Фестываль “Славія”

Нядаўна ў сельскім Доме культуры в. Ракітніца адбылася традыцыйная сустрэча-фестываль нядзельных школ “Славія”. Канцэртную праграму адкрыў хор вучняў Нядзельнай школы пры храме Святой Вялікапакутніцы Параскевы Пятніцы в. Арэхава Маларыцкага благачыння пад кіраўніцтвам Людмілы Церашчук. Пастаноўка пра цара Ірада, падрыхтаваная вучнямі старэйшай групы Нядзельнай школы пры храме Успення Найсвяцейшай Багародзіцы в.Булькава Жабінкаўскага благачыння (кіраўнік Ганна Дударчук), нікога не пакінула абыякавым. Зала замерла ў чаканні развіцця дзеяння. Бліскучае выкананне дзецьмі сваіх роляў прымусіла некаторых гасцей задумацца аб надзённых і актуальных праблемах. Бацькі ўбачылі ў сваіх дзецях акцёраў, дарослых і адказных людзей.
Віншаванне вучняў нядзельнай школы пры Мікалаеўскай царкве г. Маларыта (кіраўнікі Ірына Андрайчук і Ірына Хомік) запаліла ў сэрцах гледачоў агеньчык радасці і спакою. Не пакінулі нікога абыякавым звонкія галасы і непасрэднасць вучняў малодшай групы Нядзельнай школы в.Ракітніца (кіраўнік Ганна Дударчук). Завяршыла канцэртную праграму пастаноўка па матывах казкі “Марозка” вучняў нядзельнай школы пры храме Свяціцеля Мікалая Цудатворцы в. Азяты Жабінкаўскага благачыння (кіраўнік Ірына Літвінюк).
Для ўсіх гасцей свята таксама быў прадэманстраваны дзесяціхвілінны ролік “Хрышчэнне Ісуса Хрыста”. Са словамі падзякі і ўдзячнасці да ўсіх прысутных звярнуўся арганізатар мерапрыемства настаяцель храма Успення Найсвяцейшай Багародзіцы в. Булькава іерэй Пётр Дударчук. Ён сказаў, што такія сустрэчы прыносяць радасць, цеплыню, ствараюць добры настрой. Здаецца, што ўсё цёмнае нікне ад бляску дзіцячых вачэй у чаканні дабра і цуду.
Пасля канцэртнай праграмы для ўсіх прысутных было арганізавана чаяпіцце з салодкімі пачастункамі, а таксама музычна-забаўляльная праграма.
На здымку: падчас сустрэчы-фестывалю нядзельных школ.

Опубликовано ГЧ № 21 от 15.03.17 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


мицубиси л 200 цена

www.babyforyou.org