“Мы выбіраем, нас выбіраюць…”

“Мы выбіраем, нас выбіраюць …” Калі ўлічваць сітуацыю, што склалася на працоўным рынку, гэтыя радкі асабліва актуальныя. Вакансіі ў раёне ёсць, іх больш за сотню, але каб уладкавацца на іх, патрэбны спецыяльная кваліфікацыя ці вопыт работы. А саіскальнікамі ў вялікай колькасці выпадкаў выступаюць людзі без профільнай адукацыі ці тыя, хто ўжо страціў прафесійныя навыкі, а таксама прадстаўнікі прафесій, якія цяпер не запатрабаваны на рынку працы Маларытчыны. Для таго, каб дапамагчы і работадаўцам, і беспрацоўным, якія шукаюць работу, наладзіць кантакт, у раёне на базе райвыканкама прайшоў кірмаш вакансій. Яго наведалі каля 80 маларытчан, якія жадаюць знайсці працоўнае месца.

На сустрэчу з патэн­цыяльнымі работнікамі прый­­шлі прадстаўнікі ПМК-20, КУШВП ЖКГ “Маларыцкая ЖКГ”, ДзЛГУ “Маларыцкі лясгас”, цэнтральнай раённай бальніцы, райспажыўтаварыства і ААТ “Маларыцкі кансерва­вагароднінасушыльны камбінат”. Нехта з іх, як напрыклад, прадстаўніцы райспажыўтаварыства, пра­панавалі з дзясятак рэальных вакансій. У асноўным ім патрэбны прадаўцы-бу­фетчыкі для працы ў летніх кафэ, на рынку ў Брэсце, гандлю квасам і марожаным. Але прадаўцоў сярод тых, хто прыйшоў на кірмаш, было не шмат. Галоўны плюс кірмашоў вакансій, а яны сёлета пройдуць ва ўсіх гарадах рэспублікі, у тым, што саіскальнікі працы маюць магчымасць адначасова сустрэцца з некалькімі прадстаўнікамі кадравых служб, прапанаваць свае прафесійныя веды, на­выкі і атрымаць варыянт працаўладкавання. І нават калі ў арганізацыях цяпер няма патрэбных вакансій, можна запісацца ў рэзерв, пакінуць свае кантактныя дадзеныя, па якіх работадаўцы змогуць звязацца, калі будзе неабходна.
Цэлая чарга з патэнцыяль­ных работнікаў сабралася ля прадстаўніка жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Гэтае прадпрыемства шмат­­профільнае, для выканання некаторых відаў работ не трэба валодаць спецыфічнымі навыкамі. Таму, як гаворыцца, “на аловак” узялі кантакты многіх. Адзін з саіскальнікаў адразу атрымаў работу. Прадстаўнік Маларыцкага лясгаса паведаміла, што ў іх арганізацыі запатрабаваны вальшчыкі лесу і леснікі з профільнай лясной адукацыяй. Калі, каб стаць лесніком, трэба абавязкова атрымліваць спецыяльную адукацыю, дык прафесію “вальшчык лесу” можна засвоіць усяго за некалькі месяцаў. На такое навучанне беспрацоўных накіроўвае ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Шмат вакансій было ў прадстаўніка райбальніцы. Патрэбны 11 ўрачоў і спе­цыялістаў сярэдне-спе­цыяльнага профілю: фельчары, памочнікі ўрача, медыцынскія сёстры. Але сярод прысутных з такой адукацыяй нікога не знайшлося. Беспрацоўных цікавіла, ці ёсць магчымасць уладкавацца санітаркай ці на іншыя рабочыя спе­цыяльнасці, але такіх свабодных вакансій пакуль няма. Тых, хто жадае працаваць, прадстаўнік аддзела кадраў таксама запісала ў запас. Больш усяго накіраванняў на працу атрымалі ў час кірмашу вакансій беспрацоўныя ад ПМК-20. Знайсці работу змаглі кваліфікаваныя бетоншчыкі і муляр, іншых, у каго няма ніякай кваліфікацыі, узялі пад­собнымі рабочымі.
Жанчын, якія жадаюць уладкавацца на сезонныя работы на перыяд нарыхтоўкі і перапрацоўкі сыравіны 2017 года, шукала прадстаўніца Маларыцкага кансерва­вагароднінасушыльнага камбіната. Маладыя жанчыны ахвотна згадзіліся выкарыстаць магчымасць падзарабіць летам.
Акрамя зносін з патэн­цыяль­­нымі наймальні­камі, у саіскальнікаў была магчымасць даведацца ў спецыялістаў аддзела занятасці аб усіх месцах працы, праграмах перанавучання, іншых варыянтах садзейнічання ў пра­цаўладкаванні. Таццяна Хатынюк, начальнік аддзела занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, анансіравала курсы навучання бетоншчыкаў, якія плануецца ўвесці ў Маларыцкім дзяржаўным прафесійным ліцэі сельскагаспадарчай вытворчасці. Так людзі без прафесійнай адукацыі, не выязджаючы за межы раёна, змогуць набыць запатрабаваную спецыяльнасць. Жадаючыя прайсці навучанне атрымалі адказы на пытанні, якія іх цікавілі, і змаглі папярэдне запісацца ў групу.
І хоць з кірмашу вакансій далёка не ўсе пайшлі з “работай у кішэні”. Але ў час яго 10 беспрацоўных змаглі атрымаць накіраванні на працу. Палова ад прысутных пакінула свае кантактныя дадзеныя спецыялістам па кадрах маларыцкіх прад­прыемстваў і арганізацый. Іншыя прыйшлі, каб падрабязней даведацца аб магчымасці арганізаваць прадпрымальніцкую дзейнасць, і такую кансультацыю атрымалі ад спецыялістаў аддзела занятасці.
Дар’я ПАЎЛЯНКОВА.

На здымку: у час кірмашу вакансій.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ № 31 от 19.04.17 г.

Добавить комментарий


эко сумки

пептиды

подробно salon-svadebny.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!