Хто працуе, той і мае

Прыехаўшы на пабыўку дамоў, у Чарняны, малады прыгожы салдат Васіль Клебановіч адправіўся ў клуб.  Ці проста шчаслівы выпадак гэта быў, ці так наканавана было лёсам, але вочы хлопца сустрэліся з вачыма абаяльнай дзяўчыны Таццяны. Хоць жылі яны ў суседніх вёсках і вучыліся некалі ў адной школе, але зусім мала ведалі адзін пра аднаго. Пазнаёміліся бліжэй. Доўга размаўлялі, бо развітвацца не хацелася.
Вяселле Клебановічы згулялі ў 1994-ым го­дзе. Пра гарадское жыццё і не думалі,  вырашылі, што будуць жыць у Чарнянах, тым больш, што працавалі абое ў мясцовай гаспадарцы. Праз год, з дапамогай бацькоў, пабудавалі яны дом – вялікі, чатырохпакаёвы, бо ўжо тады марылі пра тое, што ў іх будзе вялікая сям’я. Першая дачушка, Марынка, нарадзілася ў 1995-ым го­дзе,  за ёю праз два гады сям’ю папоўніў сынок  Арцём, яшчэ праз два гады ў Васіля і Таццяны нарадзілася трэцяе дзіця – Наташка. Прайшло 11 гадоў, дзеці ў дружнай сям’і Клебановічаў падраслі, сталі добрымі памочнікамі бацькоў. І бусел зноў вырашыў наведаць іх утульны дом. Чатыры месяцы назад у сям’і нарадзіўся Ягорка.
— Вялікая сям’я – вялікія клопаты, як удаецца спраўляцца з усім? – пытаюся ў Таццяны.
— Калі гэтыя клопаты дзеляцца на ўсіх, а не кладуцца на плечы аднаго, дык і не вельмі цяжка спраўляцца з імі. А ў нас кожны ведае свае абавязкі, — заўважае яна.
На сямейным савеце было вырашана, што за маленькім Ягоркам даглядаць будзе тата. Таццяна, якая да дэкрэтнага водпуску працавала даяркай, выйшла зноў на ферму ў Горах. Васіль, калі дзеці прыходзяць дамоў са школы і могуць прыглядзець за маленькім брацікам, адпраўляецца дапамагаць Таццяне. Пакуль бацькі спраўляюцца з работай на ферме  і па гаспадарцы, Марына, Арцём і Наташа і дома прыбяруць, і вячэру могуць прыгатаваць, і Ягору плакаць не дадуць — забавяць, дагледзяць.
— Яны ў нас сур’ёзныя,  — адзначае тата і з задавальненнем расказвае пра кожнага з дзяцей.
Самая старэйшая, Марына, для бацькоў галоўная памочніца. Яна не толькі добрая вучаніца ў школе, але яшчэ і актывістка ва ўсіх справах. З малодшых класаў пачала займацца дзяўчынка ў музычнай школе. Спачатку вучылася іграць на акардэоне, потым з задавальненнем пачала наведваць яшчэ і харэаграфічны гурток. Вельмі артыстычная ў сям’і Клебановічаў і Наташа. Яна прыгожа танцуе і заўжды ўдзельнічае ў розных канцэртах. А Арцём больш схільны да заняткаў спортам. А  яшчэ,   як і тата,  вельмі любіць тэхніку. З задавальненнем рамантуе трактар,  асвойвае матацыкл,  аўтамабіль. Праўда, гэта ўсё ў вольны час,  бо дзеці добра разумеюць, што бацькі занятыя справамі і ім абавязкова трэба дапамагаць.
А спраў у Клебановічаў нямала. Гаспадарка ў іх немалая. Раней нават чатыры каровы трымалі, цяпер ужо дзве. Хоць працаваць нялёгка, але ж дадатковы даход для сям’і, як гаварылі мае субяседнікі,  адчувальны. Штомесяц да зарплаты дабаўляецца 500-600 тысяч выручкі. А значыць можна і рамонт у доме зрабіць. Апошні давялося распачаць, калі да дамоў па вуліцы пачалі падводзіць газ.
— За 15 гадоў з таго часу, як пабудавалі дом, — расказвалі Васіль і Таццяна,  — многае састарэла. Разабралі печы,  перарабілі па-новаму ацяпленне, ва ўсіх пакоях зрабілі рамонт. Плануем яшчэ абсталяваць ванную. На ўсё гэта патрэбны грошы, вось і працуем, каб нешта мець.
…Развітваемся з вельмі прыемнымі,   адкрытымі і шчырымі маладымі гаспадарамі,  а ў галаве ўсё круціцца думка: сапраўды, той, хто з дзяцінства прывык працаваць і не баіцца ніякіх цяжкасцей, хто шчыра любіць дзяцей і нараджае іх не для таго, каб “пражыць” за дапамогу (на жаль, у неспрыяльных сем’ях гэта звычайная з’ява), ці каб дзяржава пагасіла частку крэдыту на жыллё  (і такое планаванне сям’і у апошні час не рэдкасць), той не будзе спасылацца на цяжкасці і скардзіцца на тое,  што мнагадзетнай сям’і мала дапамагае дзяржава. Ён проста будзе працаваць сам  і вучыць працавітасці сваіх дзяцей, якія на прыкладзе бацькоў добра засвояць ісціну: хто працуе, той і мае.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: Таццяна і Васіль Клеба­новічы з сынам Ягорам.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Добавить комментарий


https://www.biceps-ua.com

farm-pump-ua.com

www.top-obzor.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!