Вучоны з маларыцкімі каранямі

Аляксандр Іванавіч Ханчук – доктар геолага-мінералагічных навук, сапраўдны член (акадэмік) Расійскай акадэміі навук. Першы намеснік старшыні Далёкаўсходняга аддзялення Расійскай акадэміі навук, член Прэзідыума Расійскай акадэміі навук, спецыяліст у галіне фундаментальных і прыкладных праблем геалогіі і металагеніі ціхаакіянскіх ускрайкаў.
Нарадзіўся Аляксандр Іванавіч 19 верасня 1951 года ў Маларыце. У 1976 г. закончыў Львоўскі дзяржаўны ўніверсітэт. З 1976 года працаваў у Далёкаўсходнім геалагічным інстытуце: аспірант, малодшы, затым старшы навуковы супрацоўнік, загадчык лабараторыі (1986 г.), намеснік дырэктара па навуковай рабоце (1988 г.), выканаўца абавязкаў дырэктара інстытута (1993 г.), дырэктар інстытута (з 1996 па 2016 гг.).
У 1981 годзе Аляксандр Іванавіч Ханчук абараніў кандыдацкую дысертацыю ў спецыялізаваным савеце пры Прэзідыуме Далёкаўсходняга НЦ Акадэміі навук СССР па тэме “Геалогія і паходжанне Сярэдне-Камчацкага крысталічнага масіву”. А ў 1993 г. – доктарскую дысертацыю ў спецсавеце Геалагічнага інстытута РАН па тэме “Геалагічная будова і развіццё кантынентальнага аздаблення Паўночна-Заходняга Ціхага акіяна”. Член-карэспандэнт Акадэміі навук з 30 мая 1997 года – Аддзялення геалогіі, геафізікі, геахіміі і горных навук (геалогія). Акадэмік з 25 мая 2006 года – Аддзяленне навук аб Зямлі РАН (Далёкаўсходняе аддзяленне РАН, геалогія, металагенія).

