ПРА СУБСІДЗІРАВАННЕ, ЧЭКІ “ЖЫЛЛЁ”, РАМОНТЫ ПАД’ЕЗДАЎ І ДАМОЎ ішла размова ў час “круглага стала”

Каб расставіць усе кропкі над “і”, пачуць інфармацыю з першых вуснаў па пытаннях, што найбольш хвалююць грамадзян, рэдакцыя райгазеты сумесна з адміністрацыяй КУШВП ЖКГ”Маларыцкая ЖКГ” арганізавалі і правялі “круглы стол”. Прапаноўваем увазе чытачоў рэпартаж з яго.
Удзельнікамі “круглага стала” былі галоўны інжынер Уладзімір Пасевіч, начальнік абаненцкага аддзела Таццяна Касьянюк, спецыяліст службы субсідзіравання Марыя Ярыга.

Ірына Касцевіч:
— Жыльцы дома №14 па вуліцы Заводскай у Маларыце прасілі высветліць вось такое пытанне. З 1 студзеня гэтага года ў іх “жыроўках” з’явіўся новы запіс: ”Камунальныя паслугі”. Як іх праінфармавалі ў камунальнай службе, цяпер і яны будуць плаціць, як і ўсе, на тэхабслугоўванне і капрамонт. “З чаго б гэта? — цікавяцца жыльцы дома. — Наш кааператыў не на абслугоўванні ў камунальнай службе. Гэта, па-першае. Па-другое, пра якое тэхабслугоўванне можа ісці размова, калі за кожную паслугу мы плацім з уласнай кішэні. Ды і наогул, на якіх падставах наш дом без нашай на тое згоды перавялі на абслугоўванне ў камунгас?”

Таццяна Касьянюк:
— Так, сапраўды, з 1 студзеня 2017 года налічэнні і ўлік па ўсім комплексе жыллёва-камунальных паслуг у кааператывах право­дзяцца праз аўтаматызаваную інфармацыйную сістэму (АІС) “Разлік ЖКП”. Гэтая мера прынята ў мэтах рэалізацыі Указа Прэзідэнта №322 ад 29.08.2016 г. ”Аб безнаяўных жыллёвых субсідыях”. Падключэнне да АІС “Разлік ЖКП” таварыстваў уласнікаў, арганізацый забудоўшчыкаў (кааператываў) праведзена праз упаўнаважаную арганізацыю, якой з’яўляецца КУШВП ЖКГ ”Маларыцкая ЖКГ”.
У названай сістэме праводзіцца налічэнне платы за асноўныя жыллёва-камунальныя паслугі, да якіх у адпаведнасці з Указам Прэзідэнта №535 ад 31 снежня 2015 года ”Аб прадастаўленні жыллёва-камунальных паслуг” адносіцца тэхнічнае абслугоўванне, бягучы і капітальны рамонты, санітарнае ўтрыманне дапаможных памяшканняў жылога дома, гарачае і халоднае водазабеспячэнне, водаадвядзенне (каналізацыя), газа-, электра- і цеплазабеспячэнне, тэхнічнае абслугоўванне ліфта, абыходжанне з цвёрдымі бытавымі адходамі. Налічэнні расшыфраваны ў паведамленнях, што прад’яўлены жыльцам, аб памеры платы за жыллёва-камунальныя паслугі і платы за карыстанне жылымі памяшканнямі.
Гэта зусім не азначае, што кааператывы пераведзены на баланс ці абслугоўванне камунальнай службы. Грошы, што паступаюць ад жыльцоў на тэхабслугоўванне і капітальны рамонт, акумулююцца на разліковых рахунках кааператыва. Непасрэдна яго жыльцам дадаткова давядзецца плаціць толькі за тыя камунальныя паслугі, ці тыя зборы, што вызначаны агульным сходам членаў ЖБК.

І.К.:
— Жыльцы дома № 15 па вуліцы Лермантава ў Маларыце хочуць ведаць, ці запланаваны капітальны рамонт іх кааператыва?

Уладзімір Пасевіч:
-На 2017 год запланаваны капітальны рамонт дамоў № 12 па вул. Заводскай у Маларыце (гэта інтэрнат кансервавагароднінасушыльнага камбіната) і № 16 па вуліцы Першамайскай у Збуражы.

І.К.:
— “Кожны спажывец, — пішуць у рэдакцыю жыльцы дома № 16 па вуліцы Лермантава ў Маларыце, — лічыць свае грошы, якія ”ўцякаюць” разам з вадою. У нашым доме такая сітуацыя: для таго, каб з крана пацякла хоць бы цёплая вада, трэба зліць не адзін літр яе. А каб пацякла гарачая, трэба чакаць вельмі доўга. Вада льецца ўпустую, а плаціць за яе спажывец. Чаму так?”

