Лахматы дазор

Не раз даводзілася бываць на паказальных выступленнях пагранічнікаў-кінолагаў з іх службовымі сабакамі, якія дэманстравалі ўмелае затрыманне злачынцы, сінхроннае ўзаемадзеянне паміж інструктарам і яго выхаванцам, разуменне адзін аднаго нават не з паўслова, а з паўпозірку. Адданасць службовых сабак, адточаныя доўгімі трэніроўкамі навыкі не пакідаюць абыякавымі нікога, хто аднойчы бачыў у дзеянні лахматых вартавых граніцы. Але тое, што для нас відовішча, для чацвераногіх пагранічнікаў – звычайная, штодзённая работа, служба тэрмінам ва ўсё жыццё.У пошуках адказаў на пытанне, як у тандэме служаць чалавек і сабака, разам з фотакарэспандэнтам адправіліся ў аддзел пагранічнай службы “Маларыта”.

Адразу на КПП адчуваецца армейская дысцыпліна. Чужы чалавек без асобага дазволу ў аддзел не трапіць. Ваеннаслужачы тэрміновай службы Дзмітрый Прахарэнка ўжо чакаў гасцей. Менавіта яму камандаванне даручыла ўвесці нас у курс кіналагічнай справы. Служыць ён дзевяць месяцаў, а значыць да звальнення ў запас яшчэ палова тэрміну. Пасля прызыву яго накіравалі ў горад Смаргонь, дзе знаходзіцца кіналагічны цэнтр. Праз яго праходзяць усе, хто жадае служыць у органах пагранічнай службы ў якасці кінолага. Патрэбна менавіта жаданне. Нельга стаць інструктарам-кінолагам па прымусе. Службовы сабака не механізм, яго трэба любіць, шчыра клапаціцца аб ім, аддаваць працэсу догляду за жывёлінай увесь вольны час. У Дзмітрыя, які родам з Магілёва, дома таксама жыла нямецкая аўчарка. Таму вопыт зносін з сабакам у яго быў, а ўсяму неабходнаму інструктара-кінолага навучылі ў Смаргоні. Як правіла, ваеннаслужачы адпраўляецца ў кіналагічны цэнтр з замацаваным за ім сабакам. Ім стала нямецкая аўчарка Гера. Вынослівая, смелая і бясконца адданая, яна ўжо праз некалькі тыдняў прывыкла да новага гаспадара і стала больш чым надзейным памочнікам і калегам. Пяць месяцаў яны служылі разам, але затым Дзмітрыя накіравалі ў аддзел пагранічнай службы “Маларыта”. Тут яго чакаў новы чацвераногі сябар той жа пароды – Рэал.
— У кожнага сабакі, як і ў чалавека, — свой характар, звычкі, тэмперамент. Мой Рэал – халерык. Таму з ім бывае нялёгка. Але і да яго знайшоў падыход. Актыўнасць — гэта добрая якасць для службовага сабакі. Меланхолікі, напрыклад, не праяўляюць цікавасць да гульні, а таму для службы яны часта непрыгодныя. Працэс навучання сабак таксама індывідуальны. Некага дрэсіруюць праз гульні, іншых — выключна праз ласункі. Для Рэала, напрыклад, лепшае ўзнагароджанне і матывацыя на трэніроўках — атакаваць “злачынцу”, ухапіцца за трэніровачны рукаў, — дзеліцца кіналагічным вопытам ваеннаслужачы.
Каманда ў скла­дзе кінолага і са­бакі суцэльным арганізмам становіцца далёка не адразу. Гэта працэс працяглы і працаёмкі і для чалавека, і для яго чацвераногага напарніка. За тры месяцы такога дасягнуць цяжка. Можа спатрэбіцца і два гады, тлумачыць Дзмітрый, каб сабака пачаў па-сапраўднаму давяраць. Рэалу цяпер усяго два гады, яго службовы шлях толькі пачынаецца. Дзмітрый Прахарэнка марыць, каб у Рэала з’явіўся шанц паказаць тое, чаму ён навучыўся. Пакуль ім абодвум не даводзілася затрымліваць сапраўдных парушальнікаў пагранічнага рэжыму. Хаця ў нарады Дзмітрый заўсёды бярэ з сабой Рэала. Але спецыфіка парушэнняў на граніцы Маларытчыны іншая, пешшу яе тут пераходзяць рэдка. Аднак сабакі пастаянна павінны быць у баявой гатоўнасці, каб у любы час вывесці на след злачынцы. Таму на тыдзень у Рэала па 5-6 трэніровак, палова з іх — начныя, у час якіх адпра­цоўваюцца пошукавыя навыкі.
…Пачуўшы пах “чужынцаў” ля гадавальніка, на ўвесь “пагранічны гарадок” сабакі ўзнялі моцны шматгалосы брэх. Толькі Рэал, убачыўшы свайго гаспадара, паслухмяна чакаў, калі яго вальер будзе адчынены. У аддзеле пагранічнай службы “Маларыта” ўтрымліваецца больш за 10 сабак. Адна – бельгійская аўчарка, астатнія “немцы”. Яны валодаюць такімі якасцямі, як трываласць і смеласць, маюць востры нюх, выдатны зрок, што дапамагае ў выяўленні, праследаванні і затрыманні парушальнікаў. У асноўным у аддзеле сабакі пошукавыя, але ёсць сярод іх і вартавыя. Умовы жыцця ў службовых сабак добрыя. “Жыллё” на зіму ўцепленае. За сабакамі даглядаюць самі інструктары-кінолагі. Па чарзе яны гатуюць ежу для сабак (ёсць асобная кухня для службовых сабак), ачышчаюць вальеры – робяць усё, каб жывёлам было камфортна. Штодзённы рацыён сабак-пагранічнікаў павінен быць збалансаваным: у асноўным гэта кашы з немалой порцыяй мяса і ўсімі неабходнымі дабаўкамі. А вось карміць сваіх выхаванцаў кожны кінолаг абавязаны асабіста. Такія правілы: сабака павінен быць адданы толькі аднаму чалавеку. Нават мець кантакт з чужымі сабакамі недапушчальна, бо яны павінны ўспрымаць толькі пах свайго інструктара-кінолага.
— Служба ўскладняецца тым, што трэба раней за іншых прачынацца, каб дагледзець за сабакам. І ў нарадзе адказнасць большая, бо ты не адзін. Можна сказаць, мы дзень у дзень служым разам з Рэалам. Але мне гэтая справа падабаецца, дзякуючы рабоце з сабакам служба запомніцца цікавай і незвычайнай. І, зразумела, я буду сумаваць па сваім “напарніку”, як цяжка перажываў і расстанне з першым сабакам. Так гэта працуе: мы “прыкіпаем” да сабак, а яны да нас.
Дасягнуўшы 7-8 гадоў, сабака праходзіць “атэстацыю”. Калі камісія вырашае, што яму час “ісці” на заслужаны адпачынак, як правіла, лахматых сяброў забіраюць дадому іх апошнія гаспадары. Але ў Рэала наперадзе яшчэ больш за 5 гадоў службы, за гэты час ён зменіць не аднога напарніка-салдата. І, хто ведае, магчыма, мара Дзмітрыя Прахарэнкі спраўдзіцца, і Рэала чакаюць наперадзе значныя службовыя перамогі.
Дар’я ПАЎЛЯНКОВА.
На здымкУ: ваенна­служачы тэрміновай службы Дзмітрый Прахарэнка і яго чацвераногі напарнік Рэал.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Добавить комментарий


https://www.avtomaticheskij-poliv.com.ua/

steroid-pharm.com

https://tokyozakka.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!