Цэнтралізаванае тэсціраванне: як рыхтавацца да яго?

Цэнтралізаванае тэсціраванне – гэта заўсёды складаны і адказны перыяд у жыцці выпускнікоў. Падчас падрыхтоўкі да яго заўсёды ўзнікае шмат розных пытанняў. За адказамі на некаторыя з іх карэспандэнт райгазеты звярнуўся да педагогаў раённай гімназіі. Чаму менавіта да іх? Адказ просты. Гэта зразумела з кароткага інтэрв’ю начальніка райаддзела адукацыі, спорту і турызму.

Таццяна Лаўрэенка, началь­нік аддзела адукацыі, спорту і турызму Маларыцкага райвыканкама:
— На адным з саветаў аддзела адукацыі, спорту і турызму былі падведзены вынікі цэнтралізаванага тэсціравання выпускнікоў устаноў адукацыі раёна за 2016г. Згодна з імі ў выпускнікоў раённай гімназіі сярэдні бал вышэйшы за абласны і рэспубліканскі па 9 прадметах. Некаторыя з вучняў раённай гімназіі атрымалі высокія балы і па асобных прадметах. Напрыклад, Ангеліна Ярмашук (100 балаў — па рускай мове, 87 – па матэматыцы і 94 – па англійскай мове), Алена Каліна (98 балаў – па грамадазнаўстве, 96 – па гісторыі Беларусі і 95 – па беларускай мове), Віталь Салаўчук (88 балаў – па фізіцы), Дар’я Цёмкіна (86 балаў – па біялогіі і 87 – па рускай мове), Юлія Русавук (93 балы – па рускай мове і 86 – па англійскай мове)… Гэта сведчыць пра тое, што ва ўстанове адукацыі выпрацавана пэўная сістэма падрыхтоўкі да цэнтралізаванага тэсціравання, якая не адзін год дае станоўчыя і высокія вынікі. Аднак неабходна заўважыць, што па выніках ЦТ 2016г. выпускнікі Лукаўскай СШ маюць сярэдні бал вышэйшы за абласны і рэспубліканскі па 4 прадметах, Гвозніцкага д/с-СШ – па 3, Макранскай СШ і Хаціслаўскай СШ – па двух, СШ №1, СШ №2, Збуражскага д/с-СШ, Ланской СШ і Ляхавецкага д/с-СШ — па адным.
Ірына Сацюк, настаўніца гісторыі і грамадазнаўства:
— Упершыню спроба вызначэння інтэлектуальных здольнасцей дзяцей была зроблена ў пачатку ХХ стагоддзя ў Францыі А.Бінэ і Т.Сімонам. Першыя заданні ў такой форме для аб’ектыўнага кантролю ведаў, уменняў і навыкаў таксама з’явіліся ў пачатку ХХ стагоддзя, і іх пачалі называць педагагічнымі.
У 1920-я гады савецкая школа стала адкрытай для ўсіх вядомых на той час інавацый. У тым ліку і для тэстаў. Але 4 ліпеня 1936г. ЦК ВКП(б) прыняў пастанову “Аб педагагічных скажэннях у сістэме наркампросаў”. Тэсты забаранілі як “буржуазныя і шкодныя”.
У Беларусі эксперымент па выкарыстанні тэхналогіі правядзення цэнтралізаванага тэсціравання ўпершыню быў праведзены ў 1998г. У 2001г. упершыню праведзена ЦТ па беларускай мове на аснове нацыянальных тэстаў, у 2003г. упершыню былі выдадзены зборнікі нацыянальных тэстаў, а ў 2004г. — праведзена рэпетыцыйнае тэсціраванне.
Карэспандэнт:
-Цэнтралізаванае тэсці­ра­ванне — гэта экзамен, якому па­вінна папярэднічаць сур’ёзная, грунтоўная падрыхтоўка. Ці згодны Вы з меркаваннем, што, каб добра здаць ЦТ, патрэбны сумесныя намаганні вучняў, іх бацькоў і настаўнікаў?
Ала Грыцэнка, настаўніца рускай мовы і літаратуры:
— Безумоўна, гэта так. Нагадаю прынцып іспанскага сацыёлага Вільфрэда Парэта. Яго сутнасць у тым, што 20% намаганняў даюць 80% выніку, а астатнія намаганні могуць быць марнымі, бескарыснымі, непатрэбнымі.
Таму важна загадзя вызначыць тыя самыя 20% важных дзеянняў, каб хутка атрымаць жаданы вынік. Заданні тэстаў паказваюць, што простае зазубрыванне ўсёй школьнай праграмы не прыносіць выніку. Пачынаючы падрыхтоўку да цэнтралізаванага тэсціравання, карысна скласці план. Складаючы яго на кожны дзень падрыхтоўкі, неабходна дакладна вызначыць, што менавіта сёння будзе вывучацца, якія раздзелы якога прадмета. Вядома, добра пачынаць — пакуль не стаміліся, пакуль свежая галава — з самага цяжкага, з таго раздзела, які загадзя ведаеце горш за ўсе.
