Польска-маларыцкі гандбол

Дзіцяча-юнацкая спартыўная школа раёна працягвае наладжваць супрацоўніцтва са спартсменамі суседніх краін. Чарговае таму пацвярджэнне – міжнародны турнір па гандболе сярод хлопцаў і дзяў­чат 2004-2005 гадоў нараджэння, ініцыятарам і арганізатарам якога стаў Мікалай Бойка, дырэктар Дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы раёна, пры падтрымцы аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Памерацца сваімі спартыўнымі сіламі ў Маларыту ў другі раз прыехалі юныя гандбалісты з пачатковай школы №3 імя Марыі Канапніцкай г.Бяла-Падляска (Польшча). Спаборніцтвы прайшлі па правілах Еўрапейскай гандбольнай федэрацыі.

У выніковай турнірнай табліцы пераможцамі сярод юнакоў 2004-2005 г.н. сталі юныя гандбалісты ДЮСШ Маларыцкага раёна, сярод дзяўчат 2004-2005 г.н. – таксама спартсменкі ДЮСШ Маларыцкага раёна.
Нашы хлопцы-гандба­лісты правялі з польскімі равеснікамі чатыры гульні і ўсе выйгралі. Іх вынікі — 20:19, 23:19, 20:18 і 18:16. Маларыцкія юныя гандбалісткі сыгралі тры гульні, дзве з іх выйгралі (13:8, 14:10), адну завяршылі ўнічыю (4:4). Па выніках спаборніцтва лепшымі ігра­камі сярод нашых хлопцаў сталі: Мікіта Рабчынскі, Кірыл Рабчынскі, Дзяніс Сапожнік, Ілья Белазаровіч, сярод дзяўчат – Валерыя Галаўлёва, Таццяна Дацык, Валерыя Віткалава, Марына Ярмалюк, Арына Матузка.
Такі дасягнуты поспех юных маларыцкіх ганд­балістаў невыпадковы. Значная заслуга ў гэтым трэнераў Людмілы Сезік, Таццяны Рыжэвіч і Сяргея Крупскага. Яны, сапраўдныя прафесіяналы, не адзін год працуюць з юнымі спартсменамі, рыхтуюць іх да спаборніцтваў рознага ўзроўню.
— Гандбол – папулярны від спорту ў нашым раёне, — гаворыць Аляксандр Хамічук, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. — Мы маем выдатную гандбольную школу і традыцыі. Яны, закладзеныя яшчэ першым трэнерам Пятром Каменчуком, працягваюць развівацца і цяпер. За час існавання Дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы было падрыхтавана нямала высокакваліфікаваных ігракоў і трэнераў.
Цяпер юныя маларыцкія гандбалісты рыхтуюцца да спаборніцтваў са сваімі польскімі калегамі, якія, плануецца, пройдуць летам.

На здымку: момант міжнароднага турніру па гандболе ў Маларыце.

Опубликовано ГЧ № 23 от 22.03.17 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.