Садзейнічаць тым, хто жадае працаваць

Працаўладкаваць усіх, хто мае патрэбу ў рабоце, да 1 мая – канкрэтнае даручэнне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Стварэнне новых працоўных месцаў, развіццё малога бізнесу, накіраванне беспрацоўных на сезонныя і аплачваемыя грамадскія работы, як часовая мера падтрымкі, калі вакансій згодна з іх кваліфікацыяй не зной-дзецца на працоўным рынку, – у гэтым бачыць выйсце Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі. Карэспандэнт райгазеты высвятляла, якія меры па выкананні даручэння кіраўніка дзяржавы распрацаваны і прымаюцца райвыканкамам, упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.  

Распараджэннем райвыканкама ад 20 сакавіка было створана 8 рабочых груп, у склад якіх увайшлі 32 чалавекі. Іх задачай было выявіць беспрацоўных і грамадзян, якія не працуюць і жывуць у раёне. Для гэтага да 29 сакавіка рабочыя групы апыталі больш за 1350 жыхароў раёна, у тым ліку тых, хто трапіў пад дзеянне Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”.
— Рабочыя групы праца­валі ў горадзе, работу з насельніцтвам у сельскай мясцовасці правялі сельвыканкамы. Было вызначана 220 грамадзян, якія цяпер не працуюць, але жадаюць знайсці работу. У іх мы цікавіліся не толькі кваліфікацыяй, але і вакансіямі, якія маглі б ім падысці. У асноўным гэта людзі без вышэйшай і сярэдне-спецыяльнай адукацыі ці тыя, хто даўно страціў сваю прафесійную кваліфікацыю. Запатрабаваныя сярод іх вакансіі – гэта падсобны рабочы, грузчык, вартаўнік, бетоншчык, вахцёр, памочнік выхавальніка і гэтак далей, — каменціруе Таццяна Хатынюк, начальнік аддзела занятасці ўпраўлення па працы,занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.
Апытанне таксама паказала, што многія з тых, хто ў 2015 годзе не пра­цаваў, а таму трапіў у спісы беспрацоўных згод­на з Дэкрэтам № 3 , цяпер працаўладкаваны. Та­кіх больш за 270 чалавек. 158 жыхароў раёна пра­цуюць за межамі Рэспублікі Беларусь. 13 – займаюцца вырошчваннем прадукцыі раслінаводства ці жывёлагадоўляй. 220 чалавек па месцы жыхарст­ва не пражываюць і звязацца з імі не атрымалася. Чацвёра юнакоў цяпер праходзяць службу ва Узброеных Сілах, восем чалавек атрымліваюць адукацыю ў навучальных установах, 24 чалавекі пенсійнага ўжо ўзросту. Атрымліваюць дапамогі па догляду за інвалідамі і састарэлымі людзьмі 10 жыхароў раёна. 382 чалавекі ўвайшлі ў катэгорыю “іншыя”. Сярод іх людзі, якія па стану здароўя не могуць працаваць, жанчыны, што знаходзяцца ў дэкрэтным водпуску, а таксама тыя, хто адмовіўся, каб яму дапамаглі з працаўладкаваннем.
Шляхам простых арыфметычных падлікаў складаем лічбы: 220 чалавек, якіх дапамаглі выявіць апытанні, з колькасцю зарэгістраваных беспрацоўных (іх на ўліку 146) — атрымліваем 366. Менавіта столькі жыхароў раёна цяпер маюць патрэбу ў працаўладкаванні.
29 сакавіка быў распрацаваны і зацверджаны старшынёй райвыканкама Мікалаем Шумам план мерапрыемстваў па выкананні даручэння Прэзідэнта. Ім вызначаны шэраг прадпрыемстваў і арганізацый, куды могуць працаўладкавацца тыя, хто жадае знайсці работу, колькасць грамадзян, якіх трэба ўладкаваць на працу, а таксама адказныя службовыя асобы за выкананне плана. 30 сакавіка вызначана 10 прадпрыемстваў, на базе якіх арганізоўваюцца аплачваемыя грамадскія работы, у тым ліку тыя, якія фінансуюцца Фондам са­­цыяль­най абароны на­сельніцтва. На тэрыторыі 10 адміністратыўна-тэры­тарыяльных адзінак адкрыты пункты, якія штодзённа накіроўваюць на гэтыя работы.
Сярод мерапрыемстваў па садзейнічанні ў занятасці людзей на бліжэйшы час вызначаны дзевяць. На існуючыя вакансіі будуць працаўладкаваны 136, на сезонныя работы накіруюць 25 чалавек. За кошт стварэння новых прадпрыемстваў на новыя працоўныя месцы ўладкуюць семярых грамадзян. Будуць створаны 36 рабочых месцаў у сферы малога бізнесу. Больш за 60 чалавек прымуць удзел у аплачваемых грамадскіх работах. Беспрацоўным будзе выдадзена 3 суб­сідыі для арганізацыі прад­прымальніцкай дзей­насці, на навучанне накіруюць 6 чалавек. Будуць прыняты і іншыя меры, каб кожны, хто жадае і можа працаваць, быў забяспечаны работай.
Дар’я ПАЎЛЯНКОВА.

Опубликовано ГЧ № 30 от 15.04.17 г.

Добавить комментарий


www.monaliza.kiev.ua

мастерон
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!