Майстар спорту СССР

ПЕРШЫМ БЫЎ ПЁТР… ПАЎЗУН

Пасведчанні, граматы, Дыпломы… Іх, а таксама фотакарткі тых далёкіх часоў, газету ”Фізкультурнік Беларусі” за 25 красавіка 1975 года Пётр Паўзун, наш зямляк, вядомы на Брэстчыне велагоншчык, майстар спорту СССР,  прывёз і перадаў мне нездарма. Напэўна, заняло б шмат часу, каб падлічыць і перапісаць, у якіх спаборніцтвах за 10 гадоў спартыўнага жыцця давялося ўдзельнічаць Пятру Паўлавічу, якія вынікі ён на іх паказваў, узнагародамі ад якіх спартыўных структур заахвочваўся. Першых я налічыла каля 80. Ну а фотакарткі, на якіх мой герой абавязкова з любімым веласіпедам, пераконваюць, што ён амаль не развітваўся з ім. Пра многае гаворыць і заметка пад загалоўкам “Засталося два этапы” ў газеце ”Фізкультурнік Беларусі”. І хоць там усяго толькі адзін радок прысвечаны Пятру Паўзуну, можна зразумець, чаму ён захоўвае газету доўгія 42 гады: відаць, шмат значыла для знакамітага, але не спешчанага ўвагай журналістаў спартсмена публічнае прызнанне яго заслуг.

— Пётр Паўлавіч, а з чаго ўсё пачалося?
— Жылі мы тады на хутары непадалёк ад вёскі Гусак. Каб удосталь наездзіцца на веласіпедах па добрай дарозе, часта выязджалі на шашу. Там не раз бачылі спартсменаў-велагоншчыкаў, якія трэніраваліся, пераадольваючы шлях ад Брэста ў бок Маларыты. Нягледзячы на тое, што ў мяне быў дарожны веласіпед, не раз спрабаваў прыстроіцца да спартсменаў: мне было цікава пракаціцца разам з імі наперагонкі. Неяк мяне заўважыў брэсцкі трэнер Сяргей Ануфрыевіч Рабчук і прапанаваў займацца ў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе ў Брэсце. Я згадзіўся. Больш таго, падахвоціў і іншых, сваіх сяброў. І мы разам з Іванам Калешуком, Іванам Селешуком, якія потым сталі майстрамі спорту СССР, многімі іншымі юнакамі з Гусака, Велікарыты, Пажэжына і Лешніцы два разы на тыдзень ездзілі на трэніроўкі ў Брэст. Веласпорт настолькі заразіў тады многіх, што гэта ў нашых мясцінах стала хваробай у добрым сэнсе гэтага слова. Дарэчы, былы начальнік упраўлення фізічнай культуры і спорту Брэсцкага аблвыканкама Мікалай Мікалаевіч Хевук таксама займаўся ў веласекцыі ў Брэсце, і мы разам з ім удзельнічалі ў многіх спаборніцтвах у складзе зборнай вобласці.

— А на трэніроўкі ў Брэст як дабіраліся?
— На веласіпедах. Трэнер усім нам, хто займаўся ў секцыі, выдаў іх. Праўда, іншы раз у сам Брэст мы не ехалі. Бо калі велагоншчыкі выбіралі трасу ад абласнога цэнтра ў бок Маларыты, мы з імі сустракаліся на 12-ым кіламетры і разам імчалі.

— Першыя спаборніцтвы, у якіх давялося ўдзель­нічаць, памятаеце?
— Першы раз мяне запрасілі паўдзельнічаць у спаборніцтвах, калі я вучыўся ў 9-ым класе Велікарыцкай сярэдняй школы. Быў тады 1965 год. Мікалай Фёдаравіч Германюк арганізаваў першы велапрабег, і мы з Сяргеем Федаруком і Валодзем Вашчулам паехалі абараняць гонар школы. Праўда, у мяне быў дарожны веласіпед, а ў іх — спартыўныя, бо яны займаліся ў спартыўнай школе і трэнер дазволіў Сяргею і Вало­дзю выступаць на спаборніцтвах на гэтых веласіпедах. Памятаю добра, што старт давалі ля магазіна на выездзе з Маларыты. Мы павінны былі праехаць да перакрыжавання і вярнуцца назад. Я пераадолеў дыстанцыю ў 20 кіламетраў за 34 хвіліны 57 секунд. Але гэта быў не лепшы мой вынік. Калі заканчваў 10-ы клас, трэнер прапанаваў паўдзельнічаць у аса­біста-камандным першынстве Беларускага рэспубліканскага Са­вета “Дынама” ў індывідуальнай гонцы на 20 кіламетраў. Тады ў мяне быў вынік 29 хвілін 34 секунды. Ён аказаўся найлепшым. На гэтых спаборніцтвах я і атрымаў сваю першую грамату.

