«Аконны сэрвіс» ці аконнае махлярства ?

Усё пачыналася, як у вершы Карнея Чукоўскага: у мяне зазваніў тэлефон… Субота, ранак. Спяшаюся да трубкі.

— Алё, добры дзень! Сёння ў вашым доме праводзіцца праверка вокнаў. Скажыце, у вас вокны пластыкавыя? — пытаецца ў мяне прыемным голасам жанчына.
— Так, пластыкавыя, — яшчэ не паспеўшы зразумець цалкам, што ад мяне хочуць, гавару ў адказ.
— Звычайна пасля зімы выяўляецца шмат праблем у пластыкавых вокнах, а таму ў 13 гадзін чакайце спецыяліста, ён будзе наведваць іншыя кватэры, зойдзе і да вас. Не хвалюйцеся, праверка гэтая зусім бясплатная, — працягвае тлумачыць голас на другім канцы тэлефоннай лініі.
Калі прадстаўнік “аконнага сервісу” называе мой нумар кватэры, удакладняючы, ці правільны адрас, зусім губляюся і нават не паспяваю спытаць, прадстаўнікі якой такой дзіўнай фірмы праводзяць агляд. Хвіліну сяджу ў задуменні. І тут з’яўляецца з дзясятак пытанняў, якія б хацелася задаць жанчыне з “мілым” голасам у трубцы. Спытала б, з якой гэта нагоды прадстаўнікі нейкай фірмы павінны праводзіць у маёй кватэры планавую праверку вокнаў? Адкуль яны ведаюць не толькі мой нумар тэлефона (яго, вядома, можна атрымаць і ў даведачнай службе “Белтэлекама” ці проста падабраць лічбы), але і мой дакладны адрас? Ды і ўвогуле, навошта мне іх праверка, калі пры нейкіх праблемах сама магу звярнуцца да майстроў, да прыкладу, да прадстаўнікоў той жа фірмы, якая ўсталёўвала вокны?
Паколькі задаваць пытанні ўжо было позна, “паклікала” на дапамогу інтэрнэт. Не паспела яшчэ ўвесці ў камандны радок словы “праверка пластыкавых вокнаў”, як тут жа знайшлося некалькі сотняў старонак па тэме. Адкрываю першую і чытаю: “Схема падману бясплатнай праверкі пластыкавых вокнаў”… “Дык вось яно што!”, — думаю пра сябе і пачынаю чытаць. У інтэрнэт-артыкуле апісваецца амаль што мая гісторыя – званок на тэлефон з паведамленнем аб праверцы вокнаў, назначэнне часу прыходу майстра, а далей, як гаворыцца, усё залежыць ад умення пераканаць, якое з юрыдычнага пункту гледжання не з’яўляецца падманам.
Як аказваецца, са схемай махлярства, калі ў дом прыходзіць прадстаўнік “аконнага сервісу”, праводзіць агляд вокнаў, знаходзіць дэфекты і пачынае настойліва пераконваць у неабходнасці рамонту, прапануючы тут-жа, на месцы, заключыць дагавор і заплаціць перадаплату, ужо знаёмы многія жыхары Мінска, Гродна і многіх іншых вялікіх гарадоў. Цяпер, як відаць, “сэрвіс” прыйшоў у райцэнтры. Здавалася б, што тут дрэннага? Але калі пачытаеш водгукі тых, хто даверыўся такім “праверкам”, дык разумееш, што не пра нас, спажыўцоў, клапоцяцца прадстаўнікі такіх вось прадпрымальных фірм. Нашы вокны іх цікавяць толькі для таго, каб папоўніць сваю кішэню. Прыходзіць да бабулі-пенсіянеркі такі вось прадстаўнік “аконнага сервісу”. Яна ўспрымае “планавую праверку”, як неабходнасць, адчыняе дзверы, уважліва слухае заключэнне майстра, які з разумным выглядам тлумачыць ёй, што пад акном з’явілася шчыліна, таму хутка выпадзе і сам шклопакет, што аконны замок амаль зламаўся, а значыць трэба цалкам замяніць фурнітуру, і, расхваляваўшыся, згаджаецца на рамонт. Паколькі значнай сумы грошай у пенсіянеркі адразу ў доме няма, падпісвае тут жа дагавор на растэрміноўку ці крэдыт. Калі праз пэўны час апомніцца, што грошы ў яе забяруць вялікія, змяніць нешта будзе ўжо немагчыма. Бо дагавор, які яна падпісала, – гэта дакумент. Паслугі пенсіянерцы, магчыма, і акажуць, не падмануць, але па якой цане? І гэта ў тым выпадку, калі такую схему “аказання паслуг” сапраўды праводзіць фірма. А бывае, як сведчаць усё тыя ж паведамленні ў інтэрнэце, што пад выглядам работнікаў фірм прыходзяць злачынцы. Тады сітуацыя можа быць увогуле небяспечнай не толькі для маёмасці, але і для жыцця.
Прызнацца, хацелася дачакацца спецыяліста, які павінен быў агледзець мае вокны. Але абставіны склаліся так, што якраз трэба было пайсці з дому. Калі прыйшла, даведалася ад суседзяў, што незнаёмыя людзі стукалі ў дзверы. Між іншым, такія тэлефонныя званкі ў той суботні дзень патурбавалі многіх жыхароў нашага горада. Адрэагаваў на іх кожны па-свойму.
Можна было б пакінуць усю гэтую гісторыю без увагі. Але ж хочацца папярэдзіць тых, каму, магчыма, яшчэ давядзецца пачуць у трубцы паведамленне, што ў іх доме будзе праводзіцца “праверка вокнаў”. Такую праверку не праводзіць камунальная служба. Гэта так званыя “прадпрымальнікі” з прыватных фірм, і перш чым давяраць ім, лепш падумаць.
Святлана МАКСІМУК.

Опубликовано ГЧ № 26 от 1.04.17 г.

Добавить комментарий


www.techno-centre.niko.ua

ka4alka-ua.com

www.220km.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!