Пляцоўка выбрана ўдала

У Хаціславе прайшлі грамадскія слуханні па ахоўных аспектах асваення месцараджэння “Хаціслаўскае”.

У той дзень, а слуханні праводзіліся ў другі раз, удзель­нікі іх мелі магчымасць абмеркаваць пытанні ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе плануемай гаспадарчай дзейнасці СЗАТ “КварцМелПрам”.

Прамысловая пляцоўка плануемага будаўніцтва заводаў па выпуску вырабаў з ячэістага бетону ў аб’ёме 420000 м3/год, сілікатнай цэглы ў аб’ёме 120 млн. умоўных штук і завода па вытворчасці нягашанай вапны і тонкадысперснага мелу  знахо­дзіцца за 1,3 км на паўночны-захад ад в. Сушытніца і за 1,4 км на поўнач ад кар’ера “Хаціслаўскі”. У непасрэднай блізкасці ад яе пом­нікаў прыроды рэспубліканскага і мясцовага значэння, а таксама асоба ахоўваемых тэрыторый няма, таму размяшчэнне яе не будзе мець негатыўных вынікаў для такіх аб’ектаў, як рэспубліканскі біялагічны заказнік “Лукава”, які знаходзіц­ца за 25 км ад праектуемага аб’екта, і заказнік мясцовага значэння “Хмялёўка”, што таксама далёка ад узводзімых заводаў. Такім чынам, прамысловая пляцоўка, як сцвярджаюць эколагі і навукоўцы, выбрана ўдала.

Будаўніцтва такіх заводаў менавіта тут, ля кар’ера “Ха­ціслаўскі”, дзе здабываецца самы высакакласны ў нашай рэспубліцы пясок, мае вялікае значэнне. Яно дазволіць павысіць забяспечанасць будаўнічымі матэрыяламі па ўсёй рэспубліцы, палепшыць іх спажывецкія якасці, знізіць затраты на іх вытворчасць, павысіць канкурэнтназдольнасць, таму што закупленае сучаснае тэхналагічнае абсталяванне нямецкай фірмы “Masa-Henke” прадстаўляе апошняе слова навукі і тэхнікі. Яно прайшло апрабацыю ў самых перадавых краінах свету. Наладжаная тут вытворчасць будматэрыялаў пашырыць рынкі збыту. Яна будзе садзейнічаць развіццю рэгіёна, інжынерна-транспартнай інфра­структуры. Будзе створана 600 рабочых месцаў, развівацца сацыяльная сфера: прадугледжана будаўніцтва жылля, сталовай, медыцынскіх і спартыўных аб’ектаў.

Асноўнымі крыніцамі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ад вытворчасці сілікатнай цэглы і вырабаў з ячэістага бетону будуць вы­кіды ў атмасфернае паветра, сцёкавыя воды ад сістэмы водаадвядзення, пад’язная дарога ад кар’ера да прам­пляцоўкі, адходы пасля вытворчасці і месцы іх захоўвання. Пры ўвядзенні ў эксплуа­тацыю двух першых заводаў створыцца 48 крыніц выкідаў рознага тыпу. Пасля ўвядзення ж вапнавага завода колькасць крыніц павялічваецца, асабліва па дыяксіду серы. Апошні, напрыклад, можа ўздзейнічаць на лясы, расліны. Але ўздзеянне гэтае, як сцвярджае прадстаўнік РУП “БелНІЦ” Экалогія” Вадзім Зубрыцкі, будзе нязначнае, бо кацельныя будуць працаваць на газе. Сума завіслых рэчываў – неарганічны пыл. І тут сітуацыя ў межах заводаў некалькі перавышае дапу­шчальны ўзровень. Але ж нормы працоўнага заканадаўства будуць вытрымлівацца. Вадзім Зубрыцкі таксама паведаміў, што ў мэтах эканоміі свежай вады і змяншэння скідаў сцёкавых вод запланаваны сістэмы абаротнага і паўторнага водазабеспячэння. Што ж датычыцца адходаў, то яны таксічнымі не будуць.

Варта адзначыць, што санітарна-ахоўная зона сваю функцыю выконвае. Згодна з гігіенічнымі патрабаваннямі да арганізацыі санітарна-ахоўных зон прадпрыемстваў, якія могуць нашкодзіць здароўю чалавека, праектуемым двум першым заводам яна ўстаноўлена працягласцю 300 метраў, для завода па выпуску вапны – 500 метраў. На ёй будзе высаджана 780 дрэў, з’явяцца шмат газонаў, зялёныя калідоры ўздоўж дарогі, па якой будуць дастаўляцца матэрыялы.

Распрацаваны мерапрыемствы па паляпшэнню якасці атмасфернага паветра, па зніжэнню ўздзеяння на водныя аб’екты, па змяншэнню колькасці сцёкавых вод, па зніжэнню негатыўнага ўздзеяння на землі. Такім чынам, ацэнка ўздзеяння на навакольнае асяроддзе праведзена ў поўным аб’ёме.

Аляксей Царык, дырэктар праектнага ўнітарнага прадпрыемства “Вельд”, знаёмячы ўдзельнікаў слуханняў з будаўніцтвам заводаў, дадаў, што ўсе крыніцы пылу будуць забіраць герметычныя ўкрыц­ці. Для ачысткі даж­джавых вод, а таксама вод для бытавых патрэб праду­гледжаны ўласныя ачышчальныя збудаванні, для паляпшэння пітной вады з’явяцца лакальныя ўстаноўкі для абезжалезвання апошняй.

Варта адзначыць, што цікавасць удзельнікаў слуханняў, а імі былі, акрамя праекціроўшчыкаў, эколагаў, прадстаўнікі грамадскасці, мясцовае насельніцтва, была вялікай. Жыхароў райцэнтра, Хаціслава і навакольных вёсак цікавілі не толькі пытанні магчымага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе дзейнасці будуемых заводаў, але і ствараемая тут інфраструктура, і тое, ці змогуць яе выкарыстоўваць жыхары раёна, ці можна бу­дзе, уладкоўваючыся сюды на работу, прайсці перападрыхтоўку за кошт прадпрыемства, ці будуць прымаць на працу жанчын, як можна атрымаць жыллё, калі пачнецца будаўніцтва аб’язной дарогі, ці магчыма адмоўнае ўздзеянне на здароўе чалавека ў выніку неспрыяльных прыродных умоў, які будзе агульны выкід шкодных рэчываў і якая плошча іх рассейвання, і інш.

Слуханні прайшлі ў рамках шырокага і адкрытага інфармавання насельніцтва. Кожнае пытанне было прынята да ўвагі і дадзены на яго вычарпальны адказ. Мерапрыемства не было абмежавана толькі выступленнямі, пытаннямі і адказамі. Удзельнікі пабывалі і на прамысловай пляцоўцы заводаў, якія будуюцца, пазнаёміліся з ходам будаўніцтва аднаго з іх – па выпуску сілікатнай цэглы. Прамысловая пляцоўка ў цэлым займае 13 гектараў. Тут будзе працаваць 400 чалавек, 270 з якіх – рабочыя. Будаўнікі ўжо працуюць у дзелавым рэжыме – тэрміны ўзвядзення аб’ектаў вельмі сціслыя. Няцяжка ўвачавідкі пераканацца, гледзячы на ўзводзімы корпус і на разгорнутыя аб’ёмы будаўнічых работ, што тут з’явіцца цэлы холдзінг, эканамічны эфект якога будзе неацэнны ў першую чаргу для нашага рэгіёна.

Ніна СВІЦЮК.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.