Падтрымалі птушак

Мы прывыклі ўжо да цёплых зім, якія былі некалькі апошніх гадоў. Але сёлета ў некаторых абласцях нашай краіны тэрмометры паказвалі -30 градусаў. А таму ўзнікла прамая пагроза масавай гібелі птушак, бо яны, як і мы, не зусім былі гатовы да такіх нізкіх тэмператур.
З надыходам халадоў асабліва востры дыскамфорт адчувалі вераб’і, сінічкі, снегіры, сойкі, дзятлы, шчыглы, лазараўкі, дубаносы, зелянушкі. Асабліва небяспечныя былі апошнія тыдні зімы, калі плады, якія засталіся на кустоўі і дрэвах, ужо асыпаліся і засталіся пад снегам, ці іх не стала яшчэ ў першай палове зімы.
Як мы пераканаліся, універсальны корм для птушак — звычайнае чорнае насенне сланечніку. Яго з задавальненнем ядуць усе птушкі, і гэта даволі пажыўны прадукт. Любяць паласавацца птушкі і кавалачкамі свежага яблыка. Сініцы не супраць падвешанага кавалачка несалёнага сала, крошак белага хлеба. Снегіры, амялушкі любяць плады, з задавальненнем дзяўбуць ягады рабіны, яблыкі і разынкі.
Але ў гэтай справе важна і не перастарацца. Арганізм птушак успрымае далёка не ўсе прадукты харчавання, якія мы можам прапанаваць. І замест дапамогі можна нанесці ім шкоду. Нельга карміць птушак смажаным і салёным, лепш не падкормліваць іх чорным хлебам і не аддаваць ім сапсаваныя прадукты.
Мы, вучні СШ № 2, не маглі заставацца абыякавымі і прынялі ўдзел у акцыі “Падтрымаем птушак!”, якая праходзіла ў школе. Былі праведзены конкурсы на лепшы плакат і самую арыгінальную кармушку для птушак.
Давайце рабіць добрыя справы разам! Калі мы з любоўю будзем адносіцца да птушак, тады яны аддзячаць нам сваімі спевамі і дапамогуць выратаваць ад шкоднікаў будучы ўраджай!
Яўгенія КУРДЗЮК, вучаніца 7 “А” класа СШ № 2.

НА ЗДЫМКУ: вучні-семікласнікі ў час акцыі “Падтрымаем птушак!”.
Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 21 от 15.03.17 г.

Добавить комментарий


обращайтесь
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!