А вось настаўніку, прыступаючы да працы, перш за ўсё неабходна выпрацаваць індывідуальны падыход да кожнага вучня. Вялікую ролю тут адыгрывае метадычная і псіхолага-педагагічная кампетэнтнасць педагога. Ён павінен дапамагчы выпускнікам не толькі ў паўтарэнні, але і даць уяўленне пра тое, якія тэмы з’яўляюцца найбольш цяжкімі, у адказах на якія пытанні найбольшая колькасць памылак, на што трэба звярнуць увагу, каб пазбегнуць падобных памылак у далейшым. Работа падчас падрыхтоўкі да ЦТ павінна быць сістэматычнай і паслядоўнай. Вучню варта таксама наведваць факультатыўныя заняткі, а па магчымасці і заняткі міжшкольных факультатываў і рэсурсных цэнтраў, якія дзейнічаюць на базе раённай гімназіі і СШ №2.
Таццяна Мармалюк, настаў­ніца матэматыкі:
— Пытанні падрыхтоўкі да цэнтралізаванага тэсціравання заўжды актуальныя. Яны хвалююць не толькі тых, хто непасрэдна звязаны з навучальным працэсам. Падрыхтоўка да ЦТ – працэс доўгі і шматгранны. Ён патрабуе ад вучня ўседлівасці і разумення, што працуе на вынік і для сябе. Не менш важна псіхалагічна пад­рыхтавацца да цэнтралізаванага тэсціравання: настроіць сябе на пазітыўныя адносіны да будучых іспытаў, навучыцца канцэнтраваць увагу, кантраляваць свае эмоцыі. Таму, паўтаруся, што для поспеху на ЦТ мае значэнне абсалютна ўсё: і сістэмныя веды, і псіхалагічная загартоўка, і тэхнічная падрыхтоўка, і правільная самаарганізацыя.
Ірына Сацюк, настаўніца гісторыі і грамадазнаўства:
— Да найбольш эфектыўных спосабаў запамінання інфармацыі, якія прапанаваны псіхолагамі, адношу наступныя. Першы спосаб. Каштоўнасць яго — у выкарыстанні перапынкаў пры завучванні аднаго пытання, адной тэмы і г.д., але не доўгіх. Спачатку трэба паўтараць матэрыял праз 5 хвілін, затым — праз 1 гадзіну, пасля — праз дзень. Другі спосаб. Арганізацыя рацыянальнага паўтарэння такая: 1. Прачытаць — паўтарыць. 2. Паўтарыць праз 10-15 хвілін. 3. Паўтарыць праз 8-9 гадзін. 4. Паўтарыць праз дзень.
Нэлі Шпетная, настаўніца біялогіі і геаграфіі:
— Калі падоўгу сядзець і рыхтавацца, то неабходна адзін раз у 20-30 хвілін адрывацца ад кніг. Можна апусціць далоні сваіх рук пад халодную ваду на 2-3 хвіліны або падысці да акна і паглядзець на неба, дрэвы, людзей, якія ідуць па вуліцы, паспрабаваць уявіць, пра што яны думаюць. Не трэба што­дзень вучыць усё ў адным і тым жа месцы. Неабходна памятаць і аб правільным харчаванні, якое павінна быць збалансаваным. Гэта важна.
Карэспандэнт:
— Як сцвярджае ўрач-валео­лаг, аснову рацыёну павінны складаць бялкі, тлушчы і вугляводы, прычым бялкоў павінна быць не менш за 30-40%, тлушчаў — каля 20% і вугляводаў — 40% ад сутачнага рацыёну. Харчаванне павінна быць рэгулярным, не менш як чатыры разы ў суткі. У рацыёне павінны быць тварог, малако, сыр, яйкі, а таксама гародніна і садавіна. Яны паляпшаюць памяць. Звычайная морква стымулюе абмен рэчываў у мозгу. Смачны ананас дапаможа ўтрымаць у памяці вялікія аб’ёмы інфармацыі. Наогул, любая садавіна ці гародніна з вялікім утрыманнем вітаміна C паляпшае памяць. Неабавязкова есці ананасы тонамі. Хопіць шклянкі соку. Для таго, каб палепшыць сваю ўвагу, варта ўвесці ў рацыён арэхі, цыбулю, марскія прадукты. Вучоныя кажуць, што дастаткова з’ядаць па 100 грамаў крэветак у дзень, каб палепшыць увагу. Для насычэння мозгу кіслародам трэба есці зноў жа цыбулю. Вельмі карыснымі будуць чарніцы і напоі з іх. Карысць будзе і ад таго, калі будзе ў рацыёне больш рыбы і ёдаванай солі. Гэта таксама дапаможа сканцэнтраваць сваю ўвагу.
Святлана Пуціна, настаўніца фізікі:
