“Ракеткі” настольнага тэніса

Аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама стаў ініцыятарам і арганізатарам правядзення асабістага першынства раёна па настольным тэнісе. Спаборніцтва нядаўна прайшло на базе Дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы раёна і сабрала прыхільнікаў гэтага віду спорту з нашага райцэнтра і Брэста, а таксама з вёсак Ляхаўцы, Велікарыта, Лукава і Олтуш. Пераможцы вызначаліся асобна сярод жанчын і мужчын. За званне мацнейшай за тэніснымі сталамі змагаліся толькі 4 жанчыны. А вось у групе мужчын памерацца сіламі сышліся 27 мужчын і… адна дзяўчына – Ксенія Ханчук, вучаніца СШ №9 г.Брэста, першаразрадніца, якая ў спісе мацнейшых спартсменак Беларусі па настольным тэнісе па рэйтынгу на 1 сакавіка гэтага года займае 66 пазіцыю.

— Адна з мэт правядзення першынства па настольным тэнісе – папулярызацыя яго ў раёне, — гаворыць Алена Дзімітрова, галоўны суддзя спаборніцтваў, — а таксама прапаганда здаровага ладу жыцця. У першынстве прынялі ўдзел 32 чалавекі. Лічу, што такая колькасць — добры паказчык. Яна сведчыць, што аматары настольнага тэніса на Маларытчыне ёсць. Пераканана, што наступнае спаборніцтва па гэтым відзе спорту збярэ яшчэ больш удзельнікаў.
Каардынацыя і імклівасць рухаў, віртуознасць, хуткасць рэакцыі і вынослівасць – вось ключ да перамогі ў настольным тэнісе. Каб зразумець гэты від спорту, у яго трэба пагуляць.
…І вось апошнія імгненні спаборніцтваў. Усе прысутныя ў чаканні зыходу фінальных гульняў. Выніковая турнірная табліца асабістага першынства раёна па настольным тэнісе выглядае так. Сярод жанчын на вышэйшую прыступку п’едэстала гонару ўзнялася Вольга Багнюк, другой стала Наталля Заруцкая, трэцяе месца заняла Аляксандра Гапанюк, чацвёртае – Наталля Алесік. У групе сярод мужчын на першае месца ў рашаючай гульні выйшаў Дзмітрый Берлін, які ў спісе мацнейшых спартсменаў Беларусі па настольным тэнісе — па рэйтынгу на 1 сакавіка гэтага года займае 137 пазіцыю. Другой на першынстве стала Ксенія Ханчук, трэцім – Уладзімір Аляксюк.
Чэмпіёны першынства з рук Аляксандра Хамічука, намесніка начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, атрымалі Кубкі і дыпломы, тыя, хто заняў ІІ і ІІІ месцы, – дыпломы.

На здымках: момант першынства па настольным тэнісе; удзельнікі і пераможцы спаборніцтва.

Опубликовано ГЧ № 27 от 5.04.17г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.