддаюць сваю цеплыню, клопат і ўвагу спецыялісты тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Сваёй “Няправільнай казкай” яны змаглі выклікаць у зале заўзяты смех і дзяцей, і дарослых,  яшчэ раз пераканаўшы, што нават той, хто не здольны прыгожа гаварыць, можа многае паказаць і расказаць, калі адчувае, што ён патрэбны не толькі сваім блізкім,  але і іншым людзям.
Асобна на сустрэчы гаварылася пра тых, хто ніколі не застаецца раўнадушным да праблем людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Індывідуальныя прадпрымальнікі Таццяна Люльковіч, Міхаіл Крэнь і прадстаўнік прадпрыемст­ва “Белмытнясервіс”  На­дзея Палто ў знак удзячнасці за сваю дабрачыннасць  атры­малі падарункі, зробленыя рукамі маладых інвалідаў. Словы падзякі былі выказаны таксама прадпрымальнікам Уладзіміру Рахуба, Андрэю Шуляку, Ганне Фёдаравай, Таццяне Старасотнікавай, Андрэю Юхімуку, Васілю Калінічэнку, Тамары Аляксюк, Алегу Радзюку, якія таксама былі запрошаны на сустрэчу, але па розных прычынах не змаглі пабываць на ёй.
Добрым падарункам для ўсіх удзельнікаў сустрэчы была казка “Як ослік шчасце шукаў“, якую паказалі дзеці з атрада “Добрыя сэрцайкі“ і наведвальнікі  Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, і цудоўныя песні  многіх маленькіх артыстаў.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКАХ: моманты сустрэчы.
Фота аўтара.

Добавить комментарий


www.best-cooler.reviews

www.shtory.ua/shtory-niti

https://chemtest.com.ua/
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!