Патрэбны спецыялісты ў вёску

На нарадзе аб актуальных пытаннях развіцця краіны Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Дэкрэт № 3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства” не з’яўляецца эканамічным і фінансавым, а перш за ўсё, нясе ў сабе “ідэа­лагічны і маральны аспект”. Ён паставіў задачу да 1 мая працаўладкаваць усіх, хто жадае і можа працаваць. Аднак, як падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, людзі павінны разумець, што яны, перш за ўсё, павінны самі шукаць працу. А дзяржаўныя органы нацэлены ў гэтым да­памагчы.
Што робіць той, хто жа­дае знайсці работу? У пошуках варыянтаў пра­ца­ў­ладкавання ён праглядае агульнарэспубліканскі банк вакансій, шукае іх на сайтах у інтэрнэце, звяртаецца ў арганізацыі, дзе могуць быць адкрыты вакансіі па яго спецыяльнасці… Калі самастойна працаўладкавацца не атрымліваецца, ідзе ў аддзел занятасці ўпраў­лення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Калі пры­трымлівацца такой логікі, дык цяпер жа­даюць працаўладкавацца на Маларытчыне 136 чалавек. У пераважнасці гэта мужчыны ва ўзросце ад 31 да 55 гадоў з сярэдняй ці прафесійна-тэхнічнай адукацыяй.

