Пра маларыцкія старажытнасці

Мікалай Баліцэвіч – чалавек, які сур’ёзна цікавіцца   мінулым роднага краю, займаецца яго вывучэннем.  Ён скончыў Лукаўскую сярэднюю школу, затым — Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію і Маскоўскі юрыдычны інстытут, працаваў на прадпрыемствах і ва ўстановах Маларыцкага раёна: інжынерам-тэхнолагам у Маларыцкай райсельгастэхніцы, галоўным інжынерам міжкалгаснага прадпрыемства па нарыхтоўцы кармоў (МПНК) “Лукаўскае” (існавала ў 1978 – 1983 гг.), сакратаром і старшынёй Лукаўскага сельскага Савета, дырэктарам Забалацкай базавай школы. З 2000-га і да верасня 2016 г.быў настаўнікам гісторыі Лукаўскай сярэдняй школы. Цяпер — пенсіянер.

Мікалай Васільевіч — аўтар многіх краязнаўчых выданняў: “Гісторыя Лукаўскай царквы” (2012), “Увосень 1974: стыхія і людзі” (2013), “Маларытчына: страчаная спадчына” (2014), “Маларытчына ў 1930-я гады: па матэрыялах польскіх крыніц”(2015). Аддзел бібліятэчнага марке­тынгу Маларыцкай раённай біб­ліятэкі выдаў яшчэ адну кнігу Мікалая Баліцэвіча — “Маларыцкія старажытнасці”.
— Бурныя падзеі мінулых ста­годдзяў не абышлі і Маларытчыну, — піша Мікалай Васільевіч ва ўводзінах да кнігі. – Гэта прывяло да таго, што многія гістарычныя і археалагічныя помнікі і каштоўнасці, якія знаходзіліся на тэрыторыі раёна, былі беззваротна страчаны. Таму аднаўленне гістарычнай памяці, выхаванне духоўнасці, патрыятызму з’яўляецца важнай і актуальнай задачай сённяшняга дня.
На тэрыторыі Маларыцкага раёна амаль не праводзіліся ар­хеа­лагічныя раскопкі, а яго вывучэнне ажыццяўлялася эпізадычна, шляхам паверхневых разведак і шурфовак. Аднак археолагамі, якія ў розны час даследавалі месцы старажытных паселішчаў, знойдзена шмат розных прадметаў старажытнасці, якія цяпер знаходзяцца ў асноўным у інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, а таксама ў некаторых музеях. Мы нават не ведаем, якія прадметы археалогіі ёсць на Маларытчыне, бо раённага краязнаўчага музея няма. Няма і адзінай базы дадзеных пра знаходкі, якія захоўваюцца ў музеях устаноў адукацыі раёна. Між іншым, цяпер некаторыя археалагічныя знаходкі старажытнасці ёсць у Арэхаўскай, Олтушскай, Лукаўскай, Макранскай, Радзежскай сярэдніх школах, Мельніцкай і Пажэжынскай базавых школах, раённай гімназіі.
Краязнаўчае выданне “Мала­рыцкія старажытнасці” Мікалая Баліцэвіча складаецца з наступных раздзелаў: “Археалагічная карта Гродненскай губерні: кароткая характарыстыка і матэрыялы пра Маларытчыну”, “З гісторыі археалагічных знаходак на Маларытчыне”, “Археалагічныя знаходкі на тэрыторыі Маларыцкага раёна – музейныя прадметы Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея”, “Маларыцкія старажытнасці ў Польшчы”, “Археалагічныя рэчы старажытнасці, якія знаходзяцца на тэрыторыі раёна”, “Камяні (валуны)”, “Усё пра Дарапеевіцкі камень-крыж”.
У “Заключэнні” сваёй кнігі Міка­лай Баліцэвіч адзначае:
— Археалагічная спадчына Маларытчыны даволі значная, аднак у гістарычнай літаратуры, акрамя кнігі “Памяць. Маларыцкі раён”, яна амаль нідзе не згадваецца. Напрыклад, у фундаментальнай 4-томнай працы “Археалогія Беларусі” інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук у томе 1 (Каменны і бронзавы вякі, 1997г.) Маларытчына ўпамінаецца толькі адзін раз на старонцы 305: “Вядомы паасобныя выпадковыя знаходкі чаранковых лістападобных нака­нечнікаў дроцікаў з двухбаковай апрацоўкаю (Лемяшэвічы, Маларыта)…” Няма ніякіх упамінанняў пра Маларытчыну і на 700 старонках энцыклапедыі “Археалогія і нумізматыка Беларусі” (1993г.). З кнігі Л.Д.Побаля “Старажытнасці Беларусі ў музеях Польшчы” даведваемся, якія археалагічныя знаходкі з Маларытчыны знахо­дзяцца ў Польшчы. У выніку даследавання вопісу археалагічных музейных прадметаў Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея мы маем канкрэтную інфармацыю пра 57 старажытных прадметаў з тэрыторыі Маларыцкага раёна. І, нарэшце, у нас ёсць інфармацыя аб археалагічных знаходках, якія знаходзяцца ў цяперашні час у некаторых установах адукацыі раёна.
Якія ж вывады робіць Мікалай Баліцэвіч? Яны наступныя.
— У гістарычнай літаратуры, іншых даступных крыніцах недастаткова звестак пра археалагічную спадчыну Маларытчыны, — піша Мікалай Васільевіч, — бо вынікі археалагічных даследаванняў на тэрыторыі раёна, праведзеныя В.Ф.Ісаенка і іншымі археолагамі ў 1960-1990-я гады, нідзе не апублікаваны. Неабходна стварыць адзіную базу дадзеных аб асноўных археалагічных знаходках на Маларытчыне, якія знахо­дзяцца як на тэрыторыі раёна, так і за яго межамі.
Мікалай Баліцэвіч таксама перакананы, што стварэнне Маларыцкага раённага гісторыка-краязнаўчага музея – неабходнасць, якая даўно наспела.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Мікалай Васілье­віч Баліцэвіч са сваім новым краязнаўчым выданнем.

Опубликовано ГЧ №29 от 12.04.17г.

Добавить комментарий


что такое ценная бумага

хедж фонд вход

www.profvest.com/2017/08/investellect-otzivi-obzor.html
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!