Цуд чароўнай вышыўкі

Наталля Алесік ужо шмат гадоў працуе бібліятэкарам Дварышчанскай сельскай бібліятэкі. Для чытачоў вёскі яна пастаянна арганізоўвае і праводзіць розныя цікавыя і запамінальныя мерапрыемствы. Апошняе таму пацвярджэнне — выстава праваслаўных ікон, вышытых бісерам. Аўтарам прадстаўленых работ з серыі “Майстэрства рук і сэрца” з’яўляецца Таццяна Сымонік, жыхарка в.Дворышча.

— Выстава творчых работ вяс­коўцаў гэтай серыі ў нас дзей­нічала і раней, — гаворыць Наталля Васільеўна. – У ёй змаглі прыняць удзел таленавітыя жыхары Дворышча розных прафесій і ўзростаў, прадэманстраваўшы сваё майстэрства. Аднак па пэўных прычынах на некаторы час давялося зрабіць перапынак у яе рабоце. Цяпер вось па просьбах чытачоў выставу зноў аднавілі. Думаю, што яна стане дзейнічаць пастаянна. У нас ёсць што паказаць! Жыхары Дворышча – людзі таленавітыя. Яны славяцца працаю, майстэрствам сваіх рук. А распачынаюць адноўленую серыю работы Таццяны Сымонік.
-Ніколі не думала, што буду вышываць бісерам, тым больш – іконы, — кажа Таццяна Сымонік. – Да выхаду на заслужаны адпачынак гэтым відам рукадзелля не займалася, бо не было калі. Толькі на пенсіі “адкрыла” ў сябе такі дар. Каб знайсці справу даспадобы, пераканана, неабходны здольнасці, цярпенне і жаданне сваімі рукамі ствараць прыгожае.
Неяк Таццяна Сымонік зайшла ў Брэсце ў магазін “Шкатулка”. Сярод іншага увагу жанчыны там прыцягнула ікона Божай Маці “Казанская”, вышытая бісерам.
— Ікона, якую ўбачыла, выклікала ў маёй душы замілаванасць. А потым нечакана ўзнікла жаданне самой стварыць такі цуд.
Настаўніцай па вышыванні бі­серам у Таццяны Сымонік была маларытчанка Вольга Сініла. Менавіта Вольга Паўлаўна давала першыя ўрокі гэтага рукадзелля. Вышыўка бісерам — занятак займальны, карпатлівы, складаны і патрабуе вялікага цярпення, уважлівасці, уседлівасці.
-Мабыць, я была добрай вучаніцай, бо Вольга Паўлаўна неяк сказала, што я выдатна вышываю. А гэтага мне было дастаткова, каб сур’ёзна заняцца спра­вай, якая хутка стала любімай. Першай работай, якую вышывала бісерам, быў нацюрморт. А далей захапілася іконамі.
Таццяна Сымонік – чалавек веруючы. Таму яна ўзяла благаславенне на вышыванне ікон бісерам у протаіерэя Уладзіміра Страхі, настаяцеля Праабражэнскай царквы в.Олтуш. На вышыўку кананічных праваслаўных ікон Таццяну Рыгораўну таксама благаславіў і протаіерэй Віктар Паляціла, благачынны Маларыцкай царкоўнай акругі.
Трымаю іконы Таццяны Сымонік, якія вышыты бісерам. Складваецца ўражанне, што яе шыццё па мастацкай выразнасці і дасканаласці максімальна набліжана да майстэрства іканапісца. Таццяна Рыгораўна імкнецца перадаць усе нюансы адценняў лікаў святых у каляровых танах, формах і памерах, каб паўней раскрыць унутраны сэнс іконы.
— Вышыўка “свецкіх” карцін надае адчуванне эстэтычнага задавальнення, — гаворыць Таццяна Сымонік. — У іконе ж, на маю думку, галоўнай з’яўляецца прыгажосць унутраная, духоўная. Лініі і фарбы праваслаўнай іконы — гэта вобразнае выражэнне слоў Святога Пісання. Між іншым, лікі, рукі святых не вышываюцца – у іх нельга калоць іголкамі.
-Таццяна Рыгораўна, якая з 16 вышытых ікон асабліва блізкая сэрцу?
-Яны ўсе для мяне як родныя дзеці. У кожную з ікон закла­дзена часцінка маёй душы. Аднак асабліва дарагая работа — ікона Божай Маці “Жыровіцкая”.
Адны з вышытых работ цяпер знаходзяцца ў жанчыны дома, а іншыя яна падарыла родным і блізкім. А дзве іконы — Божай Маці “Вастрабрамская” і святой вялікамучаніцы Варвары — знахо­дзяцца ў царкве в.Олтуш.
Тэрміны вышывання кожнай іко­ны Таццяна Сымонік не ўстанаўлівае для сябе.
-Як Бог дасць, так і пойдзе, — кажа жанчына. – Па-рознаму бывае. Усё залежыць ад складанасці іконы, а яшчэ ад настрою, без якога не варта і брацца за справу. Над іконай сярэдняга памеру працую прыкладна 4 тыдні. Цяпер вось вышываю ікону “Тайная вячэра”. Яна па памерах будзе самай вялікай з усіх, якія вышыла.
Гэта такая асалода – адчуваць, што ў цябе атрымліваецца, бачыць, як работа ідзе спарней. Магу, напрыклад, да дванаццаці гадзін ночы прасядзець ці ў пяць раніцы ўстаць, каб больш было часу на вышыванне. Так і хочацца сказаць: “Какая Божья благодать – самой икону вышивать!”
-Таццяна Рыгораўна, хто першым ацэньвае Вашы вышытыя работы?
-Самыя строгія суддзі – трое маіх сыноў, нявесткі і 6 унукаў. Да іх заўсёды прыслухоўваюся.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Таццяна Сымонік з в.Дворышча і яе вышытыя бісерам іконы.
Фота Алега Крэмянеўскага.

Опубликовано ГЧ № 19 от 7.03.17 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


www.220km.net

www.www.man-ms.com.ua

www.man-ms.com.ua/