І ў новым Раматове можна ЖЫЦЬ ЦІКАВА, калі там ёсць завадатары ў асобе старасты і яго актыўных памочнікаў.

На грамадскіх пачатках выконваць якую-небудзь работу сёння мала хто згодзіцца. А тым больш такую, што патрабуе ўзяць на сябе цяжар людскіх праблем. Вось чаму і няпроста бывае, як шчыра прызнаюцца кіраўнікі мясцовых сельскіх Саветаў, знайсці таго, чыю б кандыдатуру можна было прапанаваць на ролю старасты вёскі. Узнікла такая праблема ў свой час і ў вёсцы Новае Раматова. Праўда, на прымеце ў старшыні Велікарыцкага сельвыканкама Віктара Кірычуна быў Валерый Вечар. Яго кандыдатуру ён і прапанаваў на ролю старасты вёскі, калі ў Новым Раматове праводзілі сход сяльчан. Апошнія, зразумела, кандыдатуру падтрымалі, бо ведалі, што Валерый Вечар неабыякавы да праблем вяскоўцаў, зможа, калі трэба, дапамагчы. А яшчэ, што ён вельмі лёгкі, як гавораць, на пад’ём, падтрымае любую ра­зум­ную ініцыятыву. І гэта сапраўды так.

Шмат гадоў расла ў Новым Раматове старая ліпа. І як толькі моцны вецер, усе перажывалі, што ён яе паваліць, і ліпа наробіць бяды тым, побач з чыёй хатай расце.
— Мне не раз вяскоўцы гаварылі пра гэта,-расказваў у час нашай сустрэчы Валерый Антонавіч. — Паспрабаваў туды-сюды патэлефанаваць, але ніхто не абнадзейваў, што праблема аператыўна вырашыцца. Вось тады мы разам з аднавяскоўцам Мікалаем Леўчуком самі ўзяліся за справу. Атрымалася. Дзякуй яму, што не адмовіўся мне дапамагчы.
Мазолілі вочы старасце, як і ўсім новараматоўцам, канавы, што ёсць у вёсцы і вельмі зараслі. І іх з лёгкай рукі Валерыя Антонавіча ўдалося пачысціць. Як прыватная асоба ён заключыў дагавор са спецыялізаванай арганізацыяй і тая аказала неабходную паслугу.
З задавальненнем пры­няў стараста прапанову вяско­вых жанчын Марыі Альшэўскай і Зінаіды Красько неяк разнастаіць шэрыя будні новараматоўцаў. А тут і свята мужчын падыходзіла. Вось і вырашылі ўсе разам зрабіць яго масавым. Справа, як гавораць, закруцілася. Ганна Мартысюк ахвотна ўзялася падрыхтаваць для мужчын спецыяльныя запрашэнні. Ды зрабіла іх так маляўніча, што, прачытаўшы, нельга было мерапрыемст­ва праігнараваць. Ініцыя­тары Марыя Аляк­санд­раў­на Альшэўская і Зінаі­да Іванаўна Красько з’агітава­лі вясковых жанчын і ўсе разам купілі падарункі для новараматоўскіх прадстаў­нікоў моцнай паловы. А каб свята атрымалася больш змястоўным і весялейшым, запрасілі на яго самадзейных артыстаў з Масевіцкага сельскага Дома культуры. Апошнія, вядома ж, не адмовіліся. Для іх за гонар — радаваць людзей. А тым больш сваіх жа землякоў. Пастараліся задзейнічаць і мясцовых майстрых-ку­лінараў, кандытараў, якія таксама з радасцю зга­дзіліся прыемна здзівіць аднавяскоўцаў уменнем сваіх рук. Валянціна Федарук, да прыкладу, напякла піражкоў, якія за агульным сталом пайшлі “на ўра”, як і заліўное Таццяны Мельнік, бліны — Ларысы Мельнік. І ўсім разам было ўтульна і цёпла ў Доме сацыяльных паслуг, дзе праводзілася свята. І не верылася, што нават у самай малой і глухой, як часта гавораць, вёсцы, можна арганізаваць цікавае мерапрыемства з карысцю для людзей.
-Такія мерапрыемствы вельмі збліжаюць усіх нас. А гэта так важна цяпер, калі мы пачалі аддаляцца адзін ад аднаго, — перакананы стараста вёскі.
Сустракаліся мы з Валерыем Антонавічам напярэдадні Дня жанчын. І ён расказваў, што і да гэтага свята ў вёсцы таксама рыхтуюцца, а асабліва мужчыны, якім не хочацца спасаваць перад аднавяскоўкамі і гэтак жа парадаваць іх. Упэўнена, што ў новараматоўцаў зноў было агульнае свята, якое ў чарговы раз парадавала і запомнілася. Значыць, сапраўды і жыхарам маланаселеных вёсак можна цікава жыць, калі у іх ёсць такія завадатары ў асобе старасты і актыўных яго памочнікаў.
Ірына
КАСЦЕВІЧ.

На здымку: стараста вёскі Новае Раматова Валерый Вечар.

Опубликовано ГЧ № 23 от 22.03.17 г.

Добавить комментарий


читайте здесь biceps-ua.com

https://pharmacy24.com.ua

https://buysteroids.in.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!