“ЗА ЎСЁ БОГУ ДЗЯКУЮ…”

Жанчына з прыветлівай і абаяльнай усмешкай, Марына Андрэеўна Дацык (на здымку), неяк прыцягвае да сябе так, што адразу хочацца даведацца пра яе жаночы капітал.
Ёй 63 гады, але яна захавала прывабнасць, цягу да жыцця, аптымізм. Мабыць, яна цяжка не працавала, што характэрна амаль для ўсіх вясковых жанчын? Не. 37 гадоў – такі стаж яе работы ў мясцовым калгасе даяркай і паляводам. І працавала не абыяк, а старалася, за што заахвочвалі яе, за што паважаюць і памятаюць цяпер, калі на пенсіі ўжо. Акрамя таго, яна шматдзетная маці – разам з мужам выгадавалі трох дзяцей. А выхаваць так, каб яны сталі добрымі людзьмі, каб іх паважалі і самі яны былі паважлівымі да іншых, – гэта праца не лягчэйшая, чым у полі альбо на ферме. Але ж   Марына Андрэеўна і шчаслівая, што дзеці сталі менавіта такімі. Яны, як і бацькі, цанілі і цэняць вясковую працу. Нездарма, напэўна, усе трое засталіся ў вёсцы, абраўшы сабе сельскагаспадарчыя прафесіі. Сын Саша жыве і працуе ў Макранах, у яго дружная і добрая сям’я, Святлана – брыгадзір трактарна-паляводчай брыгады СП “Радзеж”, паважаны не толькі ў гаспадарцы, але і ў раёне спецыяліст, Наталля працуе дырэктарам Радзежскага ДК.
У Марыны Андрэеўны 7 унукаў і 1 праўнучка. Не нарадуецца іх поспехам у вучобе. Вось Ванька, напрыклад, дзевяцікласнік, нядаўна на абласным эколага-біялагічным конкурсе ўзнагароджаны дыпломам І ступені. Цяпер бабуля будзе ў добрым сэнсе перажываць за яго ўдзел на рэспубліканскіх спаборніцтвах.
Яна з радасцю расказвае, што ёй з мужам прыемна падтрымліваць матэрыяльна і старэйшых унукаў, якія займаюцца ва універсітэтах. “Атрымаем пенсіі, і адну з іх адразу раздаем. Няхай вучацца”.
— Сям’я – гэта мой свет. Я дзякую Богу за ўсё – за дзяцей, за ўнукаў, — кажа Марына Андрэеўна. – Цяпер хаджу ў храм, малюся за іх, за ўсіх нас.
Вось на такой мажорнай ноце выказвае свой жыццёвы настрой гэтая радзежская жанчына.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.