Цэнтр, дзе ўтульна ўсім

…Пад дружныя апладысменты пачынаецца святочная праграма. І пакуль гучыць песня, на сцэне з’яўляецца першая імправізаваная “цаглінка” з датай 2007-ы год, за ёй другая, трэцяя… Завяршае “будынак” год 2017-ы. Вось яно – дзесяцігоддзе, у якім умясцілася гісторыя спецыяльнай установы адукацыі – Маларыцкага раённага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, які сабраў гасцей на свой юбілей.

Пра тое, як няпроста было пачынаць такую важную справу, як дапамога дзецям з цяжкімі псіхафізічнымі адхіленнямі ў здароўі, не ўспаміналі ў сваіх выступленнях ні дырэктар Цэнтра Людміла Лукавец, ні педагогі і выхавальнікі, якія ў ім працуюць. Новае заўжды даецца праз старанні, клопаты, хваляванні і карпатлівую штодзённую працу. У вершах і песнях калектыў, які святкаваў юбілей, дзяліўся дасягненнямі, а праз ві­дэафільм з пэўнай доляй гумару пастараўся паказаць будні сваёй работы. Яны нялёгкія. Настаўнікам-дэфектолагам, педагогу-псіхолагу, педагогу сацыяльнаму, выхавальнікам, настаўнікам, памочнікам выхавальнікаў давялося навучыцца чуць тых дзяцей, хто не ўмее размаўляць, стаць “вачамі” для тых, хто не бачыць, цярпліва змагацца за кожны крок, кожнае слова, адным словам быць другімі мамамі для сваіх выхаванцаў. І на юбілейным вечары яны заслужана пры­малі словы падзякі.
Калектыў Цэнтра цёпла павіншавала начальнік раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму Таццяна Лаўрэенка. Узмацнення духоўных сіл, каб хапала і цеплыні сардэчнай, і мудрасці, і ўмення, і навыкаў дапамагаць “асаблівым дзецям”, пажадаў благачынны цэркваў Маларыцкай акругі Віктар Паляціла. Шмат душэўных і шчырых слоў удзячнасці за парады і падказкі, за чуласць і неабыякавасць, за адданасць сваёй справе і маральную падтрымку ў цяжкую хвіліну выказала ў адрас ўсіх работнікаў мама аднаго з выхаванцаў Ірына Ківачук.
Не застаўся ў даўгу і калектыў-юбіляр. Пісьмы падзякі за пасільную да­памогу і паразуменне атрымалі бацькі “асаблівых” дзетак, шмат добрых слоў было выказана ў адрас калектываў ясляў-сада № 6 –добрых суседзяў, збуражскага дзіцячага сада-сярэдняй школы, дзе размешчаны спецыяльны клас для “асаблівых” дзетак, і СШ №2, з якім наладжаны цесны кантакт. Дырэктар Цэнтра Людміла Лукавец не магла пакінуць без увагі і многія іншыя арганізацыі, якія заўжды гатовы прыйсці на дапамогу Цэнтру. У ліку такіх Маларыцкае аддзяленне Дэпартамента аховы, аддзел пагранічнай службы “Маларыта”, раённыя арганізацыі грамадскіх аб’яднанняў “Беларускі фонд міру”, “Белая Русь”, “Беларускі Чырвоны Крыж”, калектыў Бярозаўскага сы­ра­робнага камбіната. Прадстаўнік апошняга, дырэктар унітарнага прадпрыемства “Берксі” Сяргей Кабанаў на юбілей Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі прыехаў асабіста, каб не толькі павіншаваць дарослых і дзяцей са святам, але і парадаваць падарункамі.
З музычнымі пры­ві­таннямі прыйшлі на юбі­лейную сустрэчу атрад міласэрнасці з СШ №2 “Добрыя сэрцайкі”, удзельнікі агіттэатра “Дзеці сонца” аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, настаўнікі-дэфектолагі раёна. Па­дзякай тым людзям, хто шмат гадоў быў побач, стала выступленне былой выхаванкі Цэнтра Алены Коцелевай, песня якой “Свабодная птушка”, што выканала дзяўчынка ра­зам з мастацкім кіраўніком Вольгай Бярчук, закранула душу кожнага.
Раней у грамадстве “аса­­блівыя дзеці” успры­маліся неадназначна, не ўсе і не заўжды ставіліся да іх з разуменнем. Цяпер многае змянілася. І ёсць у гэтым значная заслуга калектыву Цэнтра. Педагогі яго вось ужо 10 гадоў стараюцца сацыяльна адаптаваць дзяцей, зрабіць больш самастойнымі, пры­стасаванымі да жыцця. Гэта няпростая місія і выконваць яе здольны толькі людзі з добрымі сэрцамі. Аб гэтым гаварылі, віншуючы калег, дырэктары Цэнтраў карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі вобласці. Яны тады прымалі ўдзел у савеце дырэктараў, што быў арганізаваны на базе Маларыцкага раёна, сталі гасцямі юбілейнай праграмы.
Так у вялікай кагорце сяброў і сустрэў калектыў юбілей.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКАХ: у час юбілейнай праграмы.
Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 23 от 22.03.17 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


tmtravel.com.ua/

そこ

www.topobzor.info