Экзамен на прафесійную годнасць

Віктар Га­лоўчык з сельскагаспадарчага ўні­тарнага прадпрыемства “Са­вуш­кіна” быў адзіны з прадстаўнікоў моцнай паловы, хто рызыкнуў праверыць сябе на пра­фесійную годнасць у раённым конкурсе апе­ратараў машыннага даення кароў, што быў арганізаваны на базе ААТ “Чарняны”. І…выйшаў у пераможцы ў сваёй узроставай катэгорыі. Хто яшчэ быў мацнейшым?

Яго давялося здаваць удзельнікам нядаўняга раённага конкурсу аператараў машыннага даення кароў, які праходзіў на базе ААТ ”Чарняны”.
Што і казаць, цяперашнія тэхналогіі вытворчасці малака, дасканалае абсталяванне, якое задзейнічана ў вытворчым працэсе, патрабуюць адукаваных і высокапрафесійных спецыялістаў. І калі кіраўнікі сярэдняга звяна, што прыходзяць на фермы, маюць адпаведную адукацыю, дык усе 100% аператараў самавучкі. Сваю спецыяльнасць яны нідзе не набывалі, навыкі напрацоўвалі самі, пры гэтым не абыходзілася без дапамогі дыпламаваных спецыялістаў. І тым не менш конкурс паказаў, што цяперашнія аператары машыннага даення кароў — адукаваныя тэарэтычна, а значыць, яны ўмела прымяняюць свае веды на практыцы, дасканала ведаюць усе нюансы, каб атрымліваць малако толькі высокай якасці.
20 аператараў з 10 гаспадарак раёна ўдзельнічалі ў конкурсе. А гэта, вядома ж, лепшыя з лепшых. Што сабою ўяўляў конкурс? Удзельнікі яго, як на любым экзамене, выцягвалі білеты і адказвалі на пытанні, якіх налічвалася каля 10-ці. І ўсе яны датычыліся тэхналогіі даення кароў, прафілактыкі мастытаў і іншых захворванняў апошніх, санітарнай апрацоўкі малочнага абсталявання, працягласці даення, падрыхтоўкі жывёлін да яго і да т.п. Кожнай з канкурсантак трэба было праявіць свае ўменні па разборцы і зборцы даільнага апарата. А яшчэ — абавязкова расказаць, як на практыцы яны рыхтуюць кароў да даення.