— Памятаеце той дзень, калі Вы першы раз селі на веласіпед?
— Гэты дзень нельга забыць, бо першы раз я сеў на веласіпед, які тата купіў мне за заробленыя мною грошы. Я тады вучыўся ў 3-ім класе.

— І дзе ж Вы, школьнік, грошы зарабілі?
— Сям’я ў нас была вялікая, таму прасіць у бацькоў грошы на веласіпед, які мне вельмі хацелася мець, а на іх тады ездзілі амаль усе хлопцы ў вёсцы, нават не асмельваўся. Пайшоў у заробкі: пасвіў у людзей авечак. Заробленых грошай якраз на веласіпед “Арляня” і хапіла. Колькі было радасці! А як я яго шанаваў! Заеду ў школу і стаўлю дзе-небудзь у надзейным месцы, каб не ўкралі. Настаўнік фізкультуры Мікалай Сяргеевіч Кучко звычайна дазваляў мне паставіць веласіпед у сваіх так званых апартаментах: там было надзейна.

— А братам і сёстрам давалі пракаціцца?
— Абавязкова, хаця не з вялікай ахвотай. Баяўся, што сапсуюць.

— Не будзем стамляць чытачоў і пералічваць усе спаборніцтвы, у якіх Вы ўдзель­нічалі, бо назбіраецца такіх да сотні. Як не будзем пералічваць дыстанцыі велагонак, бо гэта будзе шлях, як Вы сказалі, даўжынёю каля 150 тысяч кіламетраў. А самая цяжкая для Вас дыстанцыя была якая?
— Я тады выступаў за зборную нашай рэспублікі ў Алма-Аце, дзе давялося пераадольваць шлях у 260 кіламетраў. Ехалі мы 7 гадзін. На адным этапе велагонкі паказаў трэці вынік і выйграў прамежкавы фініш. Не зусім лёгка далося мне першае месца на дыстанцыі 150 кіламетраў на 4-ай Усеармейскай шматдзённай велагонцы ў 1969 годзе (я тады служыў у арміі), што праходзіла ў Львове. Памятаю і “салёную” перамогу ў групавой гонцы на 500 кіламетраў, што праходзіла ў Маскве ў 1971 годзе ў праграме 5-ай летняй спартакіяды народаў СССР. Мой вынік — 1 гадзіна 18 хвілін 52 секунды.

— Пётр Паўлавіч, што Вас найбольш заманьвала ў веласіпедным спорце?
— Як правіла, велагонкі прахо­дзяць пад адкрытым небам. А гэта значыць, кожны раз, калі выходзіш на старт, ты зносішся з прыродай, дыхаеш свежым паветрам. Разам з тым і якасць дарог вывучаеш. Ну і з краінамі, людзьмі знаёмішся. Аб’ездзіць жа давялося амаль увесь Савецкі Саюз, і не толькі.

— Быў, напэўна, і падарунак самы дарагі?
— Я тады, у 1969 годзе, служыў у арміі ў Мінску і трэніраваўся ў спартыўным клубе арміі — СКА. 2 жніўня ў Львове праходзіла 4-ая Усеармейская шматдзённая велагонка, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння Леніна. Наша каманда заняла I месца, і мне, радавому, камандаванне Беларускай ваеннай акругі падарыла ручны імянны гадзіннік з гравіроўкай. Яго захоўваю і сёння.

— 5 гадоў Вы выступалі ў складзе зборнай Бела­русі, а на алімпіяду, што праходзіла ў 1972 годзе ў Мюн­хене, Вам не прапаноўвалі паехаць?
— Я быў кандыдатам у алімпійскую зборную, і вельмі хацелася туды трапіць, але, на жаль, у Мюнхен я не паехаў, выбралі больш мацнейшых. З беларусаў у алімпійскай зборнай былі барысаўчанін Алег Логвін і мінчанін Уладзімір Камінскі. Доўгі час падтрымліваў, ды, зрэшты, і цяпер падтрымліваю з імі сувязі.

