Школа – універсітэт: вучымся разумець і цаніць жыццё

Нам выпала жыць у час, калі ў свеце адбываюцца перамены эпахальнага значэння, якія спалучаюць у сабе высокі дынамізм і глабальны характар, прычым значныя зрухі ў галіне інфармацыі і камунікацыйных тэхналогій значна паскараюць гэтыя перамены, якія закранулі як школы, так і ўніверсітэты.

Школа павінна навучыць маладога чалавека думаць і вучыцца, набываць веды, фарміраваць уменне, навучыць разумець і цаніць жыццё – вось педагагічныя перавагі сучаснай адукацыі.
Выбіраючы для навучання каледж ці ўніверсітэт, і бацькі, і дзеці павінны ведаць пра штогадовыя змяненні ў правілах для паступлення. Гэта дазволіць многім абітурыентам загадзя вызначыцца як з выбарам прафілізацыі ў школе, так і з усвядомленым і глыбокаматываваным выбарам прафесіі. Так, напрыклад, тым, хто сёлета будзе паступаць у Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт на дзённую форму навучання на спецыяльнасць “Меліярацыя і водная гаспадарка” і “Сельскае будаўніцтва і абуладкаванне тэрыторый”, акрамя зніжаных мінімальных балаў па ЦТ, не трэба будзе здаваць ЦТ па беларускай ці рускай мовах, а толькі матэматыку і хімію — экзамен ва ўніверсітэце. Але калі абітурыент захоча паступіць на новую ў гэтым годзе на будаўнічым факультэце спецыяльнасць “Архітэктурны дызайн” з тэрмінам навучання 6 гадоў (будзе набірацца адна група – 14 бюджэтных і 16 платных месцаў), то ён павінен будзе здаць ЦТ па беларускай ці рускай мовах, матэматыцы, творчасць (два этапы: малюнак і кампазіцыя (экзамен)). Змяненні ёсць і ў завочнай форме навучання. Калі раней дазвалялася паступаць толькі тым, хто працуе ўжо, то сёлета дазволена паступаць усім, у тым ліку і выпускнікам. Выпускнікі каледжа могуць працягваць адукацыю ў нашым універсітэце на завочнай скарочанай форме. Напрыклад, на факультэце інавацыйнай дзейнасці, упраўлення і фінансаў (спецыяльнасць: інжынер па інфармацыйных тэхналогіях, лагістык-эканаміст, інжынер па радыёэлектроніцы, эканаміст-менеджар і інш.) трэба здаць толькі два пісьмовыя экзамены па профільных дысцыплінах ва ўніверсітэце і не здаваць ЦТ па рускай ці беларускай мовах. Калі ж абітурыент захоча атрымаць перавагу пры паступленні пры роўнай колькасці балаў, ён павінен быў прыняць удзел у прадметных алімпіядах “Абітурыент-2017”, якія праводзіліся ў нашым універсітэце ў сакавіку і красавіку.
Знаёмячыся з вопытам работы школ Германіі на працягу года ў час пастдоктарскай стажыроўкі ва ўніверсітэце Гумбальта ў Берліне, у Інстытуце Славістыкі, дазволю сабе выказаць некаторыя, на мой погляд, важныя меркаванні пра шляхі ўдасканалення адукацыі на сучасным этапе.
Даўно вядома, што адукацыя павінна крочыць заўжды ў нагу з часам, гэта значыць, падвяргацца змяненням і інавацыям, якія адпавядаюць запытам сучаснага соцыума з улікам асаблівасці нашай славянскай ментальнасці. Разам з тым, нельга забываць і пра традыцыі ў адукацыі, правераныя часам, і выніковыя.
