Рэха абыякавасці

У калідоры ля кабінета, дзе павінна было праходзіць сумеснае пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх і раённага каардынацыйнага савета па выкананні Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 18, — шматлюдна, але на здзіўленне ціха. Падлеткі, іх бацькі, прадстаўнікі школ чакалі сваёй “чаргі”. Праходзячы міма, прадчувала, што давядзецца пачуць шмат сумных і ў той жа час павучальных гісторый. І не проста пачуць, але і данесці да чытача, каб, прачытаўшы іх, многія маглі ў чарговы раз задумацца аб тым, што “добра”, а што “дрэнна”.

Праблемы – сілай?
…Яны былі суседзямі па пакоі ў інтэрнаце. Добрыя адносіны паміж юнакамі – навучэнцамі ліцэя неяк адразу не склаліся ці, можна сказаць, склаліся, але няправільна. Адзін любіў “кіраваць”, а другому, вядома, не падабалася падпарадкоўвацца. Калі абраная непаўналетнім А. “ахвяра” выказала сваё не­здавальненне, узніклі канфлікты, якія заканчваліся бойкай. Правакуючы чарговую з іх, А., ударыў свайго суседа нажом, у выніку чаго той атрымаў лёккія цялесныя пакалечанні. Нож, як тлумачыў юнак, проста быў у яго ў руках. Раззлаваўшыся, ён кінуў халодную зброю, і тая трапіла аднагрупніку ў нагу. Усё абышлося лёгкім цялесным пакалечаннем, але вынік мог бы быць куды больш сумным. За такі ўчынак падлетак, паводзіны якога, дарэчы , ужо не першы раз разглядала камісія, панёс пакаранне – штраф у памеры 13 базавых велічынь. Але сутнасць не ў пакаранні, а ў тым, ці зразумеў ён, што такія паводзіны далёкія ад юнацкіх жартаў?
Можна было б зноў паразважаць аб прычынах падлеткавай жорсткасці. Іх шмат. Яны — і ў сямейных узаемаадносінах, і ў той атмасферы, у якой вырастае чалавек, і ў соцыуме, у які трапляе. Але колькі б ні было меркаванняў, відавочна адно: той, хто не навучыўся вырашаць свае жыццёвыя праблемы розумам, вырашае іх сілай. Нізкія адзнакі, частыя пропускі заняткаў, адсутнасць інтарэсу не толькі да ведаў, але нават да абранай прафесіі… Чым кампенсаваць усё гэта? Лягчэй за ўсё сілай над слабым. І лепшая глеба для такіх паводзін – беспакаранасць.
“Хацеў кінуць
курыць…”
Непаўналетняга М. за­тры­малі на чыгуначным вакзале ў Брэсце. У яго выявілі 430 грамаў “насвая” (некурыцельнага тытунёвага вырабу, у састаў якога ўваходзяць тытунь, мел і гашаная вапна), які падлетак купіў на рынку. Ён тлумачыў, што набыў сумесь для сябе і з яе дапамогай збіраўся пазбавіцца ад тытунёвай залежнасці. Такі адказ даволі знаёмы тым, хто сутыкаўся з падобнымі выпадкамі. Спецыялістам добра вядома, якую шкоду арганізму наносіць падобная сумесь. Падлеткі “купляюцца” на магчымасць адчуць стан расслабленасці, эйфарыі, галавакружэння. Але зусім не задумваюцца, што прэпарат, які ўплывае на арганізм з-за таго, што пад уздзеяннем вапны змяняецца кіслотнасць і павялічваецца ўсмоктванне нікаціну ў кроў праз слізістую абалонку ротавай поласці, негатыўна ўздзейнічае як на фізічнае, так і на псіхічнае здароўе, бо выклікае дэзарыентацыю нярвовай сістэмы. Нярэдка развіваюцца рак слізістай абалонкі, такія захворванні, як гастрыт, язва, парадантоз, гепатыт. Аб усім гэтым папулярна тлумачыў падлетку і яго маме, якую выклікалі на пасяджэнне камісіі разам з сынам, раённы педыятр Віталь Тычынскі.
Гэтая гісторыя – нагода ўсім бацькам яшчэ больш уважліва прыглядзецца да сваіх дзяцей: іх паводзін, звычак, асяродку зносін. Ды і не толькі прыглядзецца, але і знайсці час пагутарыць “па душах”. Да шкодных звычак, як сцвярджаюць спецыялісты, часцей за ўсё прызвычайваюцца тыя, хто трапляе ў неспрыяльную атмасферу. На жаль, вельмі часта дзіця атрымлівае негатыў менавіта ў сям’і. І кампенсуе адсутнасць бацькоўскай увагі ў кампаніі сяброў.
Начны велапрабег
