Дагавор падраду

Будаўнічыя спецыяльнасці цяпер запатрабаваны. І такая работа вельмі нядрэнна аплачваецца ў параўнанні з многімі іншымі. А вы – майстар на ўсе рукі. І, як вам здаецца, ведаеце сабе цану. Работа “ў поце чала” ў дзяржаўнай арганізацыі за “якія-небудзь капейкі” не для вас. Таму згаджаецеся толькі на выгадныя прапановы.
Дапусцім, гэта ўкладка пліткі ці тынкоўка. Расцэнкі вам вядомыя. І вы плануеце за некалькі тыдняў атрымаць ужо некалькі тысяч. На першы погляд, ніякага падману быць не можа. Бо работадавец прыстойны і заключыў пісьмовы дагавор. Але варта адразу ж звярнуць увагу на яго ўмовы.

Абавязковыя патрабаванні для грамадзянска-прававых дагавораў, да якіх адносяцца і дагаворы падраду і выплатнага аказання паслуг, устаноўлены Указам Прэзідэнта РБ ад 06.07.2005 г. № 314 з наступнымі змяненнямі. І важным, у першую чаргу для грамадзяніна, які выконвае работы, з’яўляецца неабходнасць наяўнасці ў дагаворы парадку разліку бакоў, уключаючы сумы, што падлягаюць выплаце. Падчас такая норма не захоўваецца: адпаведная графа дагавора не запоўнена, альбо ў ёй ёсць спасылка на акт выкананых работ. Гэта можа выклікаць вельмі непрыемную сітуацыю для падрадчыка, калі ён убачыць, што ўказаныя ў акце звесткі не адпавядаюць фактычна выкананаму аб’ёму, ды і сума далёкая ад абяцанай. За адсутнасць у заключаным дагаворы памеру ўзнагароджання прадугледжана адміністрацыйная адказнасць. Аднак прымяненне штрафу не вырашае прабле­му з атрыманнем грошай. Дзяржаўныя органы не надзелены правам прыняцця да арганізацый і ін­дывідуальных прадпрымальнікаў мер, накіраваных на тое, каб нейкім чынам прымусіць іх выканаць узятыя на сябе абавязацельствы па аплаце. У выніку вырашаць спрэчку давядзецца выключна ў судовым парадку.
Дарэчы, большасць грамадзян думаюць, што разлічыцца з імі павінны ў апошні дзень работы. На жаль, яны памыляюцца. Вы­плачваць у гэты дзень сумы неабходна толькі тым, хто быў у пра­цоўных адносінах, гэта значыць, прадаставіў працоўную кніжку для ўнясення ў яе запісу аб прыёме на работу, заключыў працоўны дагавор і потым яго скасаваў у парадку, вызначаным заканадаўствам аб працы. Спыненне грамадзянска-прававога дагавора, у тым ліку дагавора пад­раду, не лічыцца зваль­неннем. Адносіны з нагоды выканання абавязацельстваў, якія ўзнікаюць на аснове такіх дагавораў, наогул не падпадаюць пад дзеянне Працоўнага кодэкса. Значыць, для спагнання грашовых сродкаў прадпрымаць дзеянні давядзецца самастойна. Невялікай уцехай можа служыць няўстойка ў памеры не менш чым 0,15% нявыплачанай сумы за кожны дзень пратэрміноўкі, якая прадугледжваецца ў дагаворы.
Акрамя вышэй названых умоў, грамадзянска-прававы дагавор павінен утрымліваць і падставы яго датэрміновага скасавання. Таму проста кінуць работу да заканчэння яго тэрміну і заявіць трэбаванне аб аплаце не атрымаецца.
Станоўчы момант – абавязацельства заказчыка па ўплаце ўзносаў на дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, а таксама па захаванні бяспечных умоў працы. Дарэчы, нормы па ахове працы, закладзеныя ў дагаворы, павінен выконваць і падрадчык.
Бывае, што заказчык у дагаворы-падраду ўказвае прафесію. Пры гэтым патрабуе своечасова пры­ходзіць на вытворчасць, забараняе адлучацца, а аплата нават ні­жэйшая, чым у іншых асоб, але прынятых па працоўным дагаворы. У гэтым выпадку размова можа ісці пра падмену працоўных адносін грамадзянска-прававымі. Аднак, каб атрымаць даплату за звышурочныя гадзіны ці кампенсацыю расходаў, звязаных з работай у іншай мясцовасці (напрыклад, у памеры сутачных пры камандзіроўках), давядзецца спачатку абскардзіць дзеянні работадаўцы для прызнання дагавора працоўным.
Таму не лішнім будзе ўважліва прачытаць, на якія менавіта ўмовы вы згаджаецеся, падпісваючы дакументы. І яшчэ раз узважыць, ці не будзе дагавор пустым абяцаннем.

Інэса ФІСЮК, намеснік начальніка аддзела
Брэсцкага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржінспекцыі працы.

Опубликовано ГЧ № 27 от 5.04.17 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


http://ailavita.com.ua

https://best-cooler.reviews/

Предлагаем вам со скидкой https://shtory.ua недорого с доставкой.