БЕЗ ПОШТЫ не абысціся

Калі бываем у творчых камандзіроўках у вёсках, абавязкова стараюся зайсці ў аддзяленне паштовай сувязі. Як-ніяк, а мы дзелавыя партнёры, таму заўсёды цікава ведаць, наколькі запатрабаваны наш інфармацыйны прадукт у той ці іншай вёсцы, якія да нас ёсць прэтэнзіі і г.д. Трэба сказаць, што калі б ні зайшоў на пошту, тут заўсёды шматлюдна. А значыць, ёсць добрая магчымасць пазносіцца, як гавораць, з простым людам, даведацца, чым ён жыве, што яго найбольш хвалюе.

Не бязлюдна было ў той дзень і ў Пажэжынскім аддзяленні паштовай сувязі, куды мы таксама не маглі не заехаць. Вяскоўцы плацілі за розныя паслугі, папаўнялі баланс на рахунку аператара мабільнай сувязі, куплялі нешта з тавараў. А гэта лішні раз пераконвала, што і ў наш час без пошты ну ніяк не абысціся. Тым больш у такіх населеных пунктах, дзе, як і ў Пажэжыне, закрылі аддзяленне банка.
Па тых паказчыках, на якія стала звыклым арыентавацца і раўняцца, Пажэжынскае аддзяленне паштовай сувязі летась у 2-ім паўгоддзі выйшла на пазіцыі лепшага ў раёне. Што гэтаму спрыяла? Начальнік аддзялення сувязі Ніна Федарук лічыць, што найперш зладжанасць і мабільнасць калектыву.
-Калі нехта адзін у калектыве, не важна, вялікі ён ці малы, тармазіць работу, гэта абавязкова адбіваецца на яе выніках,-гаварыла Ніна Андрэеўна.-За сваіх работніц, паштальёнаў Вольгу Мароз і Сняжану Рэзановіч, я не перажываю. Яны стараюцца. Бо ведаюць, што заработную плату ніхто не дасць проста так, калі яе не заробіш.
А зарабляць паштальёнам сёння даводзіцца не надта проста, бо іх заробак залежыць ад многіх складаемых. І ў першую чаргу, напэўна, ад таго, наколькі загружана сумка паштальёна. Згодна з нарматывамі вага таго, што ў сумцы, аднаразова не павінна перавышаць 7 кілаграмаў. Паштальёны рады былі б загрузіць яе і больш, але праблема, як і чым? Паштоўкі і пісьмы, тэлеграмы адышлі, як гавораць, у нябыт. У кожнага з нас цяпер ёсць мабільны тэлефон альбо смартфон, пры дапамозе якіх мы і зносімся са сваякамі, сябрамі, калегамі і інш. А яшчэ — “Скайпы” і “Вайберы”, асвоіць якія пад сілу аказалася нават людзям пажылога ўзросту. Свабодную нішу магла б заняць перыёдыка, для чаго неабходна, як адзначалася на адным з прэс-тураў Кобрынскага райвузла паштовай сувязі, цеснае ўзаемадзеянне пошты і сродкаў масавай інфармацыі. Але, на вялікі жаль, і тут ёсць праблемы. Нам, работнікам друкаваных сродкаў масавай інфармацыі, ад сваіх дзелавых партнёраў хацелася б бачыць большай актыўнасці ў плане прапаганды перыёдыкі, рэкламы яе, тым больш, што гэтая работа матэрыяльна заахвочваецца.
Калі гаварыць пра пажэжынскіх паштавікоў, у іх у гэтым плане больш плюсаў у параўнанні з іншымі. Некалі на нашу раённую газету тут было ўсяго крыху больш за 30 падпісчыкаў, цяпер колькасць такіх вырасла ў разы. Раскінуўшы толькі “раёнку” на колькасць жыхароў Масевіч, Стругі і Пажэжына, пераканаемся, што кожны трэці — падпісчык «Голасу часу». Але нам думаецца, што і тут яшчэ не ўсе рэзервы выкарыстаны. І не толькі работнікамі аддзялення паштовай сувязі, але і намі, журналістамі.
Вяскоўцы, з якімі ўдалося пагутарыць, шчыра гаварылі, што калі б не паштовае аддзяленне, праблемным для іх было б не толькі атрымаць ці адправіць грашовы перавод альбо пасылку родзічам, якія далёка жывуць, але і заплаціць за розныя паслугі, папоўніць баланс на рахунку аператара мабільнай сувязі, ды і многія з тавараў тут танней каштуюць, чым у магазіне. А для кашалька пенсіянераў гэта таксама немалаважна.
Шмат добрых слоў пачулі мы і ў адрас работнікаў пошты непасрэдна.
-Ніну ведаю даўно, — гаварыла мясцовая жыхарка Святлана Ярмашук, — з таго часу, як яна прыехала да нас. Шмат гадоў Ніна працавала паштальёнам, і мы бачылі, з якой любоўю і адказнасцю яна ставіцца да сваіх абавязкаў. Такая яна і цяпер, калі ўзначаліла паштовае аддзяленне. І паштальёнаў настроіла на тое, каб працавалі без нараканняў. Сама я 27 гадоў адпрацавала тэхработнікам у мясцовай школе, — гаварыла далей Святлана Ярмашук. — І добра ведаю, што калі ты любіш сваю работу, яна табе ніколі не будзе ў цяжар.
Дарэчы, Вольга і Сняжана працуюць паштальёнамі не на поўную стаўку. І па спецыяльнасці не паштавікі.
-Але ў мяне з імі, калі прыйшлі на пошту працаваць, не было асобых праблем, — расказвала начальнік Ніна Андрэеўна. — Па сваёй рабоце паштальёнам неабходна запаўняць шмат розных дакументаў. Яны адразу ва ўсё ўніклі, з першага дня адказныя, і я рада, што ў мяне такія надзейныя памочнікі. Дзякуй ім!
Працаваць з людзьмі няпроста. Бо ўсе мы розныя. І па характарах, і па ўзроўню выхавання, і па сваіх манерах. Як паказвае жыццё, без канфліктаў абыходзіцца той, у каго шчырая душа, хто сам адкрыты для іншых. Пазнаёміўшыся з невялікім калектывам Пажэжынскага аддзялення сувязі, зрабіла вывад, што кожная з трох жанчын аўтарытэтам у аднавяскоўцаў карыстаецца заслужана.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
На здымку: начальнік Пажэжынскага аддзялення паштовай сувязі Ніна Федарук.
Фота Алега Крэмянеўскага.

Опубликовано ГС № 19 от 7.03.17 г.

Добавить комментарий


Buy Oxymetholone online in USA

http://progressive.ua/copywriting/

Тестостерон Пропионат
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!