Арт-тэрапія фарбамі

Вы чулі калі-небудзь пра правапаўшарнае маляванне? Не? Вось і я, прызнацца, даведалася пра такі метад мастацкай творчасці толькі тады, калі пачула расказ пра майстар-клас, які правяла з наведвальнікамі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва мадэльер-канструктар, дырэктар швейнай фірмы “Эллетта” горада Брэста Юлія Кутковіч. Пад яе кіраўніцтвам маладыя людзі, якія, трэба сказаць, зусім не ўмелі маляваць, з дапамогай гуашы, акрылавых фарбаў, пэндзля і пальцаў стварылі свае першыя мастацкія шэдэўры. І, што самае дзіўнае, атрымаліся яны ва ўсіх удзельнікаў майстар-класа. На лістах паперы спачатку з дапамогай белай гуашы і мазкоў каляровай фарбы з’явіўся фон, на якім у імправізаванай форме “выраслі” кветкі. Ды такія натуральныя, што нават не паверылася адразу, што гэта малявалі не прафесійныя мастакі, а маладыя людзі з рознымі праблемамі ў здароўі.

Ну, як было не зацікавіцца такім метадам малявання? Інфармацыю вырашыла пашукаць у “сусветнай павуціне”. І гэтай інфармацыі, трэба сказаць, нямала. Цяпер я ведаю, што правапаўшарнае маляванне – гэта своеасаблівы метад арт-тэрапіі, які яшчэ называюць “тэрапія без слоў”. Левае паўшар’е мозга адказвае за лагічныя сувязі, крытыку, правілы і стэрэатыпы. Калі вучыцца маляваць па правілах – вывучаючы колеры, адценні, формы, святло і цені, блізкі план і далёкі, малюючы эскізы, для авалодання тэхнікай спатрэбіцца не адзін год. Правае паўшар’е – гэта наша інтуіцыя. Яно дапамагае нам думаць не формамі, а вобразамі. Правапаўшарнае маляванне якраз і ёсць магчымасць адмовіцца ад розных схем, ствараць малюнак спантанна, адлюстроўваючы сваё ўяўленне, ствараючы асяроддзе ў выгля­дзе плям і штрыхоў, надаючы намаляваным аб’ектам сваю форму. Што самае цікавае, такі від творчасці падуладны кожнаму, і малюнак абавязкова атрымаецца. У гэтым якраз і пераканаліся ўдзельнікі майстар-класа. Усе яны малявалі вазу з кветкамі. У кожнага атрымаўся свой прыгожы букет. Разам з асалодай ад вырабленага сваімі рукамі прыгожага падарунка для блізкіх маладыя людзі яшчэ адчулі задавальненне ад усведамлення таго, што самі ў сабе раскрылі схаваныя здольнасці.
Між іншым, такую арт-тэрапію фарбамі нядрэнна было б прымяняць час ад часу кожнаму з нас. У штодзённым стрэсавым жыцці, калі пастаянна трэба нешта аналізаваць, падлічваць, планаваць, так важна хоць на паўгадзіны пераключыцца на творчасць, даверыцца сваёй інтуіцыі. Менавіта яна дапаможа думаць крэатыўна і, магчыма, само сабой знойдзецца нестандартнае вырашэнне праблемы. Так раяць псіхолагі. Верыць у такую методыку ці не – справа кожнага. Але праверыць сябе ў творчасці не пашкодзіць нікому.
Святлана МАКСІМУК.

НА ЗДЫМКАХ: у час майстар-класа па правапаўшарным маляванні.
Фота Алы РОДЗІНАЙ.

Опубликовано ГЧ № 25 от 29.03.17 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


surrogacycmc.com

система автополива

http://chemtest.com.ua