…Ранкам у калідоры ля аддзела занятасці звычайна мнагалюдна. У дзень бывае, што 15-20 чалавек чакаюць сваёй чаргі: нехта з дакументамі, каб стаць на ўлік, кагосьці спецыялісты выклікаюць, каб прапанаваць вакансію, што падыходзіць, нямала тых, хто прыходзіць проста пазнаёміцца з пералікам вакантных пра­цоўных месцаў. У сярэднім 2-3 чалавекі за дзень рэгіструюцца. Так, за студзень-люты 81 чалавек з раёна атрымаў афіцыйны статус беспрацоўнага. За гэты ж перыяд 40 чалавек пры садзейнічанні аддзела працаўладкаваны.
У эканоміцы раёна цяпер заняты 9500 чалавек. Узровень беспрацоўя за першыя два месяцы года склаў 1,4 працэнта. Гэта невялікі паказчык, улічваючы прагнозы, што ён будзе на ўзроўні 2,1. Цяпер у банку дадзеных ёсць 64 вакансіі. Калі б была магчымасць “закрыць” іх тымі, хто стаіць на ўліку, дык адразу палова беспрацоўных былі б уладкаваны. Але ў нашым раёне, як і ў большасці раёнаў і гарадоў рэспублікі, існуе дысананс паміж попытам і прапановай, а значыць, у наймальнікаў запатрабаваны зусім не тыя спецыялісты, што шукаюць вакансіі. Разам з начальнікам аддзела занятасці ўпраўлення Таццянай Хатынюк аналізуем банк вакансій. Палова з іх — у сельскай мясцовасці. Шмат вакансій маюць Маларыцкая цэнтральная раённая бальніца і раённы Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Толькі спецыялістаў медыцынскага профілю патрабуецца 15 чалавек. Па 13 вакансіях спецыялісты павінны мець вышэйшую профільную адукацыю. 15 чалавек работадаўцы гатовы ўзяць увогуле з агульнай сярэдняй адукацыяй. Гэта вадзіцелі аўтамабіля, трактарысты, жывёлаводы, прыёмшчыкі заказаў. 34 вакансіі — у сельскагаспадарчых арганізацыях. Гэта і брыгадзіры, і ветэрынарныя ўрачы, і заатэхнікі, і аператары машыннага даення. Адных трактарыстаў-машыністаў патрабуецца 13 чалавек. Ёсць у базе і такія вакансіі, як дзяржаўны падатковы інспектар, бухгалтар, цырульнік, нянька.
— Калі ў нас з’яўляюцца вакансіі, якія падыходзяць беспрацоўнаму, мы аператыўна прапануем іх людзям. Іншая справа, што не кожнае працоўнае месца, на якое мы накіроўваем беспрацоўных, па розных прычынах іх задавальняе. Падыходзіць, можна лічыць, тая вакансія, якая суадносіцца з адукацыяй, вопытам работы чалавека, не перавышае 15-кіламетровы адрэзак аддаленасці ад месца пражывання, з аплатай працы не менш, чым мінімальная зарплата. У саіскальніка ж свае крытэрыі па падбору работы. Нярэдка мы сустракаемся і з выпадкамі, калі чалавек увогуле не мае матывацыі да працы. Яму нават добры варыянт працаўладкавання не будзе падыходзіць, — дзеліцца Таццяна Васільеўна.
Але на такіх “нематываваных” ёсць свае рычагі ўздзеяння. Два выпадкі адмовы ад вакансій, што падыходзяць, – і іх здымаюць з уліку і на працягу года не могуць зноў паставіць на яго.
Людзі, якія сапраўды жадаюць працаўладкавацца, усё ж знаходзяць сваё месца. У прыклад Таццяна Хатынюк ставіць маладога праграміста з абмежаваннямі ў здароўі. Ён стаяў на ўліку і сам пастаянна сачыў за змяненнямі ў агульнарэспубліканскім банку вакансій. Убачыў “свежую” прапанову па спецыяльнасці і, не чакаючы запрашэння, прыйшоў за накіраваннем на працу. Цяперашнім месцам працы ён вельмі задаволены.
Было цікава, ці многія з грамадзян з вышэйшай адукацыяй не могуць знайсці месца працы. Такіх на ўліку стаіць 18 чалавек, пяць з іх – жанчыны. Сярод іх — настаўнік, два бухгалтары, два эканамісты, восем інжынераў, чатыры юрысты. Але вакансіі, якія б задаволілі іх, бываюць рэдка. Здзівіў і той факт, што моладзі на ўліку няшмат. Самай неабароненай катэгорыяй па беспрацоўі сталі мужчыны сярэдняга і перадпенсійнага ўзростаў. Напрыклад, ва ўзросце ад 55 да 60 гадоў зарэгістравана 24 беспрацоўныя.
Нягледзячы на той факт, што сітуацыя на працоўным рынку застаецца цяжкай (на адну вакансію даводзіцца 2, 2 беспрацоўных), сёлета аддзел занятасці плануе працаўладкаваць 45,8 працэнта з ліку тых, хто мае патрэбу ў працаўладкаванні. 80 чалавек прымуць удзел у аплачваемых грамадскіх работах, 55 маладых людзей уладкуюць па лініі часовай занятасці школьнікаў.
Многія не могуць працаўлад­кавацца па прычыне таго, што страцілі актуальныя практычныя навыкі ці іх спецыяльнасць з цягам часу стала незапатрабаванай. Каб дапамагчы такім людзям, аддзел занятасці садзейнічае ім у перападрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі, накіроўвае на курсы. 4,2 працэнта ад тых, хто стаіць на ўліку, сёлета будуць накіраваны на навучанне. Цяпер праходзяць курсы вадзіцель пагрузчыка, два вальшчыкі лесу, сацыяльны работнік, аператар сувязі. Траім з іх ужо гарантавана працаўладкаванне. Яшчэ адзін чалавек асвойвае курс “Асновы прадпрымальніцкай дзейнасці”, пасля чаго зможа адкрыць сваю справу. Гэта, дарэчы, яшчэ адзін накірунак садзейнічання ў занятасці. Беспрацоўным у 2017 будуць выдзелены не менш чым 7 субсідый для арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці. Памер субсідыі складае ад 11 да 15 бюджэтаў пражытачнага мінімуму. Аднак на самазанятасць, разумеючы рызыкі, звязаныя з прадпрымальніцтвам, згаджаюцца далёка не ўсе беспрацоўныя. Як правіла, штогод атрымліваюць субсідыі 7-8 жыхароў раёна. Хаця, калі б былі тыя, хто жадае, падкрэслівае Таццяна Хатынюк, можна было б выдаць і дзесяць субсідый, але тых, у каго ёсць ідэя і жаданне яе рэалізаваць з дзяржаўнай дапамогай, ня- шмат.
Дар’я ПАЎЛЯНКОВА.

Опубликовано ГЧ № 23 от 22.03.17 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


https://kinder-style.com.ua

www.agroxy.com

https://plasticsurgery.com.ua