Вяртанне дамоў

Кожны раз, калі надыходзіць Вялікдзень, у памяці ўсплываюць радасныя малюнкі дзяцінства. І зноў і зноў у думках вяртаешся туды, дзе цябе шчыра любілі, прымалі такім, які ёсць, дзе заўсёды чакалі і з надзеяй на ўсё добрае праводзілі, — у бацькоўскі дом. 

Як святлела ў нашай не новай, але такой ўтульнай драўлянай хаце ў тыя перадсвяточныя дні! Ад выфарбаваных сцен, столі, ад бялюткіх і прыгожых цюляў і фіранак на вокнах, пашытых і выбітых мамай рознымі малюнкамі на швейнай машынцы; ад новых дарожак, пакрывалаў і ручнікоў, якія яна ж з любоўю ткала і вышывала яшчэ задоўга да свята; ад чысцютка вымытай і выпрасаванай пасцельнай бялізны; ад мноства пакаёвых кветак, якім да таго часу паспявалі надаць другое жыццё і якія так удала дапаўнялі ружы, гваздзікі, бэз, валошкі і рамонкі на вышытых і развешаных на сценах карцінах. А які непаўторны водар напаўняў хату ў суботу, напярэдадні свята! Сліну глытаў ад духмяных пірагоў, студня, толькі што разлітага ў міскі і аздобленага часнаком. Яшчэ большы апетыт наганяла мяса, якое мама даставала з печы, каб праверыць, ці запеклася. Мы, чацвёра, наперагонкі беглі ў агарод, каб накапаць, а затым начысціць хрэн, які абавязкова трэба каб быў на святочным стале і з якім яшчэ смачнейшым было мяса.
Не маглі ніяк дачакацца, калі ж мама прымецца яшчэ за адну працэдуру — фарбаванне яек. Яна звычайна была апошняй у падрыхтоўцы да свята. І мы любілі назіраць, як такі просты прыродны матэрыял, шалупінне цыбулі, пераўтварае звычайнае белае яйка ў маляўнічае.
Ну а ў нядзелю, прачнуўшыся раным-ранюсенька, з нецярпеннем чакалі, калі ж мама, адпачыўшы пасля ўсяночнай службы, выдасць абноўкі, якія кожнаму з нас шыла спецыяльна да свята, каб пакрасавацца ў іх перад люстэркам, пачне накрываць на стол, каб хутчэй адведаць высвечаную велікодную спажыву, удосталь наесціся згатаванай напярэдадні свята смакаты. А затым, напакаваўшы ва ўсе кішэні, якія былі ў новых сукенках ці штанах, велікодныя яйкі, імчалі ў цэнтр вёскі. Якое ж свята Вялікадня, калі ты не сустрэўся са сваімі сяброўкамі і сябрамі і не “пабіўся” з імі яйкамі!? Найбольш шанцавала старэйшай сястры, Зоі: яна звычайна вярталася дадому з большай колькасцю яек, чым брала з сабою, бо “баі” выйгравала. Я ж у большасці вы­падкаў — з пустымі рукамі. Ну ніяк не атрымлівалася “выйграць” хоць бы адно яйка. Як правіла, “прайгравала” ўсе свае.
Вёска ў тыя святочныя дні трыумфавала. Дома не сядзелі не толькі мы, дзеці, але і дарослыя. Праведаўшы сваякоў, кумаў, усе збіраліся ў цэнтры, каб ра-зам павесяліцца. Балазе, было тады сярод аднавяскоўцаў нямала добрых спявачак і спевакоў, самавучак-гарманістаў і баяністаў, якія любілі зараджаць і весяліць вясковую публіку. Чаго быў варты толькі адзін дзядзька Мікалай, якому хлеба не давай, а баян — абавязкова. Віртуоз-самавучка сваімі заўзятасцю і запалам мог, як гавораць, мёртвага развесяліць. А тым больш — на свята, якое, няма чаго граху таіць, у вяскоўцаў ніколі не абыходзілася без 100 грамаў — сваёй, чысценькай, натуральнай 40-градуснай.
Мы, малыя, пераймаючы дзядзь­коў і цётак, якія ўмела валь­савалі, круціліся ў “польцы” ці адбівалі “цыганачку”пад музыку дзядзькі Мікалая, самі пускаліся ў скокі. І, расчырванеўшыся, адыходзілі ўбок, каб не перашкаджаць дарослым. Не чуючы ног вярталіся дамоў.
І няхай мы тады не разумелі значэнне гэтага вялікага свята, яго адчувалі душой. Яна неяк пераўтваралася яшчэ задоўга да Вялікадня, супакойвалася, святлела з кожным днём, багацела ад дабра, што было навокал, напаўнялася радасцю, ад якой увесь свет здаваўся неапісальна прыгожым.
Ірына
КАСЦЕВІЧ.

Опубликовано ГЧ № 30 от 15.04.17г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!