Гульні, якія лепш не ведаць…

Жахлівыя звесткі аб падлеткавых самазабойствах з’яўляюцца ў стужцы навін усё часцей. І гэта не можа не выклікаць трывогу. Раней на такую тэму, як дзіцячы суіцыд, гаварылі рэдка. Сёння гэта стала амаль што надзённай праблемай. Якія фактары ўплываюць на жаданне дзіцяці пайсці з жыцця? Што садзейнічае такому ўчынку? Якія меры неабходна прымаць, каб пазбегнуць гэтай страшнай праблемы? Аб усім гэтым ішла размова на семінары “Сацыяльна-педагагічная і псіхалагічная прафілактыка суіцыдальных з’яў у адукацыйным асяродку”, які арганізаваў для педагогаў-псіхолагаў і сацыяльных педагогаў раённы сацыяльна-педагагічны Цэнтр.

Па дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя колькасць смерцяў ад суіцыду ў свеце дасягае каля мільёна ў год, адзначала, адкрываючы семінар, дырэктар Маларыцкага раённага сацыяльна-пе­дагагічнага цэнтра Вольга Барысюк. Летась толькі ў Брэсцкай вобласці пад­леткамі было ўчынена 8 самазабойстваў і 45 спроб добраахвотна пайсці з жыцця. Засцерагчы дзіця ад страшнага кроку здольна ўвага бацькоў і педагогаў. Але прыйсці на дапамогу можа той, хто ведае, дзе з’явілася праблема, умее своечасова яе заўважыць. Каб спецыялісты, якія працуюць у школах, былі, як гаворыцца, у тэме, падзяліцца з удзельнікамі семінара карыснай інфармацыяй арганізатары запрасілі ўрача-псіхатэрапеўта раённай бальніцы Ірыну Харунжую.
Сваё выступленне па тэме пад­леткавага самазабойства Ірына Станіславаўна пачала з канкрэтных пры­кладаў суіцыду ці па­расуіцыду (калі самазабойства не было завершана). У кожным з іх — свая трагічная гісторыя, прычына якой, у большасці выпадкаў, агульная – спроба дзіцяці “дастукацца” да сэрцаў самых дарагіх людзей – бацькоў. Гэтыя расказы падвялі да лагічнага пытання: чаму ў дзяцей, многія з якіх жывуць у даволі спрыяльных сем’ях, узнікае думка аб суіцыдзе? Часцей за ўсё, як адзначалася ў выступленні, у дзяцей фармальнае веданне смерці. Яны не разумеюць, што будзе пасля самазабойства, і лічаць, што сваім учынкам выклікаюць увагу бацькоў, “растопяць” іх сэрцы, прымусяць выканаць нешта, а потым, як спадзяюцца, будзе усё добра. Бывае спроба суіцыду — свайго роду маніпуляцыя, жаданне атрымаць нешта. Але перайграная дэманстрацыя можа стаць трагедыяй. А яшчэ любы канфлікт для дзіцяці мае асаблівую значнасць. Тое, што даросламу здаецца дробяззю, для дзіцяці іншы раз невырашальная праблема, сітуацыя, з якой ён самастойна не можа знайсці выйсце. А значыць, і бацькам дома, і настаўнікам, выхавальнікам, псіхолагам у школе трэба быць уважлівымі да слоў і паводзін падлетка, асабліва, калі ёсць яўныя фактары рызыкі. Сярод іх псіхатэрапеўт назвала такія, як ранейшы вопыт самазабойства ў сям’і, канфлікты з равеснікамі, настаўнікамі, непрыняцце ў калектыве, выхаванне ў сям’і, дзе неспрыяльная атмасфера, прысутнічае насілле, а таксама няўменне выйсці са складаных сітуацый. Пазбяганне праблем, самапакаранне і пачуццё віны, помста таму, хто пакрыўдзіў, ці выказванне кахання, калі яно без узаемнасці, – асноўныя прычыны, якія становяцца штуршком да суіцыду.
Што нельга рабіць, калі падлетак яўна выказвае жаданне ўчыніць самаза­бойства? На гэтым у сваім выступленні Ірына Харунжая спынілася асобна. Па-першае, як раіла псі­хатэрапеўт, не трэба ўсту­паць у спрэчку, абяцаць адразу вырашыць праблему; па-другое, важна не даваць парады, аб якіх не просяць, не гаварыць, што пачуцці малазначныя, не канцэнтраваць увагу на сваіх праблемах, выключыць з размовы фразы : “Падумай, наколькі іншым больш цяжка, чым табе”, “Ты павінен быць удзячны лёсу…”. Проста трэба старацца вывесці падлетка на размову, каб зразумець яго матывацыю і разам адшукаць альтэрнатыўныя варыянты вырашэння праблемы.
