З пашпартамі ў дарослае жыццё

Агульнарэспублі­канская акцыя “Мы – грамадзяне Рэс­публікі Беларусь” стала неад’ем­най част­­кай святкавання Дня Канстытуцыі ў нашай краіне.
15 сакавіка 22 юныя маларытчаніны атрымалі афіцыйны статус гра­мадзяніна Рэспублікі Беларусь і важны дакумент – пашпарт, у якім цяпер будуць змяшчацца ўсе самыя важныя падзеі ў жыцці. Невыпадкова месцам для правядзення акцыі сёлета быў абраны аддзел загса Маларыцкага райвыканкама. Тут некалі бацькі немаўлят атрымлівалі першы дакумент — пасведчанне аб нараджэнні. У загсе праз 14 гадоў дзеці сталі паўнавартаснымі грамадзянамі. Сімвалічна! Больш таго, сёлета органы загса адзначаюць свой 100-гадовы юбілей.

…Школьнікі выглядаюць сур’ёзнымі, сканцэнтраванымі і ўсхваляванымі. Магчыма, яны ўжо зразумелі, што быць грамадзянінам – значыць, мець як правы, так і абавязкі перад сваёй краінай. Але падтрымка аднакласнікаў, настаўнікаў, запрошаных гасцей усё ж выклікала шчырыя ўсмешкі: наваяўленыя грамадзяне атрымлівалі задавальненне ад важнасці моманту, увагі і падарункаў, якія прыкладаліся да пашпарта. Першым звярнуўся да школьнікаў, а ў зале рэгістрацый сабраліся вучні першай і другой гарадскіх школ, Макранскай, Збуражскай, Пажэжынскай, Хаціслаўскай і Арэхаўскай школ, намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Шпетны. Ён выказаў надзею, што юныя грамадзяне будуць з годнасцю несці новы статус, які гаворыць не толькі аб сталасці, але і накладвае адказнасць за сябе і свае ўчынкі. Соф’я Якубчык, намеснік старшыні раённага савета ветэранаў, зачытала радкі з верша Уладзіміра Маякоўскага: “…Я достаю из широких штанин дубликатом бесценного груза. Читайте, завидуйте, я – гражданин Советского Союза”. Яна пажадала, каб школьнікі таксама ганарыліся тым, што з’яўляюцца грамадзянамі Беларусі, якая хоць не вялікая па памерах, але моцная сваім міралюбівым народам. Павіншавала моладзь з Днём Канстытуцыі і Людміла Бурштын, старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі фонд міру”.
Пашпарты маладым людзям уручылі Вадзім Шпетны і Андрэй Ніканчук, начальнік аддзялення па грамадзянстве і міграцыі райаддзела ўнутраных спраў. Таксама юнакі і дзяўчаты атрымалі кнігі “Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыю, паштоўкі, а таксама сувеніры з рук Наталлі Камянчук, начальніка аддзела загса, Аляксея Дзямінскага, першага сакратара райкама ГА “БРСМ”, Валянціны Жалнерык, намесніка начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, Людмілы Бурштын.
У канцы ўрачыстай сустрэчы Наталля Камянчук расказала моладзі аб гісторыі загса і важных функцыях, якія ён выконвае.
Юнакі і дзяўчаты далі сімвалічную клятву маладога грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. У ёй абяцалі сваёй вучобай, працай, справамі ўмацоўваць аўтарытэт і добрае імя Маларытчыны, шанаваць памяць пра дзядоў і прадзедаў, якія аддалі свае жыцці за гонар і незалежнасць Радзімы, быць гаспадарамі зямлі беларускай і садзейнічаць росквіту краіны.
Дар’я ПАЎЛЯНКОВА.
На здымку:  маладыя грамадзяне Маларытчыны, юнакі і дзяўчаты атрымліваюць пашпарты.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано Гч № 22 от 18.03.17г.

Добавить комментарий


unc-mps.com.ua

масло 5w-40
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!