Ул. П.:
— Дом №16, пра які ідзе размова, а таксама дамы №№ 10, 12, 14, 18, 20 па той жа вуліцы Лермантава, 81 па вуліцы Савецкай — гэта дамы, дзе няма цыркуляцыі гарачай вады, інакш кажучы, там тупіковая сістэма. Для жыльцоў гэтых жылых дамоў прадугледжана 10-працэнтная скідка з тарыфаў на спажытыя аб’ёмы гарачай вады і каналізацыю для кампенсацыі затрат. Пра гэта абавязкова паведамляецца ў квітанцыях.

І.К.:
— Ці будзе завершана добра­ўпа­радкаванне двара ля дамоў 14-16 па вуліцы Лермантава? Дарогу тут расшырылі ў 2010 годзе, але так і не за­ас­фальтавалі?

Ул.П.
— З-за адсутнасці фінансавых сродкаў гэтыя работы планам пакуль не прадугледжаны.

І. К.:
-У некаторых з нас, ведаю, засталіся нявыкарыстаныя чэкі”Жыллё”. Куды іх можна прымяніць?

Марыя Ярыга:
— Выкарыстанне імянных прыватызацыйных чэкаў “Жыллё” вызначана Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 7 чэрвеня 2005 года № 6. У п.1 гэтага Дэкрэта замацавана, што грамадзянамі могуць выкарыстоўвацца, у тым ліку адчужацца, чэкі «Жыллё», якія былі перарэгістраваны ва ўстаноўленым парадку да 1 сту­дзеня 2007 года ў ААТ “ААБ “Беларусбанк”.
Перарэгістраваныя чэкі ”Жыллё” могуць выкарыстоўвацца на наступныя мэты (пры ўмове, што грамадзянін (сям’я) стаіць на ўліку на паляпшэнне жыллёвых умоў):
-для ўплаты паявога ўзносу ў жыллёвым ці жыллёва-будаўнічым кааператыве; рэканструкцыі аднакватэрных, блакіраваных жылых дамоў; долевага ўдзелу ў жыллёвым будаўніцтве; набыцця жылля шляхам пакупкі; пагашэння запазычанасці па крэдытах банкаў (уключаючы выплату працэнтаў за карыстанне імі) і пазыках юрыдычных асоб, узятых і выкарыстаных на ўказаныя мэты.
Парадак індэксацыі імянных прыватызацыйных чэкаў “Жыллё” выкладзены ў Палажэнні аб парадку індэксацыі імянных прыватызацыйных чэкаў “Жыллё”, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 15 лістапада 2006 года № 1529 “Аб мерах па рэалізацыі Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28 жніўня 2006 года №13.”

І.К.:
— Давайце напомнім, каму прадастаўляюцца безнаяўныя жыллёвыя суб­сідыі і на якіх падставах? Колькім грамадзянам яны былі прадастаўлены?

М.Я.:
— Субсідыя можа быць пра­дастаўлена: уласніку і членам сям’і, якія сумесна з ім жывуць; наймальніку жылога памяшкання дзяржаўнага жыллёвага фонду і членам сям’і, якія сумесна з ім жывуць; члену арганізацыі забудоўшчыкаў і членам сям’і, якія сумесна з ім жывуць.
Умовай прадастаўлення субсі­дыі з’яўляецца маёмасны крытэрый. Штомесячная сума платы за жыллёва-камунальныя па­слугі, вызначаная зыходзячы з устаноўленых Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь для разліку гэтых субсідый норм (нарматываў) спажывання дадзеных паслуг, павінна перавышаць: 20% сярэднямесячнага сукупнага даходу сям’і, якая жыве ў горадзе, пасёлку гарадскога тыпу; 15% сярэднямесячнага сукупнага даходу сям’і, якая жыве ў сельскім населеным пункце.
Субсідыі прадастаўляюцца толькі ў рамках нарматываў спажывання. ЖКГ-паслугі, аб’ём спажывання якіх перавысіў нарматыўны, інакш кажучы, усе ЖКГ-паслугі, спажытыя звыш нормы, аплачваюцца грамадзянінам самастойна і ў поўным памеры. Субсідыя не можа перавышаць фактычна налічаную суму платы сям’і за жыллёва-камунальныя паслугі.
Субсідыі не прадастаўляюцца (арандатарам) жылых памяшканняў, што належаць як прыватным асобам, так і арганізацыям; членам сям’і ўласніка, калі сам ён зарэгістраваны ў іншым жылым памяшканні; асобам з часовай рэгістрацыяй.
За перыяд з кастрычніка 2016 года па студзень 2017 субсідыя прадастаўлена 52 сем’ям.

І.К.:
-Якія льготы па каму­нальных плацяжах пра­­­дугледжаны для інва­лідаў I і II груп па агульным захворванні?