Паколькі ўсе нацыянальныя адукацыйныя сістэмы аб’яднаны ў сусветную адукацыйную прастору, то ў кожнай сістэме пры наяўнасці разнастайнасці вы-дзяляюць пэўныя глабальныя тэндэнцыі. Яны характэрны і для беларускай адукацыйнай сістэмы. Гэта даступнасць адукацыі і пераемнасць яе ступеняў і ўзроўняў, прадастаўленне аўтаномнасці і самастойнасці навучальным установам, забеспячэнне права на адукацыю ўсім жадаючым, значны ўплыў сацыяльна-эканамічных фактараў, імкненне да больш высокай якасці адукацыі і інш.
Прыкмечана ўжо, што сёння ў Беларусі, як, між іншым, і ў іншых дзяржавах свету, універсітэцкая адукацыя набывае рысы полі­культурнай, заснаванай не толькі за кошт мультыкультурнага кантынгенту навучаемых, але і за кошт розных моў выкладання. Так, напрыклад, у нашым тэхнічным універсітэце навучаюцца студэнты з Кітая, Індыі, Афганістана, Пакістана, Эрытрэі, Непала, Шры-Ланкі, Бангладэш і іншых дзяржаў не толькі на падрыхтоўчым факультэце, дзе яны вывучаюць рускую мову, але і на многіх факультэтах універсітэта, атрымліваюць адукацыю лагістыка-эканаміста, архітэктара, інжынера па інфармацыйных тэхналогіях і інш.
Ужо не першы год ідзе навучанне замежных студэнтаў на некалькіх мовах (рускай, англійскай). І ў гэтым, 2016-2017 навучальным годзе, упершыню ў Інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі нашага ўніверсітэта адкрыта спецыяльнасць “Педдзейнасць на англійскай мове”, якая дазваляе, не адрываючыся ад асноўнай работы, паспяхова праходзіць перападрыхтоўку спецыялістам – выкладчыкам універсітэта, якія таксама, як і іх калегі, будуць чытаць свае вучэбныя дысцыпліны на англійскай мове. Такі полікультурны адукацыйны асяродак развівае здольнасць студэнта і выкладчыка даваць ацэнку і самаацэнку не толькі сваёй этнічнай прафесійнай культуры, але і культурам іншых этнасаў, што развіваюцца ў іншай сацыяльна-эканамічнай прасторы. Усё гэта, безумоўна, будзе садзейнічаць з’яўленню айчыннага навуковага інтэлекту на сусветным ўзроўні.
Некалькі меркаванняў пра змяненні, якія адбываюцца ў структуры прафесійнай адукацыі. Свет сёння імкнецца да інтэграцыі розных тыпаў ВНУ ў навукова-адукацыйныя мегаполісы кантынентальнага, міжрэгіянальнага і дзяржаўнага значэння. Пры гэтым у многіх краінах Еўропы і свету ўніверсітэты аб’ядноўваюцца з прамысловымі комплексамі з мэтай фарміравання базы для практыка-арыентаваных навуковых пошукаў і падрыхтоўкі ўнікальных мабільных спе­цыялістаў для сучасных фірм і прадпрыемстваў. У Беларусі таксама прадпрымаюцца ме­ры для стварэння практыка-арыентаваных навучальных уста­ноў. Таму важнейшымі прынцыпамі развіцця ўнівер­сітэтаў нашай краіны сёння можна назваць такія, як узаемасувязь навукі і практыкі ў працэсе падрыхтоўкі спецыяліста, пераемнасць паміж узроўнямі адукацыі, культуратворчасць і высокая карпаратыўнасць выпускнікоў універстэта, грамадзянскасць выхавання, інтэлігентнасць і высокая духоўнасць універсітэцкага жыцця. Усё гэта адпавядае сусветным адукацыйным прынцыпам.

Марыя ЖЫГАЛАВА, доктар педагагічных навук, прафесар кафедры беларускай і рускай моў Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, сапраўдны член АПСН РФ, заслужаны настаўнік Беларусі.
(Працяг у наступных нумарах).

Опубликовано ГЧ № 29 от 12.04.17 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий