Аддаваць па заслугах

Біяграфія Сяргея Брэера, вадзіцеля аўтамабіля ”ГАЗ” участка аўтатранспарту камунальнага унітарнага шматгаліновага вытворчага прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі ”Маларыцкая ЖКГ”, умяшчаецца ў некалькіх радках: нарадзіўся і вырас у вёсцы Ляхаўцы. У мясцовай школе атрымаў сярэднюю адукацыю і паступіў у Маларыцкае СПТВ-155, дзе набыў спецыяльнасць трактарыста-машыніста 3 класа. Да службы ў арміі працаваў у калгасе ”Новы шлях” (так тады называлася гаспадарка ў в. Ляхаўцы). А калі дэмабілізаваўся, як і многія вясковыя маладыя людзі, рызыкнуў паехаць уладкавацца на работу ў горад. Балазе, тады без праблем можна было знайсці вакансію ў любой арганізацыі. Сяргею хацелася быць вадзіцелем, тым больш, што пасведчанне на права кіравання аўтамабілем ён атрымаў, калі вучыўся ў школе. Вакантнае месца знайшлі ў МУААСе. Там ён і працаваў доўгі час.
Як аказаўся ў камунальнай службе? Усё вырашыла выпадковасць. Але Сяргей не шкадуе, што так атрымалася, бо цяперашняя работа яму падабаецца не менш, чым ранейшая. Да ўсяго, матэрыяльнае заахвочванне большае, што таксама немалаважна для кожнага з нас.
Сяргей Брэер працуе ў аддзеле забеспячэння. У яго абавязках-своечасова даставіць камплектуючыя і матэрыялы для вытворчай дзейнасці прадпрыемства. А гэта ў большасці сваёй пастаянныя камандзіроўкі. Машына ў Сяргея надзейная. А калі нешта здараецца, ён сам можа ”падлячыць” яе, бо добра разбіраецца ў тэхніцы і любіць яе. Між іншым, за 30 гадоў (менавіта такі вадзіцельскі стаж у Сяргея Брэера) да яго ні разу не мелі прэтэнзій супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі. Словам, ездзіць вадзіцель, як і належыць, па правілах. Не парушае Сяргей не толькі Правілы дарожнага руху, але, як адзначыў старшыня прафкама КУШВП ЖКГ ”Маларыцкая ЖКГ” Генадзь Ханчук, і працоўную дысцыпліну. Да ўсяго, ён вельмі адказны і добрасумленны, за што і цэняць яго ў калектыве. Таму і ўзнагарода заслужаная: у гонар прафесійнага свята — Дня работнікаў бытавога абслугоўвання насельніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі Сяргей Брэер заахвочаны Ганаровай граматай Брэсцкага абласнога ўпраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
На здымку: вадзіцель КУШВП ЖКГ ”Маларыцкая ЖКГ” Сяргей Брэер.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ № 24 от 25.03.17 г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!