Чароўнае люстэрка Алены Дударчук

Бібліятэкі цяпер – адзін з цэнтраў грамадскага і культурнага жыцця вёскі. Яны не толькі павышаюць інфармацыйную культуру чытачоў, але і збе­­рагаюць гіста­рычную і культурную спадчыну роднага краю, займаюцца асветніцкай, вы­ха­ваўчай дзейнасцю, папулярызацыяй здаровага ладу жыцця, праводзяць розныя сустрэчы, гутаркі… Біб­ліятэкі на вёсцы цяпер маюць свой асаблівы статус. Патрэбу ў тым, што яны робяць, дыктуе само вясковае жыццё.

-Часта мясцовыя жыхары прыходзяць у бібліятэку не толькі, каб пагартаць газеты, часопісы ці ўзяць пачытаць новыя кнігі, абмеркаваць набалелае, падзяліцца ўбачаным, пачутым, перажытым, але і каб сустрэцца з прыгожым, — кажа Галіна Кучына, загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу Маларыцкай раённай бібліятэкі. — Усё пералічанае адносіцца і да Олтушскай сельскай бібліятэкі. Хоць яна і месціцца ў невялікім, але ўтульным і прывабным памяшканні. Дзякуючы Галіне Якаўлеўне Шахрай, бібліятэкару, олтушцы пастаянна даведваюцца шмат новага і цікавага пра таго, з кім не адзін год жывуць побач. Гэта стала магчымым, дзякуючы выставе творчых работ “Майстэрства рук і сэрца”, якая ў бібліятэцы арганізоўваецца ўжо не адзін год.
Наведвальнікі Олтушскай сельскай бібліятэкі маглі пазнаёміцца з 25 жывапіснымі работамі, на­пісанымі Аленай Дударчук. Кожная з іх па-свойму цікавая і яркая.
Алена Уладзіміраўна працуе ў “Савушкіна” лабарантам, а ў вольны час бярэцца за пэндзаль. І тады з-пад яе рук выходзяць прыгожыя малюнкі і карціны.
-На выставе прадстаўлены работы, выкананыя аква­рэль­нымі фарбамі, алеем, алоўкам, — гаворыць Алена Дударчук. – Сябе прафесійным мастаком не лічу. Я – самавучка.
Малюе Алена Уладзі­міраўна з першага класа. У школе была своеасаблівым мастаком-афарміцелем. Нельга ўявіць, каб яна некалі не прыняла ўдзел у падрыхтоўцы да мерапрыемства, якое праводзілася ва ўстанове адукацыі.
-Я любіла маляваць і рабіла гэта з вялікім задавальненнем, — прызнаецца Алена Дударчук. – Што і казаць: нават думала паступаць вучыцца ў вучылішча мастацтваў, каб набыць адпаведную спецыяльнасць. Аднак жыццёвыя абставіны склаліся зусім інакш.
-Што найбольш падабаецца пісаць?
-Многае… Атрымліваю асалоду ад пейзажаў. Падабаецца маляваць коней. Спрабавала пісаць партрэты. Неяк даўно дадумалася маляваць Леніна. Аднак знаёмыя далікатна і тактоўна параілі: “Каб не наклікаць на сябе нейкую бяду, правадыроў СССР не чапай. Чым, напрыклад, горшыя землякі?”. Яны казалі, што ў мяне пакуль не той талент і ўзровень, каб маляваць такіх вялікіх людзей. Я прыслухалася да іх думкі. Пазней яшчэ раз паспрабавала вярнуцца да пар­трэ­таў у сваёй твор­часці. Аднак, каб чалавек на палатне быў падобны на сябе, неабходныя адмысловы талент і майстэрства. Лічу, што да гэтага жанру жы­ва­пісу пакуль яшчэ трошкі “не дарасла”. Быў час, калі малявала і шаржы.
-Алена Уладзіміраўна, дзе бераце тэмы для сваіх карцін?
-Мяне натхняе прыгажосць прыроды роднага краю. Са­праўд­­ныя шэ­дэў­ры ўсюды. Дастаткова вый­­сці ў по­ле, лес ці луг, на возера, каб убачыць непаўторную прыгажосць краявідаў. Бывае, што пішу карціну па фота­здымку. У маіх работах, як у чароўным люстэрку, адлю­строў­ваец­ца тое, што бачу, што западае ў сэрца.
— Што Вам дае напісанне кар­цін?
— Асалоду і заспакаенне. Сам творчы працэс можа суцяшаць боль, гаіць душэўныя раны.
-Алена Уладзіміраўна, колькі часу траціце на напісанне карціны?
-Творчы працэс не можа быць вокамгненным. Спачатку нараджаецца ідэя, затым некаторы час яна спее, набіраецца сілы, а пасля выліваецца ў канкрэтны вобраз. Над сваім чарговым творам магу працаваць дні два-тры і нават больш. Уплываюць на гэта і настрой, і самаадчуванне, і наяўнасць вольнага часу. А ў вёсцы яго, як вядома, не так ужо і шмат.
-А якая ў Вас мара як мастака?
-Іх некалькі. Пра дзве з іх скажу. Хацелася б сустрэцца і пагаварыць з вядомым прафесійным мастаком для таго, каб ён паглядзеў мае работы як спецыяліст, ацаніў іх мастацкія вартасці… Многія з тых, хто бачыў мае работы, раяць паспрабаваць прыняць удзел у выставах мастакоў-самавучак, напрыклад, у Брэсце ці Мінску.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Алена Дударчук і яе жывапісныя работы.
Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 28 от 8.04.17г.

Добавить комментарий


ford.niko.ua

https://start-sport.com.ua/boevye-iskusstva/boks/kapy
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!