Трымаць экзамен першым выпала аператарам машыннага даення ААТ ”Гвозніца” Вользе Сіцько і Галіне Хатынюк. На фермах, дзе працуюць, яны не навічкі. Адчуваецца, што хвалююцца, бо адказы не на ўсе пытанні ўпэўненыя, хаця ў канчатковым выніку правільныя. Члены журы, у складзе якога намеснік начальніка райсельгасхарчу Надзея Назарук, галоўны ветэрынарны ўрач раёна Ніна Крупская, дырэктар племянной станцыі па Маларыцкім раёне рэспубліканскага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства ”Брэстплемпрадпрыемства” Сяргей Трацюк і заатэхнік-селекцыянер райсельгасхарчу Аляксандр Буйко, надзвычай карэктныя, уважлівыя, строга канкурсантак не судзяць, даюць магчымасць падумаць, падказваюць адказы наваднымі пытаннямі, стымулююць шчырым”малайчына!” за кожны аператыўны і правільны адказ.
У Валянціны Кардзялюк і Наталлі Максімук, якія перанялі эстафету ад гвозніцкіх аператараў машыннага даення і якія прадстаўлялі ААТ ”Чырвоны партызан”, адказы на пытанні білетаў, як гавораць, адскоквалі ад зубоў. Літаральна за некалькі хвілін яны здалі экзамен на «выдатна», а Наталля, да ўсяго, паказала вышэйшы клас пры разборцы і зборцы даільнага апарата.
І хоць Людміла Свістун і Ніна Нушчык кожная ў адной асобе прадстаўлялі свае гаспадаркі — ААТ ”Арэхава” і ДзП ”Радзежскае”, гэта не перашкодзіла ім годна адстаяць і свой прафесійны гонар, і гонар гаспадарак. Гэтак жа, як маладым, але ўмелым аператарам з ААТ “Рыта” Вользе Болба і Алене Кудраўцавай.
Тры аператары прыехалі на конкурс з ААТ ”Макраны”: Галіна Рамасюк, Валянціна Карнялюк і Гюзель Бондар. І калі першыя, як расказвалі мне, навучыліся даіць кароў яшчэ ў дзяцінстве, башкірка Гюзель пачынала асвойваць гэтую аперацыю ўжо тады, калі прыйшла працаваць на ферму ў Новыя Боркі.
— Мне было страшна першы раз падыходзіць да кароў, — дзялілася ў час перапынку Гюзель Бондар, — але, дзякуючы вопытным калегам, якія з першых дзён узялі апеку нада мною, з цягам часу ўсяму навучылася.
І Галіна, і Валянціна, ды і Гюзель даказалі, што яны не лыкам шыты.
У ліку самых вопытных апе­ра­тараў машыннага даення былі на конкурсе добра знаёмыя ў раёне лідары па вытворчасці малака Алена Дзям’янка і Людміла Кіцель з СВК ”Дарапеевічы”. Па візітнай картцы іх ці па словах ”Сельская гаспадарка ў парадку, горад — у дастатку” можна было меркаваць, што гэтыя залатыя майстры сваёй справы моцна ўзброены не толькі тэарэтычна, але і добра ўсведамляюць тую значную ролю, што адыгрывае сельская гаспадарка, жывёлагадоўля ў жыцці кожнага з нас. Яна нас корміць, нягледзячы ні на якія катаклізмы. 22 гады адпрацавала ў жывёлагадоўлі Людміла, 20 — Алена. Гэта сапраўды залатыя майстры сваёй справы.
Парадавалі журы і чарнянскія, а таксама хаціслаўскія канкурсанты Марыя Карабчук, Валянціна Ячычка, Вікторыя Струнчук і Галіна Гнацюк. Першым, як гавораць, і сцены дапамагалі, ну а другія, хоць і адносна маладыя, адчувалася, што таксама ў жывёлагадоўлі людзі не выпадковыя. Каб адказаць на пытанні, што былі ў білетах, усім ім спатрэбілася мінімум часу.
Прыемна было, што, акрамя прадстаўніц слабой паловы, у конкурсе рызыкнуў паўдзельнічаць і адзіны прадстаўнік моцнай — Віктар Галоўчык з сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства ”Савушкіна”. Разам са сваёй напарніцай Алесяй Пракапук маладыя аператары даказалі, што нездарма яны працуюць на такой высокатэхналагічнай ферме, якая ёсць у іх гаспадарцы, і дабіваюцца добрых поспехаў. Зрэшты, у кароткім інтэрв’ю карэспандэнту райгазеты Віктар Галоўчык прызнаўся, што быў рады, калі яму выпала магчымасць пайсці на новую, Дварышчанскую ферму.
— Тут працуе мая мама Венета Ілгаўна, — расказваў Віктар. — І я, калі яшчэ школьнікам быў, любіў прыбягаць на ферму. Мне было так цікава назіраць, як новымі апаратамі з дапамогай камп’ютарнай тэхнікі дояць кароў. Сам спрабаваў, калі мама дазваляла. А пасля, калі стаў дарослым і ажаніўся, на ферму ўладкавалася мая жонка Кацярына. Яна пайшла ў водпуск па догляду за дзіцяці, а я заняў яе месца на ферме. Працую ўжо другі год. Мне вельмі падабаюцца і работа, і калектыў, і ўмовы працы, і матэрыяльнае заахвочванне.
Віктару Галоўчыку — 27 гадоў. І стаж аператара ў яго яшчэ невялікі. Але малады даяр перакананы, што паспяховасць працы жывёлаводаў вызначаюць не камп’ютары, не іншая дасканалая тэхніка, а сумленне і стараннасць рук. Ну як з гэтым не пагадзіцца!
Ірына КАСЦЕВІЧ.

Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано Гч № 25 от 29.03.17 г.

Добавить комментарий


http://cialis-viagra.com.ua

https://avrora-trans.com

https://citroen.niko.ua/models/new-berlingo/
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!