Увагу ўдзельнікаў семі­нара псіхатэрапеўт сканцэнтравала на тых прыкметах суіцыдальнага настрою, якія трэба ўмець заўважаць не толькі бацькам, але і ўсім, хто працуе ў дзіцячым калектыве. А гэта частыя змяненні ў настроі падлеткаў, абыякавыя адносіны да вучобы, пропускі заняткаў (калі гэтага не было раней), зніжэнне ўвагі да свайго знешняга выгляду, размовы аб адсутнасці сэнсу жыцця, акцэнт на вершах, дзе гучыць тэма развітання з жыццём, і самае страшнае, што можа насцярожыць, — калі дзіця прыводзіць усе справы ў парадак: аддае даўгі, імкнецца прыстроіць у “добрыя рукі” сваіх хатніх жывёлін і г.д.
Дапамагчы можна кожнаму чалавеку, адзначала, падвынікоўваючы сваё выступленне, Ірына Харунжая. Галоўнае — не заставацца абыякавым і не браць на сябе ўсю місію па аказанні дапамогі. У такіх сітуацыях важнай з’яўляецца пра­фесійная дапамога спе­цыялістаў – псіхолагаў, псіхатэрапеўтаў, псіхіятраў. Яна напомніла тэлефоны абласной экстраннай кругласутачнай дапамогі 8 (0162) 40 62 26; 8(0162) 20 15 55 і рэспубліканскія “тэлефоны даверу” для падлеткаў 8 (017) 246-03-03 і 8-801-100-16-11.
Не магла застацца без увагі і абмеркавання на семінары праблема ўплыву на падлеткаў закрытых “груп смерці”, якія адна за адной з’яўляюцца ў сацыяльных сетках. Аб гульнях, што садзейнічаюць самаразбуральным паводзінам падлеткаў, і тым, як важна своечасова прыйсці на дапамогу дзецям, якія трапілі пад уплыў падобных груп, падрабязна расказала педагог-псіхолаг сацыяльна-педагагічнага Цэнтра Валянціна Пацурай. Многім знаёмы ўжо такія назвы закрытых груп, як “Сіні кіт”, “Мора кітоў”, “Мёртвыя душы”, “Я ў гульні”, “150 зорак”, “Разбудзі мяне ў 4.20” і многія іншыя, за якімі тоіцца разбуральная сіла, што ўплывае на дзіцячую свядомасць. Схема дзейнасці ўсіх іх адна: дзяцей захапляюць спачатку бясшкоднымі заданнямі – намаляваць кіта, пайсці з урокаў, а потым прапануюць прычыняць сабе боль. Удзельнікі падобных груп асацыіруюць сябе з кітамі – высокаразвітымі жывёлінамі, якія быццам бы асэнсавана ўчыняюць масавыя самазабойствы , выкідаючыся на бераг. Здольнасць добраахвотна пайсці з жыцця прывязваецца да ўнутранай свабоды. Па правілах групы падлеткі павінны выконваць заданні і накіроўваць фота ці відэа свайму куратару. Апошняе заданне гульні – учыніць самазабойства па арганізаванаму куратарам сцэнарыю. Часта ў такія групы дзеці прыхо­дзяць проста па ўласцівай іх узросту дапытлівасці. І калі на апошнім узроўні не паддаюцца патрабаванню развітацца з жыццём, адчуваюць моцны шантаж з пагрозамі разлічыцца з іх бацькамі ці іншымі блізкімі людзьмі. У такой сітуацыі падлетак, калі своечасова не прыйсці яму на дапамогу, проста не вытрымлівае псіхалагічнага напору. Каб абараніць сваё дзіця, адзначалася ў выступленні, бацькі павінны пастаянна цікавіцца: з кім у сацыяльных сетках яно зносіцца, на якія групы падпісваецца, да якіх гульняў далучаецца.
Сваімі разважаннямі па тэме духоўна-маральнага выхавання моладзі ў сучасных умовах падзяліўся з педагогамі благачынны Маларыцкай царкоўнай акругі протаіерэй Віктар Паляціла. Дзіця, як адзначыў ён, выхоўваецца ў зносінах з бацькамі. Але мы, занятыя сваімі справамі, робім усё, каб было менш гэтых зносін. Раней дзеці з бацькамі штодня адпраўляліся ра­зам працаваць у поле. Менавіта там іх і вучылі, і выхоўвалі, і дапамагалі вырашаць ўсе праблемныя пытанні. Тэхнічны прагрэс спрасціў многае і нават самае галоўнае – зносіны бацькоў і дзяцей. Бацькі, клапоцячыся аб тым, каб дзіцяці жылося лягчэй, не прывучаюць яго да працы. Але горш за ўсё тое, што не знаходзяць і часу, каб пацікавіцца жыццём дзіцяці, навучыць яго добраму, выхаваць у сэрцы любоў і веру. У выніку, падкрэсліваў айцец Віктар, дзіця з малых гадоў вывучае свае правы, але зусім не ведае сваіх абавязкаў. Галоўная прычына ўсіх праблем — бездухоўнасць.
Удзельнікі семінара ат­рымалі памяткі “Як па­пярэдзіць дзіцячы суіцыд”, змаглі задаць спецыялістам свае пытанні.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКАХ: у час семінара.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ № 31 от 19.04.17г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.