Застаемся!

Мы, маладыя, хочам добра жыць і падымацца на ногі. Але нішто не даецца чалавеку лёгка. Каб чагосьці ў жыцці дабіцца, трэба добра і старанна папрацаваць. Сказаць, што сучасная моладзь лянівая і не жадае працаваць, будзе не зусім правільным. Проста не трэба імкнуцца ўзяць усё і адразу.

Калі яшчэ некалькі год назад можна было з упэўненасцю сказаць, што моладзь “бяжыць” з вёскі, то сёння назіраецца зваротная з’ява. Не, маладыя людзі не рванулі ўсе і адразу жыць і працаваць на сяле, але сітуацыя значна пачала змяняцца ў лепшы бок. Вось і «ГЧ» неаднаразова пісала пра маладых спецыялістаў на сяле. Большасць з іх прыходзяць па размеркаванні ў сельгасарганізацыі, школы і г.д. і застаюцца там працаваць.
Маладога спецыяліста, а асаб­ліва на сяле, трэба заці­каўліваць добрымі ўмовамі працы і быту. Так лічыць і дырэктар ААТ «Рыта» Іван Пастушак: «У нашай гаспадарцы ідзе натуральнае абнаўленне спецыялістаў. Але мы не спяшаемся адпраўляць людзей на заслужаны адпачынак і на іх месца браць маладых. У гэтай справе патрэбны пераемнасць і перадача вопыту. А калі ж прыходзіць малады спецыяліст, то трэба стварыць камфорт­ныя ўмовы для яго быту». А каб не быць галаслоўным, Іван Тадэвушавіч знаёміць нас з маладой сям’ёй Сідарукоў.
Працоўны стаж Ульяны і Аляксандра Сідарукоў у ААТ «Рыта» невялікі, усяго некалькі гадоў. Але, нягледзячы на гэта, Аляксандр займае пасаду галоўнага інжынера, а Ульяна — галоўнага бухгалтара гаспадаркі.
— І я, і Саша скончылі Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію, толькі ў розны час і па розных спецыяльнасцях. Па размеркаванні трапілі ў Маларыцкі раён, у былы СВК «Рыта», менавіта тут мы і пазнаёміліся. Спачатку жылі ў інтэрнаце, а пасля таго, як пажаніліся, гаспадарка выдзеліла нашай сям’і добраўпарадкаванае жыллё. Мы прынялі рашэнне і пасля таго, як адпрацуем у гас­падарцы належны тэрмін, застацца жыць і працаваць у Велікарыце, — расказвала Ульяна.
У калектыве вопытных работ­нікаў Ульяну і Аляксандра, нягледзячы на іх маладосць, як галоўных спецыялістаў успрынялі добразычліва. Любімая прафесія, добраўпарадкаванае жыллё, добрыя адносіны з калегамі – усё гэта ў іх ёсць. Застаецца пажа­даць маладой сям’і шчасця і роск­віту.
Павел КАНАНОВІЧ.
Фота з асабістага архіву
сям’і Сідарук.

Опубликовано ГЧ № 25 от 29.03.17 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.