Аграгарадок «Макранскі»

Статус аграгарадка Макраны атрымалі ў 2009 годзе. Гэта цэнтр сельсавета, а таксама СВК з аднайменнай назвай. Па дадзеных апошняга перапісу насельніцтва ў Макранах налічваецца 728 жыхароў.
Аўтадарога рэспублікан­скага значэння РЗ-17 Брэст-граніца Украіны з міжнародным аўтамабільным пропускам “Макраны” надае асаблівы статус гэтаму аграгарадку. У 2008 годзе пагранічны пераход быў рэканструяваны, што дало магчымасць павялічыць яго прапускную здольнасць да 30 тысяч аўтамабіляў у месяц.
У аграгарадку ёсць агульнаадукацыйная школа, у якой займаецца 108 вучняў, дзіцячы сад на 35 месцаў, Дом культуры, бібліятэка. З аб’ектаў сацыяльнага прызначэння – комплексны прыёмны пункт, магазін, філіял “Беларусбанка”, аддзяленне сувязі, ФАП, а таксама царква Раства Прасвятой Багародзіцы.
Барыс Самасюк, старшыня Макранскага сельвыканкама:
— Нашы Макраны вядомы з 1546 года. Тады адбылася замена двух фальваркаў Міхаіла Рошчыца-Збірожскага, якія перайшлі да Берасцейскага каралеўскага замка, на сяло Макраны. Ад вялікай сядзібы захаваліся фрагменты парка, якія ёсць у Макранах і сёння.
“Макранская дзюна” занесена ў рэгістр помнікаў рэспубліканскага значэння.

Тры гады таму назад макранцы атрымалі прыродны газ. За апошнія 2 гады ў Макранах было пабудавана 18 домікаў, а за 4 гады – 50, што ў многім дапамагло СВК вырашыць не толькі кадравую праблему, але і жыллёвую. Цяпер у Макранах няма чаргі на жыллё. Улічваючы той факт, што аграгарадок суседнічае з Украінай, нямала ўкраінцаў выказалі жаданне жыць тут і працаваць. За кошт знешняй міграцыі насельніцтва Макран павялічылася амаль на 60 чалавек. Хаця і сваёй моладзі тут застаецца нямала. Скажам, за апошнія 2 гады кааператыў папоўнілі 6 выпускнікоў школы, якія працуюць у гаспадарцы механіза­тарамі, даяркамі і жывёлаводамі.
Леанід Селех, старшыня СВК “Макраны”:
— У нашай гаспадарцы працуе 150 чалавек. Акрамя малака і мяса, вырошчваем і гародніну. Сёлета ўпершыню на сваіх палях садзілі цвятную капусту і капусту брокалі, якую згодна з дагаворам паставілі на ААТ “Маларыцкі кан­сервавагароднінасушыль­ны камбінат”, што спецыялізуецца на выпуску кансерваў для дзіцячага харчавання. Улічваючы патрэбы гэтага прадпрыемства, СВК штогод вырошчвае і моркву.
У гаспадарцы працуюць 3 малочнатаварныя фермы, адна з якіх летась сваімі сіламі і за кошт уласных сродкаў была рэканструявана. Летась наша гаспадарка па надоях малака была чацвёртай у раёне. У бліжэйшых планах – надаіць ад каровы па 5500 кілаграмаў малака. Відавочны поспехі СВК «Макраны» і ў раслінаводстве.
Пазалетась мы ўвялі ў эксплуатацыю новую зернесушылку італьянскай вытворчасці, якая дае магчымасць павялічыць колькасць высушанага зерня да 100 тон у суткі.
10 домікаў было зда­дзена ў эксплуатацыю ў 2009 годзе. Усе, хто іх засяліў, вельмі задаволены якасцю работ. А будавалі нам дамы майстры з будаўнічага ўпраўлення № 32 “Будтрэста № 8”. Жыллё атрымалі ўсе, хто ў ім меў патрэбу.

У ліку нашых бліжэй­шых планаў і будаўніцтва жывёлагадоў­чага комплексу  на  765 галоў, рэкан­струкцыя старых памяш­канняў, бо за 4 гады пагалоўе ў гаспадарцы павялічылася на 25%.
Аляксандр Піпко, былы дырэктар УА “Макранская дзяржаўная агульнаадукацыйная школа”:
— Наша школа заўсёды займала перадавыя пазіцыі ў раёне па паспяховасці вучняў. За гады свайго існавання са сцен школы выйшла 47 медалістаў, якія атрымалі вышэйшую адукацыю і цяпер працуюць у розных сферах вытворчасці, адукацыі, навукі і культуры Рэспублікі Беларусь. Да прыкладу, Барыс Раманавіч Самасюк — старшыня сельвыканкама, Валерый Мікалаевіч Жыгалаў доўгі час узначальваў раённы аддзел адукацыі, Іван Васільевіч Пілецкі — загадчык кафедры пачатковых класаў Віцебскага педагагічнага універсітэта, Мікалай Васільевіч Дземенцяюк — генерал-маёр расійскай арміі.  Два гады запар вучань Макранскай школы Дзяніс Вашчук быў прызнаны лепшым вучнем сельскіх школ Рэспублікі Беларусь. Пачынаючы з 1995 года вучні, у якіх выкладае фізіку Людміла Іванаўна Качанка і якія ўдзельнічаюць у раённых і абласных алімпіядах, займаюць там толькі прызавыя месцы, як і вучні, у якіх выкладае матэматыку Наталля Яўгенаўна Самасюк.
Сярэдні бал паспяховасці ў школе на працягу многіх гадоў трымаецца на ўзроўні 7,99 бала. Працэнт паступлення выпускнікоў школы ў ВНУ – высокі. Летась усе 100% выпускнікоў паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы краіны. Што асабліва прыемна, 60% тых, хто заканчвае ВНУ педагагічнага профілю, настаўнічаюць у роднай школе.
Многія з выпускнікоў школы з’яўляюцца вядомымі ў раёне і за яго межамі людзьмі, займаюць кіруючыя пасады. На іх прыкладах мы выхоўваем сваіх вучняў.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКАХ: жылыя дамы па вул. Брэсцкай у Макранах; міжнародны аўтадарожны пункт пропуску “Макраны”.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Добавить комментарий


http://medicaments-24.com

www.progressive.com.kz

eurobud.com.ua/
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!