Па жыцці – з пачуццём гумару

…Міхаіл Мікітавіч Радчык сустракаў гасцей ля брамкі. Павітаў кожнага, пажартаваў наконт пражытых гадоў, з усмешкай успрыняў камплімент, што выглядае не на 90, а гадоў так на семдзесят, і жвава павёў усіх у дом. А павіншаваць ветэрана з юбілеем у вёску Гусак прыехалі і старшыня Велікарыцкага сельвыканкама Віктар Кірычун, і дырэктар тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Людміла Алесік, і загадчыца аддзялення прыёму інфармацыі, аналізу і прагназавання Кацярына Батурына, і старшыня раённага савета ветэранаў Уладзімір Бойка.

Міхаіл Мікітавіч з пакалення тых, каму не проста выпала перажыць вайну, а ўбачыць яе ў разгары падзей. Ён не ваяваў са зброяй на перадавой, але, як працаўнік тылу, пабываў з часцямі Савецкай Арміі ў Венгрыі, Румыніі, Чэхаславакіі і іншых краінах. А таму многае перажыў, многае пабачыў.
Пасляваеннае жыццё Міхаіла Радчыка таксама не было лёгкім. Даводзілася шмат працаваць. Плён яго працы і сёння могуць паспрабаваць многія. Кожнае дрэва на 10 гектарах калгаснага саду ведае цеплыню яго рук. І цяпер, калі садавод даўно ўжо на заслужаным адпачынку, ён штодня наведвае свой яблыневы сад. Асабліва любіць бываць тут вясной, калі дрэвы пакрываюць белыя кветкі, а паветра напаўняе салодкі водар – водар жыцця. Ён вяртае ў былое. А ў ім засталося многае: і працоўныя будні, і клопаты аб дзецях, а іх у Радчыкаў было двое – сын Іван і дачка Зінаіда, і святы, і перажыванні (ужо шмат гадоў Міхаіл Мікітавіч – удавец). Часам успаміны наводзяць на сум. Але з ім Міхаіл Радчык заўжды ўмеў змагацца такой зброяй, як гумар. Вось і цяпер не прамінае пасмяяцца і над тым, што сілы ўжо не тыя, і нават над адзінотай. Са шчырай усмешкай прымаў ён і віншаванні са сваім 90-годдзем. І ўсім у адказ жадаў даўгалецця.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: Міхаіл Радчык разам з гасцямі.
Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 25 от 29.03.17 г.

Добавить комментарий


www.panchira-gazo.biz

www.topobzor.info
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!