Т.К.:
— У адпаведнасці з артыкулам 16 Закона Рэспублікі Беларусь ад 14.06. 2007 года ”Аб дзяржаўных сацыяльных ільготах, правах і гарантыях для асобных катэгорый грамадзян” права на 50-працэнтную скідку з платы за тэхнічнае абслугоўванне і (ці) карыстанне жылым памяшканнем у межах 20-ці квадратных метраў агульнай плошчы займаемага памяшкання і права на 50-працэнтную скідку з платы за тэхнічнае абслугоўванне ліфта і камунальныя паслугі (гарачае і халоднае водазабеспячэнне, водаадвядзенне (каналізацыя), газа-, электра- і цеплазабеспячэнне, абыходжанне з цвёрдымі камунальнымі адходамі, забеспячэнне звадкаваным вуглевадародным газам ад індывідуальных балонных ці рэзервуарных установак) па ўстаноўленых у адпаведнасці з заканадаўствам субсідзіруемых дзяржавай тарыфах (цэнах) для насельніцтва ў межах зацверджаных норм спажывання, а тыя, хто жыве ў дамах без цэнтральнага ацяплення, — за паліва, набытае ў межах норм, устаноўленых заканадаўствам для продажу насельніцтву, маюць інваліды I і II груп, акрамя асоб, інваліднасць якіх настала ў выніку супрацьпраўных дзеянняў , па прычыне алкагольнага, наркатычнага, таксічнага ап’янення, якія не маюць працаздольных членаў сям’і, абавязаных па закону іх утрымліваць, якія жывуць адны ці толькі з інвалідамі I і II груп і (ці) з пенсіянерамі, што не працуюць, дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту, а таксама іншыя катэгорыі грамадзян, указаныя ў п.3 арт. 16 Закона.

І.К.:
-Па якіх крытэрыях вызначаецца неабходнасць рамонту ў пад’ездах шматкватэрных дамоў? Чаму ўзнікла такое пытанне? Жыльцы аднаго з пад’ездаў дома № 18 па вуліцы Лермантава, дзе запланаваны рамонт сёлета, абураюцца, што, калі былі ў нашым горадзе абласныя ”Дажынкі”, іх пад’езд быў адрамантаваны. Прайшло не так шмат часу, і яго зноў збіраюцца рамантаваць. Самі жыльцы неабходнасці ў гэтым не бачаць і лічаць, што калі б рамонт праводзіўся не за сродкі жыльцоў, ніхто яго і не рабіў бы. “Няўжо мы такія багатыя, — пытаюць жыльцы дома, — што маем лішнія сродкі, каб заплаціць за рамонт?”

Ул.П.:
— Неабходнасць правядзення рамонту ў пад’ездзе дома №18 па вуліцы Лермантава вызначыла камісія, што створана на нашым прадпрыемстве на падставе рашэння аблвыканкама. Менавіта яна, агледзеўшы восенню і вясною ўсе пад’езды ў дамах, і вырашыла, што пад’езд у названым доме трэба рамантаваць, бо выглядае ён не лепшым чынам.

І.К.:
— Жыльцы дома маюць права адмовіцца ад рамонту?

Ул.П.
— Не.

І.К.:
— А калі ім гэта не па кішэні? Рамонт жа праводзіцца за сродкі саміх жыльцоў.

Ул.П.
— Віды работ і цэны на іх абавязкова ўзгадняюцца з жыльцамі. Калі яны хочуць, каб у пад’ездах былі выкананы работы толькі па мінімуму, так і будзе. Да ўсяго, заплаціць за рамонт можна ў растэрміноўку. Акрамя таго, жыльцы дома могуць самі купіць матэрыялы для правядзення рамонту.

І.К.:
— Рамонт пад’ездаў у якіх дамах запланаваны на гэты год?

Ул.П.:
— Гэта першы, другі і трэці пад’езды ў доме №18 па вул. Лермантава, першы ў доме №12 па той жа вуліцы, першы і другі пад’езды ў доме № 92 па вуліцы Савецкай, другі — у доме №89 па той жа вуліцы, другі і трэці — у доме 98-а па Савецкай, трэці — у доме №4 па вуліцы Несенюка.

І.К.:
— Нормы спажывання вады не змяніліся?

Т.К.:
— Не змяніліся. Норма спажывання вады на чалавека ў суткі — 140 літраў. Гэтая колькасць субсідзіруецца дзяржавай.

І.К.:
— Як часта хларыруецца вада?

Ул.П.:
— Згодна з графікам, зацверджаным санітарнай службай, пастаянна ажыццяўляецца ведамасны кантроль якасці вады. Калі выяўляецца, што якасць вады пагоршылася, праводзіцца яе хларыраванне. Як часта праводзіцца ведамасны кантроль? Пробы адбіраюць 2 разы ў месяц.
Матэрыялы “круглага стала” падрыхтавала Ірына КАСЦЕВІЧ.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано Гч № 21 от 15.03.17 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


www.techno-centre.niko.ua

granit-sunrise.com.ua