Адданасць

Калі выпускніца Ляхавіцкага саўгас-тэхнікума, ураджэнка Баранавіцкага раёна Валянціна Аніська (прозвішча да ўзяцця шлюбу) па размеркаванні ехала на работу ў Олтуш, яна не думала, што сустрэне тут сваё шчасце. А склалася ўсё — лепш і не трэба. Адпрацаваўшы нейкі час у калгасе заатэхнікам, Валянціна ўладкоўваецца на вакантнае месца галоўнага бухгалтара ў сельвыканкаме, выходзіць замуж і застаецца ў Олтушы. З таго часу, Валянціна Лямачка не памяняла не толькі месца работы, месца жыхарства, але і дом бацькоў мужа, куды маладыя адразу пасля вяселля пайшлі жыць і дзе жывуць усе разам і цяпер. На рабоце, у вёсцы, дома душа Валянціны знаходзіла і знаходзіць тое, ад чаго ёй лёгка і ўтульна. У калектыве, як добрасумленнага работніка, яе цанілі і цэняць, аднавяскоўцы, з якімі яна заўсёды шчырая, паважалі і паважаюць; муж і свякроў – любілі і любяць за дабрыню, стрыманасць, цярплівасць, уменне дараваць. Між іншым, для сям’і Лямачкаў зайздроснае пастаянства характэрна наогул. Амаль 30 год Валянціна працуе ў сельвыканкаме, больш чым 25 год яе муж Аляксандр – вадзіцелем у мясцовай гаспадарцы, 40 год свякроў Надзея Фядосаўна Лямачка адслужыла людзям на пасадзе медсястры ў Олтушскай участковай бальніцы, амаль 30 год у ладзе жывуць разам 2 сям’і, прадстаўнікі двух пакаленняў.
Добры прыклад бацькоў стаў асноўным арыенцірам узаемаадносін і ў сем’ях дзяцей Лямачкаў. Не нарадуюцца Валянціна і Аляксандр не толькі дачкой і сынам, але і зяцем – майстрам на ўсе рукі; нявесткай – добрай душы чалавекам, клапатлівай гаспадыняй і маці.
Нездарма кажуць, што з усіх пладоў найлепшыя прыносіць добрае выхаванне.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: галоўны бухгалтар Олтушскага сельвыканкама Валянціна ЛЯМАЧКА.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.