У той дзень у доме была свежына. Дарослыя займаліся справамі, ніхто і не звяртаў увагу, дзе знаходзіцца трынаццацігадовы сын. А ён тым часам узяў веласіпед і адправіўся з вёскі Дворышча ў Хаціслаў на дыскатэку. Гадзіну патраціў на дарогу, але насалодзіцца “дарослым жыццём”, можна сказаць, не паспеў. У 0.45 ля сельскага ДК яго спынілі супрацоўнікі міліцыі. Менавіта ад іх бацькі даведаліся, што сын не дома.
— Як вы, бацькі, маглі быць спакойнымі, калі ўначы вашага непаўналетняга сына няма дома?- пыталіся члены камісіі, спрабуючы вы­светліць прычыны.
Адказ проста збянтэжыў:
— Было шмат работы, не да таго, каб глядзець, дзе сын.
Цікаўнасць хлопца да такой начной прагулкі зразумець можна. У падлеткавым узросце усім хочацца хутчэй стаць дарослымі, пазнаць тое, што яшчэ невядома. А вось як зразумець бацькоў, якія і не падумалі ўвечары зайсці ў пакой сына, першымі забіць трывогу, убачыўшы, што іх дзіцяці няма дома? Ноч, дарога, розныя кампаніі на дыскатэцы… Усё гэта тоіць небяспеку. І першыя, хто павінен засцерагчы дзіця ад усіх небяспечных фактараў, – гэта бацькі. І абыякавасць тут роўная злачыннасці.
Калі
не застаецца слоў
Практычна на кожнае пасяджэнне камісіі запрашаюцца для прафілактычнай гутаркі сем’і, дзе клімат для выхавання дзяцей настолькі неспрыяльны, што даводзіцца ставіць пытанне рубам: альбо бацькі выкарыстаюць апошні шанц змяніць сітуацыю, альбо будзе прызнана, што дзецям неабходна абарона дзяржавы і іх забяруць з сям’і. І на гэты раз давялося выслухаць нямала невясёлых гісторый. У адной сям’і тата і мама ніяк не могуць наладзіць узаемаадносіны, і дзіця становіцца прадметам маніпуляцый, у другой – прычына ўсіх праблем – гарэлка. Добра падпіўшы, тата ўспамінае пра неабход­насць“выхавання” дзяцей, прычым не словам, а рэменем, у трэцяй, — здавалася б, нядрэнныя бацькі, якія не злоўжываюць алкаголем, але вельмі абыякавыя да парадку. І самая асноўная праблема, што ў сям’і, дзе выхоўваецца шасцёра дзяцей, вялікая (за 4 тысячы кілават) запазычанасць за электраэнергію. Бацькі, якія былі папярэджаны аб тым, што пасля адключэння ў доме электрычнасці дзяцей з сям’і забяруць, паабяцалі неадкладна паступова пагашаць доўг. А вось для іншай мамы, якая так і не змагла стварыць нармальныя ўмовы для сваёй пятнаццацігадовай дачкі, папярэджанняў больш не было. Камісія прыняла рашэнне забраць дзяўчынку і накіраваць у інтэрнат.
Сродкі вяртаць
абавязаны
На каардынацыйным савеце па выкананні Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 лістапада 2006 года № 18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у неспрыяльных сем’ях” быў зроблены аналіз, як у 2016 годзе і студзені-лютым 2017 года абавязаныя асобы кампенсавалі расходы на ўтрыманне дзяцей, што знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні. На пачатак сакавіка, як адзначалася ў інфармацыях, у аддзеле прымусовага выканання Маларыцкага раёна знаходзіўся на выкананні 81 выканаўчы дакумент у адносінах 55 абавязаных асоб. Сума, якая належыла спагнанню, склала 226 тыс. рублёў. За мінулы год (па дадзеных аддзела адукацыі, спорту і турызму) вернута толькі 47,0 % грашовых сродкаў ад затрачаных. Летась у поўным аб’ёме пагасілі расходы на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні, 2 абавязаныя асобы, за перыяд з пачатку 2017 года – 1 абавязаная асоба.
Каб дабіцца большага пагашэння запазычанасці грашовых сродкаў, адзначалася ў час абмеркавання пытання, адказныя работнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму штомесяц адпраўлялі паведамленні ў суды Рэспублікі Беларусь і наймальнікам, інфармавалі іх аб сітуацыі з кампенсацыяй доўгу, аналізавалі памер заработнай платы і накіроўвалі просьбы аб перапрацаўладкаванні абавязаных асоб. Механізм работы па рэалізацыі Дэкрэта наладжаны і працуе.

Святлана
МАКСІМУК.

Опубликовано Гч № 29 от 12.04.17 г.

Добавить комментарий


www.monaliza.kiev.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!