ВЁСКА, У ЯКОЙ ХОЧАЦЦА ЖЫЦЬ

У Арэхава “прыйшоў” газ
Сёлета вёска Арэхава набывае статус аграгарадка. Тут 249 двароў. Зусім нядаўна здадзены ў эксплуатацыю 15 домікаў, узведзеных згодна з прэзідэнцкай Праграмай адра­джэння і развіцця вёскі, завяршаецца будаўніцтва яшчэ 5 такіх. А пазаўчора ў вёсцы адбылося сапраўднае свята, нават не свята, як сказаў старшыня Арэхаўскага сельвыканкама Пётр Ківачук, а гістарычная падзея, якую жыхары Арэхава вельмі чакалі, — у вёску ўрачыста быў пушчаны газ. Будаўніцтва газаправоду абышлося ў 1 мільярд рублёў.
…На новай вуліцы Садовай работнікі газавай службы падключаюць блакітнае паліва ў дамы, якія прымаюць навасёлаў. Гучыць музыка, нягледзячы на марознае надвор’е, у вяскоўцаў цудоўны настрой. Раздзяліць радасць свята прыехалі намеснік старшыні аблвыканкама Мікалай Крывецкі, старшыня райвыканкама Казімір Лапіч, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ Ніна Федарук, генеральны дырэктар “Брэстаблгазу” Яўген Шалонік і іншыя госці.
На ўрачыстай цырымоніі пуску  газу старшыня райвыканкама Казімір Лапіч сказаў, звяртаючыся да арэхаўцаў:
— Дзякуючы сацыяльнай палітыцы нашай дзяржавы, палавіна цэнтральных вёсак раёна ўжо мае прыродны газ. Сёлета мы рэалізавалі яшчэ адзін, далёка не танны, праект газіфікацыі Арэхава. Ажыццяўляць яго нам дапамагалі аблвыканкам, будаўнікі, газавікі, за што ім шчыры дзякуй. Цяпер жыццё ваша стане больш камфортным і ўтульным.
— Заўсёды прыемна бываць на такіх мерапрыемствах, бо ведаеш, што падобных выгод заўжды чакаюць у нашых вёсках. І такія падзеі адбываюцца дзякуючы моцнай уладзе краіны. Не сакрэт, сёння вакол газу нямала ўсякіх перыпетый, палітычных каніцеляў, але ж усё роўна газ “прыходзіць” на карысць людзям, — сказаў Мікалай Крывецкі.
Пра тое, што адчувалі людзі Арэхава, калі высокія госці запальвалі факел з блакітным агеньчыкам, гаварылі твары вяскоўцаў. На іх свяціліся ўсмешкі, і можна было прачытаць бязмежную падзяку дзяржаве, уладам, якія падарылі вёсцы такія даброты,  а таксама гатоўнасць канкрэтнымі справамі ў працы адказаць на гэты клопат.
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКУ: у час свята з нагоды падключэння газу ў Арэхаве.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.