— Пётр Паўлавіч, чаго Вы найбольш баяліся, калі выходзілі на старт?
— Каб не падвёў веласіпед: тэхніка ўсё ж ёсць тэхніка, і ўсялякае з ёю можа здарыцца.

— І часта Ваш любімы спартыўны сябар Вас падводзіў?
— Такое бывала вельмі рэдка.

— А цяпер выкарыстоў­ваеце веласіпед?
— Жыву ў цэнтры горада Брэста, а гараж знаходзіцца за 5 кіламетраў ад яго. Калі трэба туды дабрацца, саджуся на веласіпед. Некалькі хвілін — і я там.

— Для таго, каб пра­фе­сійна, а значыць, пастаянна, займацца спортам, трэба мець добрае здароўе. Як Вы лічыце, што ўмацоўвала Вашы фізічныя і маральныя сілы?
— Добрым здароўем мяне Бог надзяліў з дзяцінства. Я рэдка калі хварэў, бо не любіў сядзець дома проста так. Мне трэба было нечым займацца, каб рухацца. Акрамя таго, бацька трымаў пчальнік, у нас пастаянна быў мёд, а гэты прадукт, як вядома, вельмі і вельмі карысны для чалавечага арганізму. Любіў бацька і паляванне, таму ў нашай сям’і амаль не пераводзілася на стале дзічына, натуральнае прыроднае мяса. Любіў малочныя прадукты, іх было ўдосталь, бо ў нашай гаспадарцы ўтрымлівалася па 2-3 каровы. Лічу, што якаснае харчаванне — гэта галоўнае для здароўя чалавека, калі не браць генную схільнасць.

— Вы — Паўзун. Шмат разоў Ваша прозвішча гучала на спартыўных спаборніцтвах па велагонках розных узроўняў. І, атрымліваючы чарговую грамату ці Дыплом пераможцы, у вачах тых, хто Вам іх уручаў, напэўна, не раз можна было прачытаць, маўляў, не адпавядае прозвішча гэтага юнака яго спартыўным дасягненням. Вы такога не заўважалі?
— Іншы раз, калі падыходзіў для ўручэння ўзнагарод, бачыў патаемную ўсмешку на тварах многіх. І ў душы ўдакладняў:”Так, так, Паўзун, а прыляцеў першым…”

— Ніколі не цікавіліся, адкуль пайшло Ваша прозвішча?
— Прозвішча Паўзун (рус­кі варыянт — Повзун) дасталася па бацькоўскай лініі. У вёсцы Астромічы Кобрынскага раёна, дзе нарадзіўся мой бацька, жыхароў з такім прозвішчам было шмат. Здарылася так, што дзед, калі быў у бежанцах у Самары, страціў дакументы, і калі рабіў новыя, прозвішча запісалі інакш — рускі варыянт Ползун. Так мы і сталі Паўзунамі. Дарэчы, дзед расказваў, што калі быў у Самары, бачыў жывога Ле­ніна. Нават некалькімі словамі з ім перакінуўся. Даведаўшыся пра такое, мы дзядулю нават больш паважаць пачалі. Як-ніяк, а з вялікім чалавекам быў знаёмы асабіста. Гэта тады было вельмі важна.
…Падцягнуты, стройны, жвавы. І ў свае 68 гадоў Пётр Паўзун не страціў спартыўнай формы. А вельмі прыкметны румянец на шчоках, бравая паходка падказвалі, што ў спартыўным целе не можа быць нездаровага духу. Імпанавалі мне ў гэтым чалавеку і яго нешматслоўнасць, сціпласць. Яны таксама заўважаліся адразу і ўзвышалі маральна нашага славутага земляка, майстра спорту СССР, яшчэ больш.
Ірына КАСЦЕВІЧ.

Опубликовано Гч № 25 от 29.03.17г.

Добавить комментарий


https://www.13.ua/

Был найден мной полезный интернет-сайт с информацией про купить Comanche Tomahawk Fs https://velotime.com.ua/product/comanche-tomahawk-fs/
UDI RC U27
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!