-Па акадэмічных мерках у мяне быў вельмі хуткі рост, — расказвае Аляксандр Іванавіч. – Спецыфіка нашай навукі такая, што для таго, каб заваяваць навуковы аўтарытэт, трэба шмат папрацаваць у экспедыцыях, сабраць матэрыял, апрацаваць яго, падрыхтаваць публікацыі. Мне, акрамя ўсяго, напэўна, дапамагло тое, што пасля І курса ўніверсітэта 2 гады служыў у Савецкай Арміі, у чыгуначных войсках, у маставым батальёне. Гэта фактычна будаўнічая часць. Спачатку быў геадэзістам, затым займаўся тэхнічнымі і эканамічнымі праблемамі, а пасля службы ў арміі амаль год працаваў у будаўнічым упраўленні ў Беларусі, у сябе на радзіме, – майстрам. Затым — старшым інжынерам. Нейкі арганізацыйны вопыт, уменне працаваць з фінансавымі дакументамі, разуменне розных бакоў гаспадарчай дзейнасці – гэта адклалася на ўсё жыццё і вельмі дапамагала ў далейшай адміністрацыйнай рабоце. А ўсё астатняе, думаю, – у мяне ад бацькоў.
Я захапляўся хіміяй, напэўна, таму і захацелася стаць геахімікам. У той час геахімію як спецыяльнасць выкладалі ў трох навучальных установах – у Маскве, Ленінградзе і Львове. А тут якраз адкрылі чыгуначныя зносіны Брэст-Львоў. І цягнік праходзіў праз нашу станцыю “Маларыта”. Было вельмі зручна: вечарам садзішся, а раніцай ужо ў Львове. Быў конкурс, вядома. Я набраў вельмі высокі бал і паступіў. І ніколі не шкадаваў, бо геалагічны факультэт Львоўскага ўніверсітэта – гэта цудоўны факультэт. Ён уваходзіў у лік трох вядучых геалагічных факультэтаў савецкіх ВНУ. Садзейнічаў гэтаму накіраваны сюды ў 1945 годзе навуковы дэсант знатнай савецкай прафесуры. І вось, з аднаго боку, аўстрыйска-польская геалагічная школа, з другога – савецкая. Яны злучыліся ў таленавіты калектыў, які і даў мне добрыя веды для рэалізацыі сваіх магчымасцей.
Лічу, што мне пашанцавала ў чыста навуковым плане. Нам з калегамі ўдалося вынайсці новы генетычны тып высакароднаметальнай мінералізацыі ў графітызаваных пародах. У нас на Далёкім Усходзе вялікія плошчы распаўсюджвання гэтых парод, уключаючы і радовішча графіту. У 1940-1950-ыя гады іх разведвалі не толькі на графіт, але і на ўран, бо з графітам і ўран звязаны. І вось навіна: у гэтых графітах прысутнічаюць у значных канцэнтрацыях золата і плаціноіды, рэдказямельныя элементы, якія асабліва запатрабаваны ў навейшых высокіх тэхналогіях. Цяпер у цэнтральным друку змяшчаюцца некаторыя захапляльныя публікацыі. Там, безумоўна, ёсць перабольшванні, але размова сапраўды ідзе аб зусім новай крыніцы высакародных металаў. І мне выпала ўдача звязаць сваё імя з развіццём гэтага новага накірунку. Атрымалася вялікая комплексная праграма, у якой удзельнічаюць таксама супрацоўнікі іншых навуковых арганізацый Далёкаўсходняга аддзялення: Інстытута хіміі, Хабараўскіх інстытута тэктонікі і геафізікі імя акадэміка Касыгіна, інстытута горнай справы. І цу­доўна, што мы ў ёй больш працуем нават у плане тэхналогіі, чым у плане геалагічнага вывучэння. Тут, з графітызаванымі пародамі, я выступіў не як арганізатар, гэта была мая здагадка як вучонага, як плён шматгадовых роздумаў. Я думаў пра гэта яшчэ амаль 20 гадоў таму назад, толькі сама рэалізацыя зацягнулася. Гэта чыста навуковы вынік, і мне прыемна, што ён мае з аднаго боку фундаментальную значнасць, як новая з’ява, а з другога – неяк пераходзіць і ў практычную плоскасць.
1. Калі Вы апошні раз былі на малой радзіме і што для Вас малая радзіма?
— У Маларыце быў апошні раз некалькі гадоў таму назад. Як звычайна, захапляе чысціня ў горадзе, вялікая колькасць кветак. Цудоўна ў гарадскім парку, упрыгожаннем якога з’яўляецца спартыўны комплекс. Нават цяпер, у свае гады, я з задавальненнем наведваю трэнажорную залу. Горад выклікае цудоўныя ўражанні, ён утульны і кампактны. І ўсё такія ж добрыя, сімпатычныя, чулыя людзі — мае землякі.
Малая Радзіма для мяне — гэта памяць пра дзяцінства, бацькоў, цудоўную школу і клас, прыроду, якая, на жаль, ужо не захавалася ў сваім першапачатковым выглядзе пасля меліярацыі земляў на Маларытчыне.
Успамінаюцца вершы аднаго маладога паэта:
Город мой – это тихое место,
Где обычный восход и закат.
Но так ярко, как в городе детства,
Звёзды больше нигде не горят.
2. Формула поспеху:
— Яна зусім простая: няма праблем, што нельга вырашыць. Можа быць толькі адсутнасць жадання гэта рабіць. Усведамленне такой формулы дазваляе ісці да дасягнення любых мэт.
3. Карані, сям’я, адкуль вый­шлі:
— Тата і мама ў мяне былі простыя людзі. Бацька нарадзіўся і вырас у заможнай сялянскай сям’і, дзед загінуў у 1945 годзе – падарваўся на міне. Немцы прымусілі жыхароў нашага гарадка прайсці па дарозе, што замініравалі партызаны. Бацьку прызвалі ў армію ў 1944 годзе, пасля вызвалення нашай мясцовасці. Бабуля па лініі бацькі была разумная жанчына, яна прыслухалася да парады брата, які яшчэ ў 1920-ыя гады праз граніцу перайшоў у савецкую Расію, ваяваў, палкоўнік. Ён і параіў бабулі ад усёй “лішняй” маёмасці адмовіцца адразу. Гэта, магчыма, і выратавала іх ад раскулачвання.
Тата быў цудоўным чалавекам, вельмі добрым, працаваў у пажарнай ахове Маларыты. Мама – другі тыпаж, хоць бы таму, што расла без бацькі, па гэтай прычыне я свайго дзядулю па лініі маці і не ведаю. Але ў прынцыпе я ўвесь у маму. А, значыць, у невядомага мне дзядулю. Мама з бабуляй аказаліся ў Заходняй Беларусі. І мама, якая нарадзілася ў 1927 годзе, з падлеткавага ўзросту ўжо стала гаспадыняй у доме. І яна, і бацька вучыліся ў польскіх школах. У мамы доўгі час захоўваліся граматы за добрую вучобу. Пасля вайны яна працавала ў фінансавых арганізацыях, доўгі час была галоўным бухгалтарам камбіната бытавога абслугоўвання ў Маларыце.
Падрыхтавала
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: наш зямляк, ака-дэмік Аляксандр ХАНЧУК.
Фота з сямейнага альбома.

Опубликовано Гч № 27 от 5.04.17г.

Добавить комментарий


www.unc-mps.com.ua

https://adulttorrent.org

https://www.arbud-prom.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!