Тэатральны “Шанц”

Заснавальнікам, нязменным кіраўніком, рэжысёрам, пастаноўшчыкам, сцэнарыстам і ідэйным натхняльнікам платнай тэатральнай студыі «Шанц» з’яўляецца Вольга Жыльцова. Гісторыя “Шанца” пачыналася ў 2011г. з драматычнага гуртка, удзельнікі якога спрабавалі свае акцёрскія здольнасці ў невялікіх пастаноўках. Цяпер у тэатральнай студыі заняткі арганізаваны ў 2 узроставых групах. У адной з іх займаецца 12 хлопчыкаў і дзяўчынак ад 5 да 8 гадоў, у другой – 7 юнакоў і дзяўчат 12-18 гадоў.

– Асноўнай мэтай дзейнасці тэатральнай студыі з’яўляецца выяўленне таленавітых дзяцей, стварэнне ўмоў для развіцця іх здольнасцей — кажа Вольга Паўлаўна. — Значная ўвага надаецца раскрыццю ўнутранага свету дзіцяці, развіццю яго творчага патэнцыялу.
Нядаўна на суд вучняў устаноў адукацыі Маларыты тэатральная студыя “Шанц” прапанавала прэм’ерны паказ спектакля “Навучыце мяне плакаць”. Пастаноўку сустрэлі на біс. Яна падрыхтавана паводле п’есы расійскага драматурга Вольгі Шырэнавай “Казкі скрозь камяні”. Пастаноўка Вольгай Жыльцовай была адаптавана да рэалій нашага жыцця. Сутнасць сюжэту пастаноўкі ў тым, што падлеткі, якія знаходзяцца ў стане асобаснага крызісу, трапляюць у прыватную псіхалагічную клініку. Тут доктар, ролю якой іграе Вольга Паўлаўна, спрабуе нестандартнымі метадамі вывесці дзяцей з гэтага небяспечнага стану.
Асаблівасць п’есы ў тым, што адзінай дэкарацыяй на сцэне з’яўляюцца крэслы. Гэта надае спектаклю незвычайнасць, увасабляе яе ідэю. Рэальнасць і выдумка так цесна пераплецены ў гэтай п’есе, што ў некаторых з тых, хто сядзеў у зале, узнікала жаданне выйсці на сцэну, каб стаць удзельнікам падзей. Пастаноўка трымае гледачоў у напружанні ад пачатку да канца, прымушае задумацца над сваімі паводзінамі і ўчынкамі. Добра было б, каб дзеці паглядзелі гэтую п’есу разам са сваімі бацькамі. Магчыма, тады яны лепш разумелі б сваіх сыноў і дачок, іх перажыванні, унутраны свет. П’еса спрабуе даць адказы на пытанні, чаму дзеці замыкаюцца ў сабе, чаму вуліца становіцца іх лепшым сябрам…
Малодшая група тэатральнай студыі “Шанц” таксама ўжо завяршыла рэпетыцыі над спектаклем “Залатое правіла”. Гэтая павучальная казачная пастаноўка пра сяброўства, значнасць дапамогі адзін аднаму.
— Вольга Паўлаўна, чаму тэатральнай студыі, якой кіруеце, далі назву «Шанц»?
— Кожны, хто прыходзіць на заняткі ў “Шанц”, мае шанц апынуцца ў атмасферы творчасці і натхнення, зрабіць першы крок да прафесіі акцёра. Прыемна пераконвацца, як мае студыйцы паступова з нявопытных навічкоў становяцца аматарамі сцэны. Думаю, што іх прафесійны рост на гэтым не спыніцца. У маіх юных акцёраў, пераканана, з’явіцца шанц выступаць на сцэнах сталічных тэатраў.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Вольга Жыльцова са старэйшай групай тэатральнай студыі “Шанц”.
Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 30 от 15.04.17 г.

Добавить комментарий


www.medicaments-24.com

steroid-pharm.com

www.topobzor.info/stilnyj-meizu-u10/
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!