Праверкі не для паказухі, а для справы

У час “вялікай размовы” Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі з прадстаўнікамі гра­мадскасці была агучана задача скарачэння праверак прадпрымальнікаў, каб прыбраць усе лішнія і пакінуць толькі неабходныя і, у той жа час, узмацніць адказнасць саміх прадпрымальнікаў. Першыя крокі ў выкананні даручэння кіраўніка краіны ўжо зроблены. Міністэрства па надзвычайных сітуацыях цалкам адмяніла праверкі прадпрыемстваў малога і сярэдняга бізнесу. Па­меншыла кантроль і Міністэрства па падатках і зборах. Не засталося ўба­ку і Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, якое выступіла з прапановай увесці мараторый на праверкі да 2020 года і даць больш падатковых ільгот тым, хто займаецца рытэйлам, грамхарчам, аказвае бытавыя паслугі. Гэты праект цяпер на стадыі дапрацоўкі, да 1 мая яго вынесуць на разгляд  Савета Міністраў. А пакуль ідзе абмеркаванне, высвятляюцца меркаванні. А што думаюць наконт праверак прадпрымальнікі нашага раёна? Пра гэта даведаецеся з  бліцапытання, што правяла карэспандэнт райгазеты.

Галіна Калінічэнка, інды­­ві­дуаль­ны прадпры­мальнік (ма­газін “Васьмёрка”):

— Не магу сказаць, што праверак у нас было шмат. Хутчэй наадварот, правяралі толькі планава. Але кожны разумее, што без праверак працаваць спакайней, няма той псіхалагічнай нагрузкі, якую адчувае любы чалавек, калі сутыкаецца з праверкай. Мы стараемся выконваць усё, што ад нас патрабуюць, таму што разумеем: пакупнік, які прыходзіць у магазін, павінен атрымаць максімум сэрвісу і не хвалявацца за якасць купленага тавару. Кожны прадпрымальнік хоча заслужыць давер пакупніка, а таму і без праверак імкнецца і ўмовы стварыць, і тавар добры прапанаваць.

Васіль Захарчук, дырэктар прыватнага гандлёвага ўнітар­нага прадпрыемства “Ваяж-эфект”:

— Летась у нас было 14 праверак. Правяралі работнікі санітарнай службы, дзяржстандарту, райаддзела па надзвычайных сітуацыях, міліцыі, падатковай інспекцыі. Можна сказаць, адны пакідалі нас, іншыя прыходзілі. І кожны, вядома, стараўся нешта адмоўнае знайсці, каб скласці пратакол, згодна з якім затым трэба будзе заплаціць штраф. Праверка, лічу, павінна быць у мэтах прафілактыкі: не для таго, каб пакараць прадпрымальніка, а дапамагчы яму, падказаць, каб далей так не рабіў. Ды і многія пытанні, па якіх праводзіцца праверка, даўно трэба выключыць. Аб гэтым гаварыў і сам Прэзідэнт. Так з 300 пытанняў санітарнай службы палова не заслугоўвае ніякай увагі. Гэта, вядома, не датычыцца якасці прадукцыі, тут зусім іншая справа. Кожны квартал мы здаем аналізы страў. Раней там было пяць пунктаў, цяпер — 10, і за кожны трэба плаціць. Ці, да прыкладу, пытанне з цэннікамі. На іх цяпер павінна быць змешчана цэлая гісторыя тавару: калі атрыманы, па якой накладной, які тэрмін і многае іншае. Але гэтую інфармацыю чалавек можа прачытаць на той жа шклянцы ці бутэльцы. Даводзіцца рабіць шмат лішняй работы, а калі нешта не так – адказваць. Многае ў праверцы залежыць ад таго, хто правярае. Да прыкладу, калі прыходзіць работнік санітарнай службы Ірына Струнеўская, яна ўсё пакажа і раскажа, навучыць, калі нешта зроблена не так. А ёсць жа такія, хто толькі патрабуе. Лічу, спачатку трэба навучыць чалавека, а калі ён не хоча разумець, тады караць. Ды і ўвогуле, сабе на шкоду не будзе нешта рабіць ні адзін прадпрымальнік. Бо калі ён стане працаваць дрэнна, людзі да яго не пойдуць, а значыць, не будзе і даходу.

Марыя Абрамчук, індыві­дуаль­­ны прадпрымальнік (цырульня “Mаrri”):

— Праверкі, напэўна, патрэбныя, без іх чалавек расслабляецца. Аднак ёсць праверкі, якія зусім лішнія. Вось іх быць не павінна. Сваю цырульню я адкрыла два гады назад. Тады праводзіліся ўсе неабходныя замеры і асвятлення, і мікраклімату, і вады. Не разумею, навошта ў чарговы раз праводзіць, да прыкладу, замеры вады і плаціць за гэта грошы, калі такой вадой карыстаюцца ўсе жыхары інтэрната, дзе знаходзіцца цырульня? А што датычыцца адказнасці, дык яна заўжды была і ёсць. І сам прадпрымальнік зацікаўлены, каб у яго было ўсё добра.

Ігар Шумілін, дырэктар прыватнага прадпрыемства “Салон Трафік”:

— Праверкі, на мой погляд, патрэбны ў плане маніторынга. У любой гаспадарцы можна знайсці хоць нейкі дробны недахоп, можа адыграць ролю звычайны чалавечы фактар. І вельмі дрэнна, што сёння са 100 праверак 99 завяршаюцца пратаколамі, згодна з якімі затым трэба плаціць штраф. Справядліва, што гэтае пытанне ўзнімаюць ужо на вышэйшым узроўні, бо атрымліваецца адно з двух: альбо нешта не тое з заканадаўствам, альбо ўсе дрэнна працуюць. У спрэчцы заўжды можна знайсці залатую сярэдзіну. Калі з маніторынгам прыходзіць спецыяліст – гэта ня-дрэнна. Сваім вокам ён заўжды ўбачыць недахопы. І калі на іх указвае, падказвае, як паправіць сітуацыю – гэта толькі дапамагае. Дрэнна, калі той, хто правярае, адразу, нічога не тлумачыўшы, складае пратакол, згодна з якім цябе затым аштрафуюць. Такія праверкі заўжды негатыўна ўспрымаюцца і персаналам, і кіраўніцтвам. Пакаранні – яны павінны быць, але толькі за грубыя парушэнні.

Ніна Лапцева, дырэктар прыватнага прадпрыемства “Маларытчанка”:

— Праверкі бываюць не часта, можна сказаць, нават больш рэдка, чым раней. Адзін раз у год з планавай праверкай прыходзяць работнікі раённага Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Кантроль павінен быць. Прызнацца, нас больш хвалююць не праверкі, а адпускныя цэны, па якіх мы атрымліваем тавар ад заводаў-вытворцаў. Адпускных цэн усяго пяць. Для нас яны самыя высокія, а вось для гіпермаркетаў – самыя нізкія. Раней такога не было і ўсе працавалі ў аднолькавых умовах. А пры такіх умовах малыя прадпрыемствы хутка самі знікнуць з рынку.
Гутарыла
Святлана МАКСІМУК.

Опубликовано ГЧ № 24 от 25.03.17 г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!