Народнай майстрысе — 75

Майстрыху ткацтва Сцепаніду Сцепанюк ведаюць не толькі ў в.Дарапеевічы. Работы Сцепаніды Аляксееўны вельмі часта экспануюцца на раённых і абласных выставах, на розных фестывалях, канферэнцыях, святах… Днём яна завіхаецца па гаспадарцы, а вечарамі сядае за старэнькі ткацкі станок, бярэ ў рукі чаўнок і пачынае чараваць. У такія моманты здаецца, што твар яе знутры высвечваецца сонцам, а ўвесь пакой напаўняецца нейкім дзіўным святлом, які павольна пераходзіць у яе вырабы. І сапраўды, работы майстрыхі адразу прывабліваюць позірк. Ручнікі, посцілкі, дываны, ходнікі… Што б Сцепаніда Сцепанюк ні ткала, у кожнай рабоце – часцінка яе вялікай душы і цяпло працавітых рук. Акрамя майстэрства, ёсць яшчэ ў гэтых работах і незвычайная прыгажосць.  Кожны выраб радуе вока. Возьмеш такое хараство ў рукі — і нават у хмуры дзень у пакоі становіцца святлей, а сэрцам адчуваеш цяпло яе душы.
“Ткацтва – такі від мастацтва, які хутка бярэ ў свой палон. І хоць яно патрабуе шмат намаганняў і вынослівасці, але не адпускае ўжо ніколі. Узнікае такое прадчуванне, што быццам на варштаце ткуцца гады жыцця, жаночая доля і няпросты чалавечы лёс. У такія хвіліны ў думках мімаволі вяртаешся да тых далёкіх гадоў, калі былі вытканы першы ручнік, першая посцілка”, – прызнаецца Сцепаніда Аляксееўна. Успамінаючы сваё мінулае жыццё, жанчына згадвае доўгія зімовыя вечары, праведзеныя з матуляй ля ткацкага варштата і за калаўроткам, з сяброўкамі на вячорках, калі, акрамя працы,  яшчэ і спявалі песні, у якія ўкладвалася душа,  як і ў работу, якую выконвалі. Менавіта маці Сцепаніды Аляксееўны навучыла «чытаць» яе традыцыйны маларыцкі арнамент, які і сёння прысутнічае на вырабах майстрыхі.
Калі заходзіш у хату да Сцепаніды Сцепанюк, трапляеш, здаецца, у асаблівую атмасферу цеплыні,  шчырасці, гасціннасці. Усё ўражвае прастатой і незвычайнасцю. Зробіш крок, і ногі адчуваюць мяккасць саматканага дывана, глянеш на сцяну – вока цешыць вышытая крыжыкам карціна, кінеш позірк на мэблю – яна таксама “апранутая”, упрыгожаная самаробнымі вырабамі. Бачыш  такую “вясковую” прыгажосць, і само па сабе ўзнікае пытанне: калі жанчына ўсё паспявае, ці адпачываюць  яе рукі? Ткачыха, вышывальшчыца, салістка фальклорнага калектыву, Сцепаніда Аляксееўна яшчэ і ў хоры Дарапеевіцкай царквы спявае. Яна — ся­дзел­ка ля свайго мужа-інваліда, памочніца ў выхаванні ўнукаў дачкі,клапатлівая маці, бабуля і прабабуля, кіраўнік гуртка ткацтва ў раённым Цэнтры народнай творчасці. Між іншым, сваім вучням Сцепаніда Аляксееўна перадае любоў да народных традыцый, творчае майстэрства. Душэўная цеплыня, увага, далікатнасць, творчы запал, тактоўнасць – вось тое, што выкарыстоўвае майстрыха ў працы з дзецьмі. А яшчэ – уменне знаходзіць індывідуальны падыход да кожнага, пачуццё тонкага псіхалагічнага такту, мудрасць.
Глядзіш на жанчыну і бачыш, што справе сваёй яна не здрадзіць, пакуль будзе мець сілы, пакуль зможа прыносіць карысць грамадству. Таму і едзе яна з Дарапеевіч у Маларыту, каб перадаць, захаваць, сыходзячы ў гісторыю, такі родны і мілы від творчасці – ткацтва.
P.S. Нядаўна Сцепаніда Сцепанюк адзначыла 75 гадоў з дня нараджэння. З гэтай нагоды на савеце аддзела культуры ўшаноўвалі юбілярку. Андрэй Гарбацэвіч, начальнік аддзела, уручыў народнай майстрысе Ганаровую грамату і альбом-творчы партрэт “І быццам на варштаце ткуцца новыя гады”, які падрыхтавалі работнікі раённага Цэнтра народнай творчасці пад кіраўніцтвам яго дырэктара Валянціны Струнец.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымках: Сцепаніда Сцепанюк разам з работнікамі раённага Цэнтра народнай творчасці; работы майстрыхі.

Добавить комментарий


купить защиту двигателя

У нашей компании классный web-сайт со статьями про офисная бумага https://vanco.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!