— Вынік станоўчы будзе і тады, калі вучань загадзя правільна вызначыцца з прадметамі, якія будзе потым здаваць на цэнтралізаваным тэсціраванні. Лепш гэта зрабіць пасля 9 класа. Нельга думаць, што ў адзінаццатым класе ўсё само па сабе вывучыцца хутка, надоўга і якасна. Тут дарэчы будзе прывесці словы Сенэкі: “Калі ты не ведаеш, куды плысці, то ніякі вецер не будзе спадарожным”. Абавязковая ўмова поспеху – штодзённая і карпатлівая праца. Вельмі важна навучыць дзяцей правільна размяркоўваць час пры выкананні тэставых заданняў, умець пераключаць увагу з адной тэмы на другую, спачатку выконваць тыя заданні, якія, на іх думку, больш лёгкія.
Ала Грыцэнка, настаўніца рускай мовы і літаратуры:
— Таксама неабходна праводзіць прафілактыку стрэсаў у вучняў, рас­тлумачваць ім асаблівасці стварэння, будовы тэстаў і працэсу арганізацыі тэсціравання. Трэба абавязкова пазнаёміць вучняў з “Палажэннем аб парадку арганізацыі і правядзення цэнтралізаванага тэсціравання”, а таксама з меркаваннямі РІКВ адносна школьнага і тэставага бала. Калі вучань будзе ўсведамляць, што існуюць пэўныя методыкі складання тэстаў, накіраваныя на стварэнне сітуацыі “не поспеху”, ён будзе больш спакойна і асэнсавана падыходзіць да асабістых вынікаў тэсціравання.
Карэспандэнт:
— Па якіх падручніках перш за ўсё неабходна рыхтавацца да ЦТ?
Святлана Пуціна, настаўніца фізікі:
— Школьныя падручнікі, на маю думку, — гэта асноўныя дапаможнікі для падрыхтоўкі да тэсціравання. У якасці дадатковых можна карыстацца шматлікімі навучальнымі дапаможнікамі. Заданні мінулых гадоў, якія былі на ЦТ, не з’яўляюцца асноўным сродкам для самападрыхтоўкі. Нельга якасна падрыхтавацца да цэнтралізаванага тэсціравання за паўгода ці год, калі толькі бясконца рашаць тэсты. Бо гэта — спосаб самаправеркі пры падрыхтоўцы. Не больш таго.
Карэспандэнт:
— Як Вы адносіцеся да рэпетыцыйнага тэсціравання?
Таццяна Мармалюк, на­стаў­ніца матэматыкі:
— Да яго трэба ставіцца ў першую чаргу як да выдатнага сродку самадыягностыкі. Гэта цудоўная магчымасць не толькі ацаніць, але і высветліць, якія існуюць прабелы ў ведах і на якіх раздзелах школьнай праграмы трэба сканцэнтраваць сваю ўвагу пры падрыхтоўцы да ЦТ.
Нэлі Шпетная, настаўніца біялогіі і геаграфіі:
— Згодна, што рэпетыцыйнае тэсціраванне — форма “рэпетыцыі” будучага ЦТ, якую трэба разглядаць як дадатковую магчымасць “патрэніравацца” напярэдадні ад­казных іспытаў. Удзел у рэпетыцыйным тэсцiраванні дае магчымасць пракантраляваць узровень ведаў па выбраных дысцыплінах на дадзеным этапе падрыхтоўкі, прааналізаваць і ліквідаваць выяў­ле­ныя недахопы, вызначыць шляхі далейшай падрыхтоўкі да ўступных іспытаў у выглядзе цэнтралізаванага тэсцiравання, псіхалагічна пад­рыхтавацца да цэнтралізаванага тэсцiравання, набыць тэхнічныя навыкі запаўнення бланкаў адказаў, азнаёміцца з педагагічнымі тэстамі, іх тэматыкай, структурай і заданнямі, навучыцца правільна і рацыянальна размяркоўваць час у ходзе выканання тэставых заданняў і запаўнення бланкаў адказаў.
Таццяна Лаўрэенка, началь­нік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама:
— Падводзячы вынікі размовы, хочацца сказаць, што калі вучань займаецца падрыхтоўкай у школе і самастойна, загадзя вызначыўся з тымі прадметамі, якія будзе здаваць на ЦТ, а настаўнік арганізуе мэтанакіраваную і сістэматычную падрыхтоўку сваіх вучняў, то станоўчы вынік будзе гарантаваны. Згодна з усімі настаўнікамі, якія выказалі свой пункт гледжання. Аднак на першае месца ўсё ж, лічу, неабходна ставіць працу настаўніка і жаданне вучня, на другое — падтрымку (у тым ліку і псіхалагічную) бацькоў.
Падрыхтаваў Мікалай НАВУМЧЫК.
Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 21 от 15.03.17 г.

Добавить комментарий


Audi A8 аккумулятор купить

https://steroid-pharm.com

xn--80aaahqpcuvhvipz6j.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!